 |
ДРУГІ ЛІСТ АПОСТАЛА ПАЎЛЫ ДА ЦІМАФЕЯ
Раздзел 1
1 Паўла, апостал Хрыста Ісуса, з волі Бога, паводле абяцання жыцця, якое ёсць у Хрысце Ісусе,
2 Цімафею, найдаражэйшаму сыну: ласка, міласэрнасць і супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
3 Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумленнем, што ў маіх малітвах уночы і днём без перапынку маю ў памяці цябе,
4 і прагну ўбачыць цябе, памятаючы твае слёзы, каб напоўніцца радасцю,
5 і прыпамінаю тую веру не фальшывую, якая ёсць у табе, якая жыла найперш у бабулі тваёй Лаідзе і маці тваёй Эўніцы, ды я перакананы, што і ў табе.
6 Дзеля гэтай прычыны нагадваю табе, каб ажывіў ты дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне рук маіх.
7 Бо не даў нам Бог духа страху, але сілы, любові і цвярозага мыслення.
8 Дык не саромейся тады сведчання Госпада нашага, ані мяне, вязня Яго, але працуй дзеля Евангелля ў моцы Бога,
9 Які збавіў нас і паклікаў святым пакліканнем не паводле нашых спраў, але паводле пастановы Сваёй і ласкі, якая дадзена нам у Хрысце Ісусе спрадвеку,
10 а цяпер аб'явілася праз з'яўленне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які знішчыў смерць і асвяціў жыццё і несмяротнасць праз Евангелле,
11 дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, і апосталам, і вучыцелем [паганаў].
12 З гэтай прычыны пераношу цярпенні, але не саромеюся, бо ведаю, Каму паверыў, і маю пэўнасць, што Ён мае моц захаваць скарб мой на той дзень.
13 За аснову вазьмі здаровыя словы, якія чуў ты ад мяне, адносна веры і любові, што ў Хрысце Ісусе.
14 Беражы добры скарб Духа Святога, Які прабывае ў нас.
15 Ці ведаеш тое, што ўсе, што ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне?
16 Хай дасць міласэрнасць Госпад дому Анэсіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданаў маіх,
17 але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў.
18 Хай дасць яму Госпад знайсці міласэрнасць у Госпада ў той дзень. А колькі ён служыў у Эфесе, ты лепей ведаеш.
Раздзел 2
1 Дык ты, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсць у Хрысце Ісусе,
2 і, што чуў ты ад мяне пры многіх сведках, гэта перадай верным людзям, якія здольныя і другіх навучыць.
3 Перанось цяжкасці як добры жаўнер Хрыста Ісуса.
4 Ніхто з жаўнераў не мяшаецца ў справы зямныя, каб падабацца таму, хто яго выбраў.
5 Бо і той, хто змагаецца, не стане пераможцам, калі змагаецца незаконна.
6 Земляробу, які працуе, першаму належыцца карыстацца пладамі.
7 Зразумей, што кажу. Хай дасць табе Госпад ва ўсім розум.
8 Памятай пра Госпада Ісуса Хрыста з семя Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле Евангелля майго,
9 дзеля якога працую аж да кайданоў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага нельга звязаць.
10 Вось я ўсё раблю дзеля выбраннікаў, каб яны атрымалі збаўленне, якое ў Хрысце Ісусе з славаю вечнай.
11 Вернае слова: калі мы з Ім памёрлі, дык з Ім жыць будзем;
12 калі церпім, дык з Ім валадарыць будзем, калі зрачомся Яго, дык і Ён нас зрачэцца;
13 калі мы зняверымся, дык Ён верным застанецца, бо Сам Сябе зрачыся не можа.
14 Пра гэта нагадвай, сведчачы перад Богам, каб не спрачаліся, бо гэта нічога не дасць, хіба толькі сапсуе слухачоў.
15 Пільна рупся паказацца годным перад Богам, працаўніком беззаганным, прымаючым з павагай слова праўды.
16 Пустой жа гаворкі высцерагайся, бо яна яшчэ больш спрычыніцца да бязбожнасці,
17 і слова іх, як гангрэна, распаўзецца; з такіх вось Гіменэй і Філет,
18 якія размінуліся з праўдай, кажучы, што ўваскрэсенне ўжо было, і гэтак адвярнулі некаторых ад веры.
19 Але цвёрды падмурак Божы стаіць, маючы такую пячатку: пазнаў Госпад, хто ёсць Яго, і: хай аддаліцца ад нягоднасці кожны, хто вызнае імя Госпада.
20 У вялікім жа доме маюцца не толькі залатыя і срэбраныя начынні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя - у пашане, другія - у ганьбе.
21 Дык вось, калі хто ачысціў сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, усвечанай, карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсялякай добрай справы.
22 Высцерагайся пажаданняў юнацкіх, а трымайся справядлівасці, веры, любові, міру з тымі, што чыстым сэрцам заклікаюць Госпада.
23 Ухіляйся дурных і бязглуздых пытанняў, ведаючы, што яны даводзяць да звадкі.
24 Слузе ж Божаму не выпадае вадзіцца, а трэба быць ветлівым з усімі, вучыцелем цярплівым,
25 лагодна выпраўляючым тых, што працівяцца, можа дасць ім Бог навяртанне дзеля пазнання праўды,
26 каб вырваліся з путаў д'ябла; апутаныя імі, яны яго паднявольныя.
Раздзел 3
1 Гэта ведай, што ў апошнія дні наступяць небяспечныя часы.
2 Людзі будуць самалюбныя, хцівыя, ганарыстыя, саманадзейныя, зламоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, непрыязныя,
3 бессардэчныя, няўстрыманыя, злачынцы, апанаваныя, жорсткія, непрыхільныя,
4 здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, раскошу любячыя больш, чым Бога,
5 што маюць выгляд пабожнасці, але ж выракліся моцы яе. Такіх высцерагайся,
6 бо між імі ёсць такія, што бадзяюцца па дамах, зводзяць жанчын, якія абцяжараны рознымі грахамі, кіруюцца рознымі пажаданнямі,
7 заўсёды вучацца, але ніколі не могуць дайсці да разумення праўды.
8 Як Янні і Ямбар супрацівіліся Майсею, так і яны супрацівяцца праўдзе, людзі тупога розуму, нявыпрабаваныя ў веры.
9 Але яны далёка не зойдуць. Бо бязглуздасць іх выявіцца ўсім так, як было і з тымі.
10 А ты пайшоў следам маёй навукі, настаўлення, намераў, веры, велікадушнасці, любові, цярплівасці,
11 пераследаванняў, пакут, якія сталіся са мною ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Гэтыя пераследаванні я перанёс; з усіх іх вырваў мяне Госпад.
12 Ды ўсе, каторыя хочуць жыць пабожна ў Хрысце Ісусе, пераследаваны будуць.
13 Ліхія ж людзі і ашуканцы тым горш будуць гразнуць у зле, памыляючыся самі і ўводзячы ў аблуды.
14 Ты ж трывай у тым, чаму навучыўся і што даручана табе, бо ведаеш, ад каго навучыўся,
15 бо з дзіцячых гадоў пазнаў ты Пісьмо Святое, якое можа цябе навучыць на збаўленне праз веру ў Хрыста Ісуса.
16 Усё Пісанне натхнёна Богам і карыснае для навучання, дакору, выпраўлення і ўзгадавання ў справядлівасці,
17 каб дасканалым быў чалавек Божы, настаўлены на ўсякае добрае дзеянне.
Раздзел 4
1 Умольваю цябе перад Богам і [Госпадам] Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і памёршых, праз прыход Яго і Валадарства Яго:
2 абвяшчай слова, настойвай у час ці не ў час, дакарай, пагражай, малі з усёй цярплівасцю і навукай.
3 Бо надыдзе час, калі здаровай навукі не сцерпяць, але па волі сваіх пажадлівасцей падбяруць сабе настаўнікаў, патураючых вушам,
4 і адвернуць слых ад праўды, а да баек прыхінуцца.
5 Ты ж пільнуйся ва ўсім, працуй, выконвай справу евангеліста, службу тваю спаўняй.
6 Я вось гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу настаў.
7 Змагаўся я ў добрым змаганні, бег закончыў, веру захаваў.
8 На заканчэнне рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які мне дасць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя, ды не толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Яго.
9 Паспяшайся прыйсці да мяне хутка,
10 бо Дэмас кінуў мяне, палюбіўшы гэты свет, і пайшоў у Тэсалоніку, Крэсцэнс - у Галатыю, Ціт - у Далмацыю.
11 Адзін Лука са мною. Вазьмі Марка і прывядзі яго з сабой, бо ён патрэбны мне для службы.
12 Тыхіка паслаў я ў Эфес.
13 Як будзеш ісці, вазьмі з сабою плашч, які пакінуў я ў Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергаміны.
14 Каваль Аляксандра шмат учыніў мне ліха. Няхай аддасць яму Госпад паводле дзейнасці яго.
15 Яго і ты абмінай, бо ён вельмі працівіцца нашым словам.
16 Пры першай маёй абароне нікога не было пры мне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта не будзе ім палічана.
17 Госпад жа з'явіўся перада мною і ўмацаваў мяне, каб прапаведаванне праз мяне працягвалася і каб яго чулі ўсе народы; і я пазбегнуў ільвінае пашчы.
18 І вызваліць мяне Госпад ад усякай ліхой справы, і захавае для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на векі вечныя. Амін.
19 Прывітай Прыску і Аквілу, і разам дом Анэсіфора.
20 Эраст застаўся ў Карынце, а Трафіма пакінуў я хворым у Мілеце.
21 Паспяшайся перад зімой прыйсці. Вітаюць цябе Эўбуль, і Пудэнс, і Лін, і Клаўдыя, і ўсе браты.
22 Госпад [Ісус Хрыстос] з духам тваім. Ласка з вамі. [Амін.]
Змест
|
 |