Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ у перакладзе Ул.Чарняўскага (2003)

ЛІСТ АПОСТАЛА ПАЎЛЫ ДА ПІЛІПЦАЎ

Раздзел 1

1 Паўла і Цімафей, слугі Хрыста Ісуса, усім святым у Хрысце Ісусе, якія ёсць у Піліпах разам з епіскапамі і дыяканамі: 2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста. 3 Дзякую Богу майму, усякі раз успамінаючы вас, 4 заўсёды ва ўсіх малітвах маіх за ўсіх вас з радасцю молячыся, 5 дзеля вашага ўдзелу ў Евангеллі ад першага дня аж да цяпер, 6 маючы пэўнасць, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, давядзе аж да дня Хрыста Ісуса; 7 як справядліва мне думаць пра вас усіх, бо маю вас у сэрцы, і ў путах маіх, і ў абароне, і ва ўмацаванні Евангелля, бо ўсе вы супольнікі радасці маёй. 8 Сведка мне Бог, як сумую па вас усіх сэрцам Ісуса Хрыста. 9 І аб тым малюся, каб любоў вашая ўсё больш і больш паглыблялася ў веданні і ўсякім адчуванні, 10 каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і без заганы ў дзень Хрыстовы, 11 поўныя пладоў справядлівасці, што праз Ісуса Хрыста на ўшанаванне і славу Бога. 12 Хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што вакол мяне, спрычынілася больш да поспеху Евангелля, 13 бо путы мае ў Хрысце праславіліся ва ўсёй прэторыі і ва ўсіх іншых, 14 і многія з братоў у Госпадзе, асмеленыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся без страху абвяшчаць слова. 15 Адны, праўда, з зайздрасці і пярэчлівасці вясцяць Хрыста, іншыя ж - з добрай волі. 16 Тыя, што з любові, - ведаючы, што я дзеля абароны Евангелля пастаўлены, 17 тыя ж, што з зайздрасці, прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае путы яшчэ цяжэйшымі. 18 Дык што? Ці так, ці гэтак, ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца; і я гэтаму рады, і буду радавацца, 19 ведаючы, што гэта ўсё выйдзе мне на збаўленне праз вашыя малітвы і з дапамогай Духа Ісуса Хрыста, 20 паводле чакання і спадзявання майго, што я ні ў чым не пралічуся, але з усёй упэўненасцю, як заўсёды, гэтак і цяпер хай уславіцца Хрыстос у целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць. 21 Бо для мяне жыццё - гэта Хрыстос, і смерць - набытак. 22 Але калі жыццё ў целе прыносіць плод у маёй дзейнасці, дык што выбраць, не ведаю. 23 Цягне мяне адно і другое: жадаю адысці і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае, 24 але заставацца ў целе больш патрэбна для вас. 25 І гэта напэўна ведаю, што застануся дзеля ўсіх вас на карысць вашую і на радасць веры, 26 каб радасць вашая расла ў Ісусе Хрысце праз мяне, праз маё вяртанне да вас. 27 Толькі жывіце дастойна Евангелля Хрыстовага, каб, ці калі прыбуду і ўбачу вас, ці адсутны, пачую пра вас, што вы стаіце ў адным Духу, аднадушна змагаючыся за веру евангельскую 28 і ні ў чым не палохаецеся супраціўнікаў. Гэта ім стане прычынай загубы, вам жа - збаўлення, і гэта ад Бога. 29 Вам бо дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго, 30 такое самае змаганне маючы, якое бачылі ўва мне і як чуеце цяпер пра мяне.

Раздзел 2

1 І калі ёсць якое пацяшэнне ў Хрысце, калі ёсць якая патоля любові, калі ёсць якая супольнасць духа, калі ёсць спачуванне і міласэрнасць, 2 напоўніце мяне радасцю, тое самае разумеючы, тую самую маючы любоў, аднадушныя і аднадумныя, 3 нічога не робячы праз перакорлівасць ці праз пустую славу, але ў пакоры адны другіх за вышэйшых прымаючы. 4 Не пра сябе кожны клапаціся, але і пра іншых. 5 Тое хай у вас думаецца, што і ў Хрысце Ісусе, 6 Які, маючы постаць Божую, не лічыў Сваім здабыткам роўнасць з Богам, 7 але прынізіў Самога Сябе, прымаючы постаць слугі і стаўшыся на падобнасць людзей; і па знешнасці прызнаваны за чалавека, 8 упакорыў Самога Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да смерці, і нават смерці крыжовай. 9 Дзеля таго і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя, якое вышэй за ўсякае імя, 10 каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй, 11 і каб кожны язык вызнаваў: "Ісус Хрыстос ёсць Госпад!", на славу Бога Айца. 12 Дык вось, дарагія мае, як заўжды былі вы паслухмянымі, не толькі ў маёй прысутнасці, але тым больш цяпер, калі я адсутнічаю, са страхам і трымценнем клапаціцеся пра сваё збаўленне. 13 Бо з ласкавасці Сваёй Бог з'яўляецца ў вас прычынай і хацець, і дзейнічаць. 14 Усё рабіце без наракання і хістання, 15 каб вы былі без заганы і простымі, дзяцьмі Божымі без віны між народа сапсаванага і крывадушнага, пасярод якога свеціце, як светачы ў свеце, 16 трымаючыся слова жыцця на славу маю ў дзень Хрыстовы, што я не дарма бег і не дарма працаваў. 17 Але калі я і ахвяруюся за ахвяру і служэнне вашай веры, цешуся і радуюся разам з вамі ўсімі. 18 З гэтага і вы цешцеся і радуйцеся разам са мною. 19 Маю надзею ў Госпадзе Ісусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб мог быць спакойны, даведаўшыся, што ў вас. 20 Бо нікога не маю такога роўнага душою, хто б так шчыра рупіўся пра вас. 21 Бо ўсе аб сваім клапоцяцца, а не аб тым, што Ісуса Хрыста. 22 Спрактыкаванасць яго ведаеце, бо, як сын бацьку, так ён мне служыў у дабравешчанні. 23 Такога вось спадзяюся паслаць, як толькі даведаюся, што ў мяне. 24 Упэўнены я таксама ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыбуду да вас. 25 Палічыў я неабходным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і супольніка змагання майго, вашага ж пасланца і дапаможцу ў маёй патрэбе, 26 бо ён тужыў па вас усіх і быў засмучаны, што вы чулі пра яго хваробу. 27 Бо расхварэўся ён тут аж да смерці, але Бог пашкадаваў яго, і не толькі яго, але, па праўдзе, і мяне, каб я не меў смутку да смутку. 28 Дык я паслаў яго хутчэй, каб, убачыўшы яго, ізноў вы цешыліся і каб я не сумаваў. 29 Прыміце ж яго з усёй радасцю ў Госпадзе і майце яго ў пашане, 30 бо ён для справы Хрыстовай блізкі быў смерці, не дбаючы пра жыццё сваё, каб выканаць тое, чаго вам не хапала ў служэнні мне.

Раздзел 3

1 Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае мне не цяжка, вам жа яно патрэбнае. 2 Зважайце на сабак, зважайце на ліхіх работнікаў, зважайце на абразанне! 3 Бо мы ёсць абрэзаныя, якія духам служым Богу і хвалімся Ісусам Хрыстом, і не ў целе маем надзею, 4 хоць я мог бы спадзявацца і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык тым больш я: 5 абрэзаны ў восьмы дзень, родам Ізраэлец з пакалення Беньяміна, Гебрай з Гебраяў, фарысей паводле закону, 6 праз руплівасць пераследаваў Царкву, адносна справядлівасці, што паводле закону, - беззаганны. 7 Але ўсё, што лічыў я здабыткам, тое дзеля Хрыста прызнаў я за марнасць. 8 Ды ўсё лічу за марнасць дзеля вышэйшага пазнання Ісуса Хрыста, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за смецце, каб Хрыста здабыць 9 і апынуцца ў Ім, маючы не маю справядлівасць, якая з закону, але тую, якая праз веру ў Хрыста, справядлівасць ад Бога ў веры, 10 каб пазнаць Яго і магутнасць уваскрэсення Яго, і супольнасць пакут Яго, каб упадобніцца смерці Яго, 11 каб такім чынам дасягнуць уваскрэсення з мёртвых. 12 Не кажу так, што я ўжо дасягнуў або ўжо стаўся дасканалым; але імкнуся, каб здабыць, як здабыў мяне Хрыстос Ісус. 13 Браты, я не лічу сябе дасягнуўшым; толькі вось, забываючыся пра тое, што ёсць за мною, парываючыся да таго, што перада мною, 14 імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага паклікання Божага ў Хрысце Ісусе. 15 Дык, калі хто з нас дасканалы, мы думаем так; а калі што адчуваеце інакш, і гэта Бог вам выявіць; 16 аднак чаго мы дасягнулі, так і будзем [думаць і паводле гэтага] жыць. 17 Браты, будзьце паслядоўнікамі маімі і ўзірайцеся на тых, якія так жывуць, як вы маеце прыклад у нас. 18 Многія ж, аб якіх я вам часта казаў, а цяпер вось і, плачучы, кажу, жывуць, як ворагі крыжа Хрыстова, 19 лёсам іх будзе загуба, бо бог іх - жывот, слава іх - у ганьбе іх, яны думаюць аб зямным. 20 Нашае ж грамадзянства - у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста, 21 Які пераменіць цела прыніжэння нашага на падабенства цела славы Сваёй магутнасцю, якою ўсё падпарадкаваць Сабе можа.

Раздзел 4

1 Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя. 2 Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтаксама думаць у Госпадзе. 3 Таксама і цябе прашу, сапраўдны супрацоўніку, дапамагай ім, бо яны са мною працавалі для Евангелля разам з Клеменсам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця. 4 Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: радуйцеся! 5 Ціхасць ваша хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка. 6 Не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю няхай адкрываюцца жаданні вашыя перад Богам. 7 І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменне, хай сцеражэ сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Ісусе. 8 Урэшце, браты, што толькі ёсць праўдзівае, што толькі чэснае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі вартае любові, што толькі добрай славы, ці якая цнота, ці што пахвальнае, - тое майце на думцы. 9 І тое рабіце, чаму вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што ўбачылі; і Бог супакою будзе з вамі. 10 Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы ўжо калісьці ізноў пачалі думаць пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах. 11 Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся задавольвацца тым, што ёсць. 12 Умею прынізіцца, умею і ўзняцца; усяму і ва ўсім навучыўся: і наесціся, і галадаць; і мець дастатак, і нястачу. 13 Усё магу ў [Хрысце], Які ўзмацняе мяне. 14 Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бядзе маёй. 15 Вы ж, Піліпцы, ведаеце, што на пачатку Евангелля, калі я пакінуў Македонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу ў даванні і прыманні; 16 вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак. 17 Не шукаю я дарункаў, але шукаю плода, які памнажаецца на вашу карысць. 18 Я ўсё атрымаў і хапае мне ўсяго; я напоўніўся, атрымаўшы ад Эпафрадыта салодкі водар, ахвяру прыемную, мілую Богу. 19 Хай жа Бог мой споўніць усякае вашае жаданне паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Ісусе. 20 Богу ж і Айцу нашаму слава на векі вечныя. Амін. 21 Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною. 22 Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара. 23 Ласка Госпада Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

Змест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: