Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ДАКУМЭНТЫ

Ліст да старшых Віленскага збору

Годным слугам Хрыстовым,
Міністрам і старшым Віленскага збору,
братам маім адданым і вельмі шаноўным

Тое, што вы пішаце пра імкненьне да ўзаемнай паміж намі любові, якую неабходна захаваць, ахвотна прыймаю і гатовы багабойна выслухаць ваш напамін, калі пакажаце мне справядлівыя прычыны, якім чынам я павінен пагадзіцца з Георгіем Бляндратам. Калі ў асобе Яснавяльможнага князя і ваяводы віленскага я ўсім вам зьвяртаў увагу, каб вы асьцерагаліся гэтай заразы, вы з гэтае прычыны адчулі вялікую прыкрасьць.

Сапраўды я выбачаюся, што спаўненьне абавязку, выкліканае шчыраю любоўю да вас і дбайнасьцю пра вашае збаўленьне, зрабіла вам непрыемнасьць. Але што я меў рабіць? Прынамсі выканаў свой абавязак і ніколі ня буду шкадаваць гэтай прыкрасьці, да якой мяне змусіла скрайняя неабходнасьць. Бо вы маеце вялікую павагу да Бляндраты, якога ведаеце як мужа без заганы і без закіду адносна нейкіх памылак. Тое, што я пра яго публічна засьведчыў, паказвае Прадмова (да выданьня камэнтароў да Дзеяў Апостальскіх), адносна якой жадаеце майго тлумачэньня. І хоць вы ня маеце да яго прэтэнзіяў, для мяне яны відавочныя, але не перад гэтай царквой (Віленскай). Вы мне ня верыце, дык чаму я вам павінен больш верыць? Падаецца мне, што вы маеце шмат вольнага часу, калі зьбіраеце сыноды дзеля такой прычыны. Але прымушае вас да гэтага высокая пазіцыя (між вамі) Бляндраты, што будзе вялікі скандал, калі пачнецца спрэчка са мною. Так што ён атрымаў не абы якую нагароду за такое далёкае падарожжа, калі здабыў сабе такую славу. У іншых народаў ён ня мае ніякай вагі, а вы ім захапляецеся нібыта анёлам, які зь неба зваліўся. Як бы там ні было, не магу падзяліць вашага захапленьня.

Што да мяне, то няхай ён будзе вялікім сярод вас, але няхай справядлівасьць ваша дазволіць і мне памятаць пра тое, што ў нас шырока пра яго вядома. Калі я занадта рэзка гавару, вы мяне да гэтага прымушаеце.

Зрэшты, каб вы ведалі, як празьмерная даверлівасьць некаторых людзей кепскую паслугу зрабіла цэрквам вашым, дадаю кароткі выклад усёй гісторыі (Бляндраты), з каторага будзе вам зразумела, ці хацеў я адносна вас учыніць што няшчыра ці падступна; маўчаць жа было немагчыма, калі вы знаходзіцеся ў такой небясьпецы. Калі мне ня верыце, тады паверце старшым італьянскай царквы, якая ў нас знаходзіцца, і годнаму слузе Хрыстоваму Доктару Пятру Мартыру. Што б вы ні пастанавілі, адкрыта вызнаю, што няма для мяне ніякага гонару так быць параўнаным з Бляндратам, як вы гэта зрабілі.

Будзьце здаровыя, браты, ад усёй душы любімыя і паважаныя.

Няхай Госпад кіруе вамі Духам Сваім, падтрымлівае непераможнай ласкаю Cваёю і ўзбагачае ўсімі дарамі.

Жэнева, 9 кастрычніка 1561 г.

Жан Кальвін, міністар Слова Божага

Паводле Zbior pomnikow Reformacji kosciola polskiego i litewskiego. Wilno, 1925.
Пераклад A.Бокуна





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: