Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПСАЛЬМЫ ў перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча (1931)

ПАСЛАНЬНЕ ДА ЭФЭСЦАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ

Разьдзел 1

1. Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе:

2. ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3. Багаслаўлены Бог і Ацец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які пабагаславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным багаслаўленьнем у нябесах,

4. бо Ён выбраў нас у Ім да стварэньня сьвету, каб быць нам сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у любві,

5. празначыўшы нас на ўсынаўленьне Сабе праз Ісуса Хрыста з ласкавасьці волі Сваей,

6. на пахвалу славы ласкі Сваей, Ён абдорыў нас у ўмілаваным,

7. у Якім маем адкупленьне Крывёю Яго,адпушчэньне грахоў, водле багацьця ласкі Яго,

8. якую Ён размножыў нам у ўсякай мудрасьці і розуме,

9. даўшы нам пазнаць тайну волі Сваей, праз ласкавасьць Сваю, што ранней пастанавіў у Сабе,

10. дзеля ўпарадкаваньня поўні часоў, каб усе было пад галавою Хрыстом, тое, што ў нябесах, і тое, што на зямлі.

11. У Ім, у Якім мы і сталіся насьледнікамі, былі мы наперад празначаны на гэта празначэньнем Таго, Хто ўсё выпаўняе хаценьнем волі Сваёй,

12. каб быць нам на пахвалу славы Яго, нам, што раней спадзяваліся на Хрыста;

13. у Ім і вы, пачуўшы слова праўды, Эвангельле вашага збаўленьня, і ўвераваўшы ў Яго, запячатаны Духам Сьвятым прырачэньня,

14. які ёсьць залог спадчыны нашае на выкуп удзелу, на пахвалу славы Яго.

15. Дзеля гэтага і я, пачуўшы аб вашай веры ў Хрыста Ісуса і аб любві да ўсіх сьвятых,

16. няўстанна дзякую за вас Богу , успамінаючы вас у малітвах маіх,

17. каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Ацец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на пазнаньне Яго,

18. прасьветленыя вочы сэрца вашага, каб вы пазналі, якая ёсьць надзея пакліканьня Яго, ды якое багацьце слаўнае спадчыны Яго для сьвятых,

19. ды як бязьмерная веліч магутнасьці Яго ў нас, веруючых праз дзеянне магутнае сілы Яго,

20. Якую Ен зьдзеяў у Хрысьце, ускрасіўшы Яго з памершых і пасадзіўшы праваруч сябе на нябёсах,

21. вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і панаваньне, і ўсякае імя, названае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,

22. і ўсё пакарыў пад ногі Яго і даў Яго за галаву над усім у Царкве,

23. якая ёсьць Яго цела, поўня Напаўняючага ўсё ў-ва ўсім.

Разьдзел 2.

1. I вас, мёртвых праступкамі і грахамі вашымі,

2. у якіх вы калісь хадзілі па веку гэтага сьвету, па волі князя ўлады паветранае, духа, што дзеець цяпер у сынох праціўленьня,

3. між якімі і мы ўсе жылі калісь у пажаданьнях цела нашага, выпаўняючы жаданьні цела і думак, і былі па прыродзе дзяцьмі гневу, як і другія, -

4. Бог, багаты літасьцяй праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас,

5. і нас, мёртвых праступкамі, ажывіў разам з Хрыстом, - ласкай вы выбаўлены, -

6. і ўскрасіў з Ім і пасадзіў на мясцох нябесных у Хрысьце Ісусе,

7. каб зьявіць у надыходзячых гадох многасьць багацьця ласкі Сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Ісусе.

8. Бо ласкай вы выбаўлены праз веру; і гэта не ад вас - Божы дар:

9. не ад дзел, каб ніхто не хваліўся.

10. Бо мы - Яго стварэньне, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя празначыў, каб мы ў іх хадзілі.

11. Дык памятайце, што вы, калісь пагане целам, называныя неабрэзаньнем ад так званага абрэзаньня ў целе, рукатворнага,

12. што вы былі ў час гэны бяз Хрыста, прызнаваныя чужакамі ад грамадзянства Ізраільскага і чужыя запаветам прырачэньня, ня маючы надзеі і бяз Бога ў сьвеце;

13. а цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі калісь далёка, сталіся блізкімі крывёю Хрыстоваю.

14. Бо Ён ёсьць мір наш, што ўчыніў з абодвух адно і разбурыў стаяўшую пасярэдзіне загарадку,

15. зьніштожыўшы, варожасьць Целам Сваім, а закон запаведзяў навукай, каб з двох стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, ладзячы мір,

16. і ў адным целе пагадзіць абодвух з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасьць;

17. і, прыйшоўшы, абвясьціў мір вам, далёкім і блізкім,

18. бо праз Яго абое маем доступ да Айца ў адным Духу.

19. Дык вы ўжо ня чужыя і ня прыходні, але суграмадзяне сьвятым і хатнія ў Бога,

20. збудаваныя на падваліне Апосталаў і Прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста за кутні камень,

21. на якім уся будыніна, разам змацаваная, расьце ў сьвяты храм у Госпадзе,

22. на якім і вы разам будуецеся на жыльлё Божае Духам.

Разьдзел 3.

1. Дзеля гэтага вось я, Паўла, вязень Ісуса Хрыста - за вас паганаў.

2. Калі-ж вы чулі аб распарадкаваньні ласкі Божае, дадзенае мне для вас,

3. што мне праз адкрыцьце абявілася тайна, (як я коратка і пісаў вышэй,

4. з чаго, чытаючы, можаце пазнаць маё разуменьне тайны Хрыстовай),

5. якая ня была пазнана сынамі чалавечымі у іншых родах, як цяпер адкрыта сьвятым Апосталам Яго і прарокам у Духу,

6. каб і паганам быць насьледнікамі і адным целам і супольнікамі прырачэньня Яго ў Хрысьце Ісусе праз Эвангельле,

7. слугой якога стаўся я праз дар ласкі Божае, дадзенае дзеяньнем сілы Яго.

8. Мне, найменшаму з усіх сьвятых, дадзена ласка гэтая - абвяшчаць паганам добрую весьць аб недасьледным багацьці Хрыстовым

9. і адкрыць усім, якая ёсьць супольнасьць тайны, што захоўваецца ад вякоў у Богу, стварыўшым усё праз Ісуса Хрыста, 10. каб цяпер сталася ведамаю праз Царкву ўладам і сілам на нябёсах рознастайная мудрасьць Божая,

11. паводле адвечнае пастановы, якую Ён зрабіў у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым,

12. у Якім маем адвагу і доступ у надзеі праз веру ў Яго.

13. Дык прашу вас не сумаваць маёй аб вас тугою, якая ёсьць вашая слава.

14. Дзеля гэтага схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15. ад Якога мае назоў усякае бацькоўства на нябёсах і на зямлі, -

16. каб даў вам, водле багацьця славы Сваёй, сілай умацавацца праз Духа Яго ў унутраным чалавеку,

17. каб Хрыстос пасяліўся праз веру ў сэрцах вашых,

18. каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любві, здолелі зразумець з усімі сьвятымі, што шырыня і даўжыня, і глыбіня і высокасьць,

19. ды пазнаць любоў Хрыстову, што вышэй за разуменьне, каб вам напоўніцца ўсею поўняй Божаю.

20. А Таму, Хто дзеючаю ў нас сілаю можа зрабіць шмат балей за ўсё, чаго мы просім або ў думках маем,

21. Таму слава ў Царкве ў Хрысьце Ісусе, на ўсе роды на век вякоў. Амін.

Разьдзел 4.

1. Дык я, вязень у Госпадзе, малю вас паступаць дастойна закліку, якім вы пакліканы,

2. з усенькай мудрасьцяй пакоры і ціхасьцяй, з доўгацярплівасьцяй, церпячы адзін аднаго ў любві,

3. стараючыся захаваць еднасьць духа ў саюзе міру.

4. Адно цела і адзін дух, як вы і пакліканы да аднае надзеі вашага закліканьня:

5. Адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэньне,

6. Адзін Бог і Ацец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ў-ва ўсіх нас.

7. Кожнаму-ж з нас дадзена ласка водле меры дару Хрыстовага.

8. Дзеля гэтага і кажа: Узыйшоўшы на вышыню, паланіў палон і даў дары людзям (Псал. 67,19).

9. (А ўзыйшоўшы) што ёсьць, як ня тое, што ён перш і зыходзіў у прадонныя месцы зямлі?

10. Зыйшоўшы, Ён ёсьць і той, што ўзыйшоў вышэй за ўсе нябёсы, каб споўніць усё.)

11. I Ён паставіў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і вучыцялямі

12. дзеля збудаваньня сьвятых, на дзела служэньня, на будаваньне Цела Хрыстовага,

13. дакуль усе дойдзем да еднасьці веры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да меры ўзрашчэньня поўні Хрыстовае;

14. каб мы ня былі балей дзяцьмі, зыбаючыміся і захаплянымі ўсякім ветрам навукі, у хітрыках чалавечых, у подступе дзеля хітрага збаламучаньня,

15. але праўдзіваю любоўю ўсё памнажалі бы ў Таго, Які ёсьць Галава, Хрыстос,

16. з якога ўсё цела, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі змацаваньня, праз дзейнасьць у (сваю) меру кожнага члена, прырост робіць дзеля будаваньня самога сябе ў любві.

17. Дык кажу гэта і сьведчу ў Госпадзе, каб вы балей не хадзілі, як другія пагане ходзяць, у марнасьці розуму свайго,

18. з зацьміўшыміся думкамі, адцураўшыся ад жыцьця Божага праз няведаньне іх, праз закамяненьне сэрца іх;

19. яны, стаўшыся нячулымі, аддаліся распусьце, каб рабіць усякі бруд у прагавітасьці.

20. Але вы ня гэтак пазналі Хрыста,

21. калі чулі Яго і ў Ім навучыліся, - бо праўда ў Ісусе, -

22. каб адкінуць вам - па ранейшаму жыцьцю - старога чалав?ка, які тлее ў манлівых пажаданьнях,

23. а абнавіцца духам розуму вашага

24. і апрануцца ў новага чалавека, створанага па Богу, у праведнасьці і сьвятасьці праўды.

25. Дзеля гэтага, адкінуўшы ілжу, гаварыце кожны праўду бліжняму свайму, бо мы члены адзін аднаму.

26. Гневайцеся, ды не грашыце: няхай сонца не зайдзе ў гневе вашым;

27. і не давайце месца дяблу.

28. Хто краў, далей не крадзі, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго аддзяліць таму, хто мае патрэбу.

29. Жаднае гнілое слова няхай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае дзеля збудаваньня ў веры, каб ласку давала тым, што слухаюць.

30. I ня смуціце Сьвятога Духа Божага, Якім вы запячатаны на дзень адкупленьня.

31. Усякая горыч, і ярасьць, і гнеў, і крык, і лаянка няхай будуць аддалены ад вас - разам з усім благім;

32. будзьце-ж адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, выбачаючымі адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце выбачыў вам.

Разьдзел 5.

1. Дык будзьце насьлядоўцамі Бога, як умілаваныя дзеці,

2. і хадзеце ў любві, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе за нас, як дар і ахвяру Богу, на пах прыемны.

3. А блуд і ўсякая нячыстасьць або прагавітасьць няхай і не ўспамінаюцца ў вас, як і гожа сьвятым;

4. ані агідныя і благія словы або жарты і няпрыстойнасьці; але лепш падзяка.

5. Бо ведайце, што ніякі блудзень, ці нячысты, ці хцівец, які хваліць ідалаў, ня мае спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.

6. Няхай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэтае прыходзіць гнеў Божы на сыноў спраціўленьня.

7. Дык ня будзьце супольнікамі іх.

8. Вы былі калісь цемрай, а цяпер - сьвятло ў Госпадзе: паступайце-ж, як дзеці сьвятла,

9. бо плод Духа ёсьць у ўсякай дабраце і праведнасьці і праўдзе;

10. выпрабоўвайце, што ўгодна Богу,

11. і ня прыймайце ўчасьця ў бясплодных дзеяньнях цемры, а лепш дакарайце.

12. Бо аб тым, што робіцца імі тайна, сорамна й гаварыць.

13. Усякі-ж дакор робіцца яўным ад сьвятла, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло;

14. дык і кажа: устань, сьпячы, і ўскрэсьні з мёртвых, і асьвеціць цябе Хрыстос.

15. Дык глядзеце, паступайце асьцярожна, не як бязглуздыя, але як мудрыя,

16. выкупляючы час, бо дні хітрыя.

17. Дзеля гэтага ня будзьце неразважлівымі, але пазнавайце, што ёсьць Воля Божая.

18. I ня ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, але напаўняйцеся Духам,

19. гаворачы ад сябе псальмамі і гымнамі і песьнямі духоўнымі, пяючы і іграючы Госпаду ў сэрцах вашых,

20. дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,

21. пакараючыся сабе ўзаемна ў страху Божым.

22. Жанчыны, пакарайцеся сваім мужом, як Госпаду,

23. бо муж ёсьць галава жаны, як і Хрыстос галава Царквы, і Ён жа збавіцель цела;

24. але, як царква пакараецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужом у-ва ўсім.

28. Мужы, любеце жонкі свае, як і Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе за яе,

26. каб асьвяціць яе, ачысьціўшы купальняй воднаю у слове;

27. каб паставіць яе Сабе слаўнаю, Царкву гэную, бяз плямы ці заганы ці чаго гэткага, але каб яна была сьвятая і беззаганная.

28. Гэтак павінны мужы любіць сваіх жанок, як целы свае: хто любіць жонку сваю, самога сябе любіць.

29. Бо ніхто ніколі ня меў ненавісьці да свайго цела, але жывіць і грэець яго, як і Госпад Царкву;

30. бо мы члены цела Яго, ад цела Яго і ад касьцей Яго.

31. Дзеля гэтага пакіне чалавек айца свайго і матку і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое ў адным целе (Быт. 2,24).

32. Тайна гэтая валікая; я-ж кажу аб Хрысьце і Царкве.

33. Дык і вы, усякі па сабе, кожны хай любіць жонку сваю як самога сябе; жонка-ж няхай баіцца мужа свайго.

Разьдзел 6.

1. Дзеці, слухайце бацькоў сваіх у Госпадзе, бо гэта справядліва.

2. Паважай бацьку твайго і матку, - гэта першая запаведзь з прырачэньнем:

3. каб было табе добра, і быў даўгалетнім на зямлі. (Вых. 20,12.)

4. I вы, айцы, не дражнеце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у навуцы і напамінаньні Гасподнім.

5. Рабы, будзьце паслухмянымі паном сваім водле цела, з страхам і дрыжэньнем, у прастаце сэрца вашага, як-бы Хрысту,

6. не на вачох толькі паслугуючы, як дагаджаючыя чалавеку, але як рабы Хрыстовыя, выпаўняючы волю Божую ад душы,

7. са шчырасьцяй паслугуючы Госпаду, а ня людзям,

8. ведаючы, што кожны, хто зробіць нешта добрае атрымае тое ад Госпада, ці ён раб, ці свабодны.

9. І вы, гаспадары, тое-ж рабеце ім, палягчаючы суровасьць, ведаючы, што й вам самым ёсьць на нябёсах гаспадар, у якога няма ўвагі на аблічча.

10. Наканец, браты мае, крапчэйце ў Госпадзе і ў магутнасьці сілы Яго;

11. апранецеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб здолелі устаяць супраць хітрыкаў д'ябальскіх;

12. бо наша барацьба ня супраць крыві й цела, але супраць начальства, супраць уладаў, супраць сусьветных валадароў цемры гэтага веку, супраць духаў злосьці паднябесных.

13. Дзеля гэтага прымеце ўсю зброю Божую, каб вы маглі ўстаяці ў ліхі дзень і, усё зрабіўшы, астацца стаяць.

14. Дык стойце-ж, падперазаўшы паясьніцы вашыя праўдаю і апрануўшыся ў зброю праведнасьці,

15. і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;

16. а па-над усё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце затушыць усе разпаленыя стрэлы крывадушніка;

17. і шалом збаўленьня вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць слова Божае;

18. усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў-ва ўсякі час духам і таго пілнуйцеся ў усякім цярпеньні і маленьні за ўсіх сьвятых

19. дый за мяне, каб мне дадзена было слова на адчыняньне вуснаў маіх, каб адважна абвяшчаць тайну Эвангельля,

20. якога я й пасланец у путах, каб у ім быў сьмелы, як мне трэба гаварыць.

21. А каб і вы ведалі аба мне, што я роблю, усё вам раскажа Тыхік, умілаваны брат і верны служка ў Госпадзе,

22. якога я і паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даведаліся аб нашых справах, і каб ён пацешыў сэрцы вашыя.

23. Мір братом і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.

24. Ласка з усімі, што любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў нятленнасьці. Амін.

Да Эфэсян пісана з Рыму праз Тыхіка.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: