Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
КАНФЭРЭНЦЫЯ

Роздум над Рэфармацыяй у Вялікім Княстве Літоўскім

Сямён Падокшын, доктар філязофскіх навук

32 гады таму ў сваёй працы "Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы (другая пал. XVI - пачатак XVII ст.ст.)" апрача іншых прычын, якія абумовілі ўзнікненне і распаўсюджанне моцнага рэфармацыйнага руху ў ВКЛ, я назваў сепаратызм буйных феадалаў. У 1993 г. на навуковай канферэнцыі "440 год Рэфармацыі ў Беларусі" я выказаўся больш пэўна: адной з галоўных прычын гэтай грамадскай з'явы з'явілася жаданне пэўных сацыяльных колаў бачыць Вялікае княства Літоўскае незалежнай дзяржавай. Наўрад ці Рэфармацыя на айчыннай глебе мела б такі поспех, калі б яе не падтрымала большасць беларускіх і літоўскіх магнатаў і значная частка шляхты. Сутнасць канцэпцыі, якая выкладзена ў апублікаваным мною дакладзе "Беларуская Рэфармацыя і дзяржаўны суверэнітэт" ("Літаратура і мастацтва", 19 траўня 1995 г.) і шэрагу маіх папярэдніх прац - ""Францыск Скарына" (Мн., 1981), "Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі" (Мн., 1990) і інш. - зводзіцца да наступнага.

Прычыны, чаму прадстаўнікі старажытных і знатных беларускіх праваслаўных і літоўскіх каталіцкіх фаміліяў, па сутнасці, сацыяльна-палітычная і інтэлектуальная эліта ВКЛ, разрывала з традыцыйнай рэлігіяй, адмаўлялася ад веры бацькоў, уступала ў канфлікт з каралеўскай уладай, канстанцінопальскім патрыярхам, рымскай курыяй, нарэшце, са сваім станам і сям'ёй -- не ў магнацка-шляхедкім сваволлі, даніне модзе і да т. п. Яны -- у свядомай грамадзянска-палітычнай і культурна-святапогляднай пазіцыі, перш за ўсё, у жаданні захаваць суверэнітэт краіны. царкоўна адасобіўшыся ад Польшчы і Рускай дзяржавы, рэфармаваць не толькі рэлігійнае, але і эканамічнае, сацыяльна-палітычнае і духоўна-інтэлектуальнае жыццё грамадства. Евангельска-рэфармацкая царква ўяўлядася Радзівілам, Хадкевічам, Валовічам, Глябовічам, Сапегам, Кішкам і іншым беларускім і літоўскім алігархам у якасці самастойнай, нацыянальна-дзяржаўнай царквы, незалежнай, з аднаго боку, ад Рыма і Варшавы, а з другога -- ад Канстанцінопаля і Масквы. Імпанаваў ім таксама дэмакратызм пратэстанцкай, перадусім кальвінісцкай, царквы, які адпавядаў канстытуцыйна-прадстаўнічай манархічнай сістэме, што фармавалася ў ВКЛ і атрымала ў гісторыі назву "шляхецкай дэмакратыі".

Другой галоўнай прычынай успрымання беларускай і літоўскай феадальнай элітай, і не толькі элітай, але і прадстаўнікамі беларуска-літоўскага мяшчанства і інтэлігенцыі ідэйных і арганізацыйных падставаў новага веравызнання, была прычына светапоглядная. Трэба адмовіцца ад стэрэатыпа старых падручнікаў па гісторыі, быццам бы беларускае і літоўскае панства толькі і думала, як бы мацней прыціснуць сваіх падданых, павялічыць свой матэрыяльны дабрабыт. Буйныя беларускія і літоўскія феадалы ў сваёй большасці былі па- еўрапейску адукаванымі людзьмі, вучыліся ва універсітэтах, падарожнічалі па краінах Еўропы, успрымалі рэлігійныя, палітычныя, філасофскія ідэі Адраджэння і Рэфармацыі.

Карацей кажучы, у сваім жыцці і дзейнасці яны кіраваліся не толькі матэрыяльнымі, але і высокімі духоўнымі патрэбамі і мэтамі, імкнуліся ўдасканальваць існуючы сацыяльна-палітычны і царкоўны лад, інтэлектуалізваць грамадства, ствараць і развіваць айчынную культуру. Дзякуючы магнацкаму мецэнацтву ў Беларусі і Літве пашыраўся рэфармацыйна-гуманістычны рух, узнікалі друкарні, школы, перакладалася Святое Пісанне, выдаваліся кнігі. Пры дварах магнатаў жылі пісьменнікі, паэты, філосафы, перакладчыкі, прычым, не толькі Бібліі, але і антычных аўтараў. Менавіта ў гэтым, магнацка-шляхецка-інтэлігенцкім асяроддзі, адбываўся працэс зараджэння і станаўленая нацыянальных культур беларускага і літоўскага народаў.

Мяркую, спрэчнай з'яўляецца думка нашага выдатнага гісторыка Генадзя Сагановіча, што "у Вялікім княстве прывабнасць Рэфармацыі не залежала ад маёмасных інтарэсаў". Ён абгрунтоўвае сваё сцвярджэнне фактам, што тут уладанні каталіцкага касцёла і праваслаўвай царквы разам складалі толькі 5% плошчы, якая апрацоўвалася (Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVIII ст. Мн., 2001, с. 223-224). Па-першае, маёмасныя інтарэсы не зводзяцца да прэтэнзіяў на зямельныя ўладанні. Па-другое, прыхільнікі Рэфармацыі добра бачылі тэндэнцыю ў аграрным стане дзяржавы: зямельныя ўладанні каталіцкай царквы, асабліва з наступам Кантррэфармацыі, няўхільна павялічваліся. Дыскусійным лічу таксама меркаванне, якое прысутнічае ў нядаўна выдадзенай працы Станіслава Акінчыца, згодна якому рэфармацыйны рух на айчыннай глебе галоўным чынам вынік імкнення да адраджэння сапраўднай хрысціянскай веры. (Акінчыц С. Залаты век Беларусі. Мн., 2002). На мой погляд, Рэфармацыя ў ВКЛ абумоўлена комплексам прычын: палітычных, маёмасна-матэрыяльных, рэлігійных, духоўна-культурных. Дарэчы, нават першакрыніцы могуць увесці нас у зман. Так, Сымон Будны у сваім знакамітым лісце да Генрыха Булінгера адзначае, што Рэфармацыя ў ВКЛ пачалася тады, калі "Святло Слова Божага азарыла канцлера нашага Мікалая Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы" (Помнік эпохі Рэфармацыі і Адраджэння // Весці АН БССР, 1974, №5, с. 124-126). Тут названа адна з прычын. Да таго ж трэба ўлічваць спецыфічную мову эпохі.

Рэфармацыю нельга адрываць ад Адраджэння. Яна з'яўляецца яго прамым і непасрэдным вынікам, або, як меркаваў Ф.Энгельс, "тэарэтычна-гуманістычным рухам у тэалагічнай і царкоўнай сферы (Маркс К., Энгельс Ф. Соч., 2-е изд., Т.29, с. 493). Таму больш правільна было б выводзіць Рэфармацыю з Адраджэння, а не наадварот. Што тычыцца азначэння айчыннага Адраджэння як "залаты век" у гісторыі Беларусі, якое, дарэчы, належыць Фёдару Еўлашоўскаму, то гэта, зразумела, метафара, якая набыла "права грамадзянства" ў нашай гуманітарнай навуцы і якая мае пэўныя падставы на існаванне менавіта ў гэтай якасці. Не ўдаючыся ў дэталі, адзначу ўплыў рэфармацыйна-гуманістычнага руху на станаўленне некаторых асноватворных ідэяў беларуска-літоўскай ментальнасці. Фундаментальнай ідэяй Адраджэння з'яўлялася ідэя свабоды, якая ў канкрэтна-гістарычных абставінах ВКЛ, укараніўшыся праз адукацыю і выхаванне ў свядомасці інтэлектуальнай эліты, рэалізоўвалася ў ідэю свабоды рэлігійнай, або верацярпімасці і раўнапраўя ўсіх хрысціянскіх канфесіяў (пратэстантызму, праваслаўя, каталіцтва), палітычнай, прававой, або вяршэнства закону, нацыянальна-культурнай, або развіцці духоўнай культуры на нацыянальнай - беларускай і літоўскай - мове і г.д. Канкрэтныя прыклады - шырока вядомыя.

У сваёй працы "Унія. Дзяржаўнасць. Культура" (Мн., 1998) я прыйшоў да высновы, што дзякуючы Адраджэнню і Рэфармацыі ў шматканфесійнай і шматэтнічнай беларуска-літоўскай дзяржаве паўстала рэнесансава-гуманістычная, або ліберальная мадэль грамадскага і духоўнага жыцця, падставай якой з'яўляліся прынцыпы рэлігійнай талерантнасці (Варшаўская канфедэрацыя 1573), вяршэнства закону (Статут 1588), духоўна-культурнага плюралізму, цярпімасці і павагі да іншага (дзённік Ф.Еўлашоўскага, рознаканфесійныя школы, друкарні, кнігі, антычная літаратура, новыя ідэі і вучэнні і да т. п.). І што характэрна, на падставе гэтых прынцыпаў беларуска-літоўскае, ды і ўкраінскае грамадства даволі паспяхова функцыянавала пэўны час. Вялікай палітычнай, і наогул ментальнай памылкай - (а гэта стала відавочна толькі ў перспектыве гісторыі) каралеўскай і вялікакняскай улады, значнай часткі магнацка-шляхецкага стану, пэўнай часткі праваслаўнай ерархіі ды і каталіцкага кліру -- была пераарыентацыя грамадства з рэнесансава-гуманістычнай на ўніяцкую, па сутнасці таталітарную мадэль. Тэарэтычна ідэя адзінага хрысціянства, ідэя уніі - вялікая ідэя. Але ж у такой жа ступені яна ідэя утапічная. Яе практычная рэалізацыя, што ў сваёй пачатковай стадыі шырока выкарыстоўвае прымус, абярнулася для беларускага грамадства і наогул для Рэчы Паспалітай непапраўнымі выдаткамі. Іх водгук, як вядома, адчуваецца і ў сённяшнім духоўным жыцці Беларусі і Ўкраіны. І няма іншага выхаду, чым той, які прапанавала беларуская рэнесансава-рэфармадынная думка - міжканфесійная талерантнасць, узаемапавага і супрацоўніцтва. У заключэнні, некалькі слоў пра Рэфамацыю як даследчыцкую праблему ў беларускай навуцы. Наколькі мне вядома (не выключаю, што магу памыліцца), гістарычны аспект дадзенай праблемы як даследчык распрацоўвае толькі Людміла Іванова, грамадска-палітычны і філасофскі -- аўтар дадзенага артыкулу, літаратурны -- Іван Саверчанка, філалагічны -- Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі. Разам з тым існуюць пэўныя папулярныя публікацыі на гэту тэму. На маю думку, гранічна патрэбна комплексная, сістэмная праграма, менавіта даследчыцкай дзейнасці ў гэтым накірунку, інакш хутка мы будзем толькі паўтараць вынікі, якія былі дасягнуты ў гэтай галіне. Новыя навуковыя вынікі па праблеме айчыннай Рэфармацыі будуць атрыманы толькі ў тым выпадку, калі: а) да даследчыцкай дзейнасці будуць прыцягнуты аспіранты і маладыя вучоныя; б) будзе дадзена магчымасць даследчыкам працаваць у бібліятэках Вільні, Варшавы, Кракава, Познані, Кіева, Масквы, Санкт-Пецярбургу і інш., в) будуць створаны ўмовы для аператыўнай публікацыі вынікаў даследавання, напрыклад, будзе заснаваны часопіс тыпу "Адраджэнне і Рэфармацыя ў Польшчы"; г) да фінансавання ўсёй гэтай справы будуць прыцягнуты сучасныя мецэнаты і г.д.

Усведамляю, што гэта утопія, але ж усё наша жыццё ёсць імкненне да ідэалу. Асабіста я пакутую з прычыны немагчымасці выдання сваіх прац. Звыш 40 год я даследую грамадска-палітычна-філасофскую думку эпохі Адраджэння і Рэфармацыі ў Беларусі, выдаў шмат прац, у тым ліку і манаграфій, так або інакш звязанных з вышэй памянёнай праблемай. У цяперашні час мною падрыхтаваны дзве вялікія манаграфіі. Першая - "Беларуская думка ў кантэксце псторыі і культуры", значная частка якой тычыцца айчыннага рэфармацыйна-гуманістычнага руху - знаходзіцца ў выдавецтве "Беларуская навука", але няма грошай для яе выдання. Другая -"Андрэй Волан. Філасофска-палітычныя трактаты" - таксама гатовая, знаходзіцца ў кампутарным наборы, але ж таксама для яе выдання фінансавых сродкаў, на жаль, няма.

<зьмест>




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: