Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ у перакладзе Ул.Чарняўскага (2003)

ЛІСТ АПОСТАЛА ПАЎЛЫ ДА ЦІТА

Раздзел 1

1 Паўла, слуга Божы і апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраннікаў Божых і пазнання праўды, што вядзе да пабожнасці, 2 у надзеі жыцця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, Які не падманвае, 3 і аб'явіў у свой час Сваё слова, даручаючы мне вясціць яго па загаду Бога, Збаўцы нашага, 4 Ціту, умілаванаму сыну ў супольнай веры: ласка і супакой ад Бога Айца і [Госпада] Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага. 5 Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старэйшых, як я табе загадаў: 6 калі хто без заганы, муж аднае жонкі, мае веруючых дзяцей, не вінавачаных у распусце або непаслухмянасці. 7 Належыцца бо, каб епіскап быў беззаганны як распарадчык Божы, не горды, не гняўлівы, не п'яніца, не авантурнік, не сквапны да нажывы, 8 але гасцінны, ласкавы, сумленны, справядлівы, святы, старанны, 9 які трымаецца праўдзівай навукі, вернай слову, каб здатны быў ён схіляць да праўдзівай навукі нават тых, якія выступаюць супраць. 10 Бо ёсць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды звадыяшаў, асабліва з абрэзаных, 11 каторым трэба закрываць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыцца, дзеля ліхой карысці. 12 Сказаў жа адзін з іх саміх, уласны іхні прарок: "Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя звяры, гультайскія жываты". 13 Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры, 14 не звяртаючы ўвагі на Юдэйскія байкі ці на выказванні людзей, якія адварочваюцца ад праўды. 15 Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверучым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленне. 16 Кажуць, што ведаюць Бога, а дзеяннямі сваімі пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай дзейнасці няздатныя.

Раздзел 2

1 Ты ж навучай таму, што належыць да здаровай навукі. 2 Старыя павінны быць людзьмі цвярозымі, сціплымі, разумнымі, здаровай веры, поўнымі любові і цярплівасці. 3 Падобна і старыя жанчыны павінны апранацца як дастойна святых, высцерагацца пляткарства, не ўпівацца віном, навучаць іншых дабру, 4 разумна вучыць маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей, 5 былі разумнымі, чыстымі, гаспадарнымі, лагоднымі, паслухмянымі мужам сваім, каб не зневажалася імі слова Божае. 6 Таксама юнакоў заахвочвай, каб былі стрыманымі. 7 Ва ўсім пакажы на сабе прыклад добрых учынкаў, у навуцы - непарушнасць, паважнасць, 8 у здаровым слове - беззаганнасць, каб той, хто супрацівіцца, асароміўся, не могучы нічога благога пра нас сказаць. 9 Хай слугі слухаюць сваіх гаспадароў, ва ўсім стараючыся ім падабацца, а не пярэчыць, 10 не ашукваць, але ва ўсім добрую волю аказваць, каб ва ўсім навуку Збаўцы нашага, Бога, услаўлялі. 11 Бо з'явілася ласка Бога, збаўляючы ўсіх людзей, 12 якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасці і пажаданняў свету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым свеце, 13 чакаючы шчаслівай надзеі і прыйсця хвалы магутнага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, 14 Які ахвяраваў Самога Сябе за нас, каб збавіць нас ад усякай спракуды і ачысціць Сабе народ, выбраны на ўласнасць, рупны пра добрыя ўчынкі. 15 Гэта кажы, і заахвочвай, і дакарай з усёю уладай. За гэта ніхто цябе не папракне.

Раздзел 3

1 Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выконваць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку, 2 нікога не абмаўляць, не быць сварлівымі, але памяркоўнымі, выяўляць да ўсіх людзей ласкавасць. 3 Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажадлівасцям і ўсякім капрызам, кіраваліся злосцю і зайздрасцю, былі ненавіснікамі, ненавідзячымі адны адных. 4 Калі ж з'явіліся спагаднасць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога, 5 дык не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы даканалі, але праз міласэрнасць Сваю Ён збавіў нас купальняй адраджэння і аднаўлення Духам Святым, 6 Якога выліў на нас багата праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага, 7 каб мы, апраўданыя ласкай Яго, сталіся спадкаемцамі надзеі жыцця вечнага. 8 Вернае слова, і хачу, каб ты сцвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся перш добрымі ўчынкамі гэта давесці. Гэта добра і карысна людзям. 9 Дурных жа пытанняў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны некарысныя і пустыя. 10 Герэтыка пасля першай і другой перасцярогі абмінай, 11 ведаючы, што пераваротнік грашыць, сам сябе асуджаючы. 12 Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікапаль, бо там вырашыў я зімаваць. 13 Зэна, заканазнаўцу, і Апалоса старанна забяспеч, каб усяго ім хапала. 14 Хай навучацца і нашыя быць першымі ў добрых дзеяннях дзеля пільных патрэб, каб не былі яны бясплоднымі. 15 Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі! Амін.

Змест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: