Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
КАНФЭРЭНЦЫЯ

Матывы Залатога Веку ў творчасці пісьменнікаў Беларусі XVI стагоддзя

Уладзімір Конан, доктар філязофскіх навук

Ідэал Залатога Веку ёсць універсальны архетып дасканалага грамадства ў індаеўрапейскіх і семіцкіх народаў. У эпоху гуманістычнага Рэнесансу (канец XV - першая палова XVII ст.) ён лёг у аснову літаратурна-мастацкіх і сацыяльных утопіяў. Вытокі варта шукаць у старадаўніх еўраазіяцкіх цывілізацыях: тады сфармаваліся мадэлі Залатога Веку - міфалагічны, паэтычны і грамадска-палітычны. Паводле часавага вектару яны дзеляцца на касмаганічна-рэтраспектыўныя (суаднесеныя з далёкай мінуўшчынай - аж да першага эону касмалагічнай гісторыі), і перспектыўна-эсхаталагічныя, перанесеныя ў далёкую будучыню - на "канец свету". Міфапаэтычнай і тэалагічнай трансфармацыяй Залатога Веку з'яўляюцца ідэалы зямнога Раю. Біблія пачынаецца з вобразу, умоўна кажучы, сельскага Раю ("И насади Господь Бог рай во Едеме на востоцех, и введе тамо человека, его же созда..." - Быццё 2: 8), а канчаецца Апакаліпсісам - знікненнем грэшнай матэрыі нашага космасу, яго духоўным пераўтварэннем ("I ўбачыў я Новае Неба і Новую Зямлю, бо першае неба і першая зямля зніклі [...]. І абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іхніх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, ані галашэння, ані болю больш не будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула. - Апак. 21: 1,4). Язычніцкія цывілізацыі, як правіла, верылі ў рэтраспектыўны Рай -Залаты Век на зямлі ў далёкай мінуўшчыне. Паэтычны яго вобраз намаляваў рымскі паэт Авідый Назон (43 г. да н.э. - каля 18 г. н.э.) у эпічнай паэме "Метамарфозы":

Первым век золотой народился, не знавший возмездий, Сам соблюдавший всегда, без законов, и правду и верность. Не было страха тогда, ни кар, и словес не читили Грозных на бронзе; толпа не дрожала тогда, ожидая В страхе решенья судьи, - в безопасности жили без судей [...] Не было шлемов, мечей, упражнений военных не зная, Сладкий вкушали покой безопасно живущие люди. Также от дани вольна, не тронута острой мотыгой, Плугом не ранена, всё земля им сама приносила [...] Не отдыхая, поля золотились в тяжелых колосьях, Реки текли молока, струились и нектором реки, Капал и мёд золотой, сочась из зелёного дуба [1].

За восем стагоддзяў да "Метамарфозаў" Авідыя, пачынальнік старагрэцкай літаратуры Гамер (каля VIII ст. да н.э.) у гераічным эпасе "Адысея" некалькімі штрыхамі намаляваў вобраз райскай краіны Элізіі, або Елісейскіх палёў, дзе жывуць праведнікі пасля зямной смерці. Такую богадатную канчыну прарочыў сын марскога бога Пасейдона (у рымлян -Нептун) Пратэй герою Траянскай вайны Менелаю:

Но для тебя, Менелай, приготовили боги иное: Ты не умрёшь и не встретишь судьбы в многоконном Аргосе; Ты за пределы земли, на поля Елисейские будешь Послан богами - туда, где живёт Радамонт златовласый Где пробегают светло беспечные дни человека, Где ни метелей, ни ливней, ни хладов зимы не бывает, Где сладкошумно летающий Зефир, Океаном С легкой прохладой, туда посылаемый людям блаженным... [2]

Верагодна, пад уражаннем Гамеравага эпасу, пазней пад уплывам райскіх сюжэтаў Бібліі, але найбольш як псіха-ідэалагічная і мастацкая апазіцыя да дызгармоніяў рэальнага грамадства ў класічнай антычнасці ўзніклі легенды пра дасканалыя краіны, перанесеныя з абжытай геаграфічнай прасторы і канкрэтнага гістарычнага часу ў нейкую транцэнтэтнічную прастору або ў далёкую мінуўшчыну з прыкметамі Залатога Веку. Сярод першых утопіяў - вобраз дасканалай дзяржавы ў дыялогах Платона (427-347 г. да н.э.) "Цімей" і "Крыцій". На аснове міфалагічных сюжэтаў пра нашчадкаў Атланта*, апісанняў ягіпецкіх і іншых мараходаў філосаф апісаў Залаты Век легендарнай краіны Атлантыды. Там жылі ваяўнічыя народы, іхнія марскія экспедыцыі нападалі на Егіпет і Грэцыю, але былі адбіты грэчаскім царом Салонам (каля 640-560 г. да н.э.). Замах на сусветнае панаванне, непамерная гордасць урэшце амаралізм, занядбанне боскіх і людскіх законаў прывёў атлантаў да катастрофы: у выніку гіганцкага землятрусу і выкліканага ім патопу Атлантыда апусцілася на дно Атлантычнага акіяна. Паводле асноўнай гіпотэзы даследчыкаў, легендарная Атлантыда ідэнтыфікуецца з Сярэдняй Амерыкай, якая калісьці складала адзіны мацярык з цяперашнімі двумя амерыканскімі часткамі свету [3].

Верагодна, пазнейшае паняцце "утопія" семантычна звязана са знікненнем у акіянскіх водах калісці дасканалай краіны Атлантыды. У эпоху гуманістычнага Рэнесансу і Новага часу міфалагема Залатога Веку трансфармавалася, з аднаго боку, у ідэалізацыю гераічнага перыяду айчыннай гісторыі, а з другога боку, - у разнавіднасці сацыяльна-палітычных утопіяў. Для беларускай рамантычнай гісторыяграфіі, літаратуразнаўства і публіцыстыкі "нашаніўскага" этапу (1906-1915) развіцця нацыянальнай кўльтуры, а пасля -- перыяду Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) Залатым Векам нашай гісторыі было XVI стагоддзе, калі Вялікае Княства Літоўскае стала магутнай дзяржавай ад Балтыйскага да Чорнага мора, а беларуская мова стала на некалькі стагоддзяў агульнадзяржаўнай літаратурнай, дзелавой і дыпламатычнай моваю. На гэтай мове былі апублікаваны тры рэдакцыі Статута ВКЛ - 1529, 1566 і 1588 гадоў, вялося княскае і земскае справаводства, перакладаліся біблейскія кнігі і пісаліся творы прыгожага пісьменства. Пісьменнік і літаратуразнавец Максім Гарэцкі ўвёў паняцце "Залаты Век" у першыя выданні падручніка па гісторыі беларускай літаратуры[4]. У перыяд бальшавіцкіх ганенняў на беларускае нацыянальнае адраджэнне (канец 20-30-я гады) яно выкрэслівалася ідэалагічнай цэнзурай. Гэтая забарона працягвалася да сярэдзіны 80-х гадоў ХХ ст.

Вобразы Залатога Веку канцэптуальна або фрагментарна выявілі беларускія і польскія пісьменнікі Беларусі XVI стагоддзя - праваслаўныя, католікі, пратэстанты.

Першым тут быў беларускі пісьменнік, асветнік і біблеіст, усходнеславянскі першадрукар Францішак Скарына (каля 1490-каля 1551), прыхільнік хрысціянскага адзінства, фактычна - універсальнай царкоўнай уніі. У яго каментарах да Бібліі і ацэнках розных перыядаў святой гісторыі ёсць прыкметы ідэалагізацыі далёкай мінуўшчыны. Так, напраклад, у прадмове да "Кнігі суддзяў Ізраілевых" ён акцэнтуе ўвагу на перыядзае старадаўняй дэмакратыі, калі сам Бог "справаваў" трыста гадоў народам Зямлі Абяцанай праз выбраных суддзяў ад Ісуса Навіна да Самуіла прарока. "А сии дванадесеть судей сынов Ізралевых не справовали суть их, яко цари или властители вышнии, силу имеющие над ними, но яко равнии и товариши, раду им даючи и справедливость межи ними чинячи" [5].

Сучаснік Ф.Скарыны навалацінскі паэт Мікола Гусоўскі (1470-я гады - пасля 1533), аўтар эпічнай паэмы "Песня пра Зубра" (Кракаў, 1523) стварыў айчынную героіка-паэтычную мадэль Залатога Веку. Апісаўшы ваярскую дзяржаўную мудрасць князя Вітаўта, паэт зазначыў:

Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы Росквітам Княства Літоўскага, нашага краю, І называюць той век залатым. Разбяромся: Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна Ставіў багацце духоўнае - злата дзяржавы.

Следам за Ф.Скарынаю пратэстант Сымон Будны (каля 1530-1593) шмат думаў пра тое, як узвысіць грамадскае быццё да хрысціянскіх ідэалаў. У зборніку сацыяльна-палітычных трактатаў "Пра свецкую ўладу" (1583) ён развіваў свае ранейшыя ідэі пра боскія (па сутнасці маральныя і спрадвечныя) і грамадзянскія законы як сродкі разбудовы дасканалага грамадства. Асветнік быў упэўнены ў абсалютнай ісціне евангельскага вучэння пра ўладу, наблізіўся да класічнай тэорыі аб прававой дзяржаве як аб'ектывізацыі грамадскай свабоды і маралі, пазней абгрунтаванай Г.Гегелем. На думку С.Буднага, неабходнасць судовых пакаранняў, справядлівых войнаў ці іншых вымушаных формаў выкарыстання "ўлады мяча" дыктуецца недасканаласцю грамадства, дзе поруч з добрымі шмат злых людзей, захопніцкімі імкненнямі тыранаў [7].

Аналіз прадмовы Сымона Буднага да пратэстанскага "Катэхізіса", апублікаванага ў Нясвіжскай друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага (1562) на даўняй беларускай мове, сведчыць, што гэты радыкальны пратэстант схіляўся да погляду на эпоху Вітаўта (XV ст.) і Статутаў Вялікага Княства Літоўскага (XVI ст.) як перыяд росквіту асветы на роднай мове. Звяртаючыся да "панов Радзівілаў", ён раіў, каб яны "не только в чужоземскнх языцех кохали", але не забывалі "того здавна славного языка словенского", любілі яго і карысталіся ім у сваёй дзяржаўнай дзейнасці [8, 25].

У С. Буднага гэта была ветлівая, дыпламатычная рэкамендацыя. Затое ў памяркоўнага пратэстанта, перакладчыка Евангелля на даўнюю беларускую мову Васіля Цяпінскага (1530-я гады - каля 1603) параўнанне Залатога Веку ў недалёкай мінуўшчыне з непрыгляднай сучаснасцю набыло характар сацыяльна-палітычнай, выкрывальніцкай крытыкі. "Хто бы не мусил плакати, видечи так великих княжат, таких панов значных, так много деток невинных, мужов з жонами в таком зацном руском, а злашча перед тым достипном учоном народе, езыка своего славнаго занедбане, а просто взгарду". Некалі слаўны і адукаваны народ, багатыя паны, шляхта і духоўныя настаўнікі сёння не толькі забываюць сваю слаўную мову, але нават саромеюцца з ёю выходзіць на людзі. Калісьці нашыя слаўныя Златавусты упалі бы ў роспач, каб даведаліся, што "окраса и оздоба народу их отнята" [8, 33-34].

Ідэолагі лева-радыкальнай плыні рэфармацыйнага руху ў Рэчы Паспалітай Пётр з Ганёндза (каля 1525-1573), Павел з Візны (другая пал. 16 ст.), іхнія паслядоўнікі ідэалізавалі мінуўшчыну, патрыярхальны лад жыцця, гарманічны лад першых хрысціянскіх абшчынаў, выступалі за сацыяльную роўнасць і абвяшчэнне Божага царства на зямлі -эсхаталагічнага варыянту Залатога Веку [9].

Утапічныя ідэі і матывы Залатога Веку ёсць у польскамоўных выданнях, апублікаваных у заснаваных князем Мікалаем Радзівілам Чорным (1512-1565) Брэсцкай і Нясвіжскай кальвінісцкіх друкарнях. Сярод аўтараў гэтых кніжных цэнтраў другой паловы XVI ст. -- адзін з лідэраў анабаптызму (арыянскага руху) Марцін Чаховіч. У сваім галоўным творы "Хрысціянскія размовы" (Лоск, 1575) ён намаляваў вобраз утапічнай краіны без падзелу на класы і саслоўі, без свецкай улады і ваенных канфліктаў.

Выдатным дзеячом пратэстанскага руху ў яго памяркоўнай плыні быў сацыяльны філосаф, юрыст, аўтар даследаванняў на лацінскай мове "Пра палітычную, або грамадскую свабоду", "Пра шчаслівае жыццё, або найвышэйшую людскую цноту" Андрэй Валян (1530-1610) - пасол сойма Рэчы Паспалітай ад Ашмянскага павета. Ідэю незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага ў канфедаратыўным саюзе з Польскім Каралеўствам ён абараняў не толькі ў палітычных трактатах, але і ў вершы "Да палякаў і літвінаў", апублікаваным у берасцейскім зборніку "Rozmowa Polaka z Litwinem" (каля 1565 г.). Аўтар усхвальвае шчаслівае жыццё продкаў "у любові і згодзе" паміж народамі Рэчы Паспалітай, крытыкуе сваркі і звадкі напярэдадні Люблінскай уніі, калі Польшча імкнулася падпарадкаваць сабе незалежную дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае. Аналагічныя ідэалы абараняюць аўтары сатырычнай паэмы "Пратэй, або Пярэварацень" (Proteus, abo Odmieniec", Бярэсце, 1564), якая, верагодна, напісана пратэстанскімі пісьменнікамі П.Стоенскім і Ц. Базылікам [10].

Вобразы і матывы Залатога Веку ў айчыннай гісторыі шматгранна выявіліся ў літаратуры, гісторыяграфіі і мастацкай літаратуры Беларусі, Літвы і Польшчы другой паловы XVI ст. пад уплывам ідэалогіі сарматызму, што грунтавалася на легендах і паданнях аб старадаўнім паходжанні славянскага і жамойцкага народаў і самабытнасці іхняй культуры. У творах паэта і гісторыка Мацея Стрыйкоўскага - аўтара вершаваных хронікаў "Ганец Цноты" (1574), "Пра вольнасць Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага" (1575), празаічна-вершаванай хронікі "Пра пачатак, паходжанне, мужнасць, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага" (1575-1578), урэшце, у першай гісторыі краіны "Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі" (1582) гераізавалася гісторыя Княства да Люблінскай уніі, слаўная мінуўшчына народа кантрасна выявілася на фоне прыкметаў застою ў канцы XVI ст. Гэтыя ж матывы ёсць у польскамоўных творах паэтаў пратэстанскага (кальвінісцкага і лютэранскага) веравызнання - аўтара героіка-эпічнай паэмы "Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштофа Радзівіла" (1585), менскага кашталяна і пісара Княства Вацлава Агрыпы, верагоднага аўтара рэлігійна-палемічнай паэмы "Апалагетык, гэта ёсць Абарона канфедарацыі" (1582), паэта Гальяша Пельгрымоўскага - аўтара вершаванага дыярыуша "Пасольства да вялікага князя Маскоўскага" (1603), напісанага макаранічнай беларуска-польскай моваю, іншых твораў на гістарычную тэму [11].

Аналіз уяўленняў пра Залаты Век у Беларусі, Літве і Польшчы эпохі Рэнесансу і рэфармацыйнага руху засведчыў перавагу рэтраспектыўных вобразаў дасканалага грамадства ў айчыннай і сусветнай гісторыі. Пошукі ідэалаў дасканалага грамадства ў мінуўшчыне абумоўлены трыма фактарамі: спецыфікай грамадскай свядомасці і гістарычнай памяці, селекцыйна-накіраванай на забыццё негатыўных і ўзмацненне пазітыўных бакоў пражытага быцця; моцным уплывам антычных мадэляў Залатога Веку ў міфалагічным эоне касмічнай гісторыі; урэшце, прагматычнай задачай - захаваць дасягненні даўніх часоў і рэалізаваць іх у сучаснасці.

*Радамант, паводле старагрэцкай міфалогіі - сын Зеўса і фінікійскай царэўны Еўропы, мудры і справядлівы цар, які пасля смерці стаў суддзёй нябожчыкаў у райскай краіне Элізіі.

* Атлант - паводле антычнай міфалогіі тытан, брат Праметэя. За ўдзел у барацьбе тытанаў супраць багоў пакараны тым, што павінен быў -трымаць нябесны звод на заходнім "краі зямлі" - ля цяперашняга Гібралтара. Яго імем названы акіян на захад ад Еўропы.

Літаратура

1. Овидий. Собр. соч. В 2 т. Т.ІІ. Метамарфозы. / Пер. с лацин. СПб., 1994.С. 11-12

2. Одиссея / Пер. с древнегреч. В. Жуковского - М., 1986. С. 43

3. Платон. Сочинения. Ч.IV / Пер. с греч. и обьяснения проф. Карпова. -М, 1879. С. 384, 489-519

4. Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня, 1920

5. Библия: Факс. узнаўленне Бібліі, выд. Ф.Скарынаю у 1517-1519 гг.:У З т.Т.2-Мн., 1991. С.9

6. Гусоўскі М. Песня пра зубра: на лацін., беларус., рус. мовах - Мн., 1980. С. 104-105

7. Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі: XVI - першая палова XVII ст. - Мн., 1992; Конан У. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу: пратэстанцкае адраджэнне: Сымон Будны, Васіль Цяпінскі // Мастацтва, 2000, № 11. С. 2-4

8. Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны - Мн., 1991

9. Сухоцкая Т.Ф. Тыпы і формы утопіі ў беларускай культуры (на матэрыялах грамадскай думкі і мастацкай літаратуры XVI-XVIII стст.) Аўтарэф. дыс.... кандыдата культуралогіі. - Мн., 2002. С.9.

10. Кавалёў С.В. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнасансу. - Мн., 2002. С. 22-45

11. Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі: XVI - першая палова XVIII ст.-Мн., 1992.

<зьмест>




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: