Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ у перакладзе Ул.Чарняўскага (2003)

ЛІСТ АПОСТАЛА ПАЎЛЫ ДА ГАЛАТАЎ

Раздзел 1

1 Паўла, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых, 2 і ўсе браты, што са мною, цэрквам Галатыі: 3 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і ад Госпада Ісуса Хрыста, 4 Які аддаў Самога Сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з нягод цяперашняга свету па волі Бога і Айца нашага, 5 Якому слава на векі вечныя. Амін. 6 Дзіўлюся я, што гэтак хутка перакінуліся вы ад таго, які паклікаў вас да ласкі Хрыстовай, да іншага евангелля, 7 якое і не ёсць іншае, але, напэўна, знайшліся нейкія, што баламуцяць вас ды хочуць перавярнуць Евангелле Хрыстова. 8 Але калі б нават мы або анёл з неба дабравесціў вам нешта іншае, чым тое, што мы дабравесцілі вам, хай будзе анатэма! 9 Як мы вам казалі раней, і цяпер зноў вам кажу: калі б хто дабравесціў вам звыш таго, што атрымалі вы, хай будзе анатэма! 10 Людзям я цяпер дагаджаю ці Богу? Ці я імкнуся людзям падабацца? Калі б я людзям падабаўся, не быў бы слугою Хрыстовым! 11 Паведамляю вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ёсць з волі чалавека, 12 бо я яго не ад чалавека атрымаў або навучыўся яму, але праз аб'яўленне Ісуса Хрыста. 13 Чулі вы, пэўна, аб паводзінах маіх калісьці ў Юдэйстве, як звыш меры пераследаваў я Царкву Божую і ваяваў з ёю, 14 і вылучаўся ў Юдэйстве між многімі аднагодкамі ў родзе сваім, з'яўляючыся найбольш руплівым аб бацькоўскіх традыцыях сваіх. 15 Калі ж спадабалася [Богу], Які выбраў мяне яшчэ ва ўлонні маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй, 16 каб аб'явіць мне Сына Свайго і каб я дабравесціў пра Яго сярод паганаў, не даў я супачынку целу і крыві 17 і не пайшоў у Ерузалім да сваіх папярэднікаў апосталаў, але выправіўся ў Арабію і адтуль зноў вярнуўся ў Дамаск. 18 Толькі пасля трох гадоў прыйшоў я ў Ерузалім убачыць Пётру і прабыў у яго пятнаццаць дзён. 19 З іншых апосталаў не бачыў ніводнага, апрача Якуба, брата Госпадавага. 20 А ў тым, што пішу вам, - вось, перад Богам, не хлушу. 21 Потым пайшоў я ў ваколіцы Сірыі і Цыліцыі. 22 З твару быў я невядомы цэрквам Юдэі, якія былі ў Хрысце, 23 а толькі чулі пра мяне, што той, які калісьці пераследаваў іх, цяпер дабравесціць веру, якую раней нішчыў, 24 і праз мяне славілі Бога.

Раздзел 2

1 Потым, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою і Ціта. 2 Накіраваўся ж я згодна з аб'яўленнем; і прадставіў ім, асабліва найвыдатнейшым, Евангелле, якое абвяшчаў паганам, каб часам не надарма бег, або бягу. 3 Але і Ціт, што быў са мной, хоць быў Грэк, не быў змушаны да абразання. 4 А адносна фальшывых братоў, якія падступіліся, каб выпрабаваць свабоду нашую, якую маем у Ісусе Хрысце, каб адправіць нас зноў у няволю, 5 ім мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас. 6 З тымі ж, што выдаюць сябе за некага, якімі былі калісьці, мяне нішто не вяжа: Бог не ўзіраецца на важнасць асобы. А тыя, што лічацца [за кагосьці], мне не пярэчылі. 7 Нават наадварот, калі ўбачылі, што мне даручана абвяшчаць Евангелле неабрэзаным, як Пётры абрэзаным, - 8 бо Той, Які дзейнічаў праз Пётру ў апостальстве між абрэзанымі, дзейнічаў і праз мяне між паганамі, - 9 і калі пазналі, што і мне дадзена гэтая ласка, дык Якуб, Кіфа і Ян, якіх лічылі калонамі, падалі мне і Барнабе руку лучнасці, каб мы [ішлі] да паганаў, а яны да абрэзаных, 10 каб толькі помнілі мы пра бедных, аб чым я і сам рупіўся раней, каб рабіць гэта. 11 Калі ж пасля таго Пётра прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён гэта заслужыў. 12 Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі, калі ж тыя надышлі, стаў пазбягаць і аддзяляцца, баючыся тых, што былі абрэзанымі. 13 За гэтай яго крывадушнасцю пайшлі і другія Юдэі, так што і Барнаба быў уцягнуты імі ў гэту няшчырасць. 14 Калі ж я ўбачыў, што яны не ходзяць проста, не паводле праўды Евангелля, сказаў аб гэтым Пётры ў прысутнасці ўсіх: "Калі ты, будучы Юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму змушаеш паганаў жыць па-юдэйску?" 15 Мы па прыродзе Юдэі, а не з паганаў грэшнікі, 16 ведаючы ж, што чалавек апраўдваецца не праз выкананне закону, а праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Ісуса Хрыста, каб апраўдацца верай Хрыста, а не выкананнем закону, бо выкананнем закону не апраўдаецца ніводнае цела. 17 Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, аказаліся самі грэшнымі, ці ж Хрыстос - слуга граху? Аніколі. 18 Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам. 19 Я вось праз закон памёр для закону, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны з Хрыстом: 20 дык жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстос. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву ў веры ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў на смерць Самога Сябе за мяне. 21 Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон справядлівасць, дык Хрыстос памёр бы дарма.

Раздзел 3

1 О неразумныя Галаты! Хто зачараваў вас [, каб вы не пакараліся праўдзе], [вас,] перад вачамі якіх апісаны быў Ісус Хрыстос [, між вамі] укрыжаваны? 2 Гэта адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі закону атрымалі вы Духа, ці праз слуханне веры? 3 Няўжо вы такія неразумныя, што Духам пачалі, а цяпер целам завяршаеце? 4 Столькі вы нацярпеліся, і безвынікова? Дый калі б безвынікова! 5 Той, хто вам дае Духа і робіць цуды ў вас, праз учынкі закону [творыць гэта] ці ад слухання веры? 6 Як Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць. 7 Дык ведайце, што толькі тыя, хто з веры, ёсць сыны Абрагама. 8 Таму прадбачыла Пісанне, што будзе Бог апраўдваць народы з веры, і прадвесціла Абрагаму: "У табе будуць дабраслаўлёны ўсе народы". 9 Дык дабраслаўлёны будуць з верным Абрагамам усе, хто з веры. 10 Бо тыя, што абапіраюцца на ўчынкі закону, знаходзяцца пад праклёнам. Бо напісана: "Пракляты ўсякі, хто не трывае ў тым, што напісана ў кнізе закона, каб рабіць гэта". 11 А калі ж законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, ясна, што справядлівы з веры жыць будзе. 12 Закон жа не з веры, але хто будзе спаўняць яго, той жыць будзе ім. 13 Хрыстос адкупіў нас ад праклёну закону, стаўшыся за нас праклятым, як напісана: "Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве", 14 каб дабраславенства Абрагама праз Хрыста Ісуса перайшло і на паганаў, каб абяцанне Духа атрымалі мы праз веру. 15 Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае або не дадае. 16 Вось жа Абрагаму выказаны былі абяцанні і семю яго. Не сказана: "I семям", быццам многім, але як аднаму: "I семю твайму", якім ёсць Хрыстос. 17 Гэта вось кажу: запавету [аб Хрысце], Богам зацверджанага, закон, які з'явіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адкідае, каб знішчыць абяцанне. 18 Бо калі спадчына з закону, то ўжо не з абяцання. Абрагама ж надарыў Бог праз абяцанне. 19 Нашто тады закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не прыйдзе семя, якому дадзена абяцанне; ён перададзены праз анёлаў рукою пасярэдніка. 20 Пасярэднік пры адным не бывае, а Бог адзін. 21 Ці ж закон працівіцца абяцанням Божым? Ніякім чынам. Калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, то, сапраўды, з закону вынікала б справядлівасць. 22 Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне з веры ў Ісуса Хрыста было дадзена веруючым. 23 Перш чым прыйшла вера, былі мы замкнутымі пад аховай закону, [чакаючы] веры, якая павінна была быць нам аб'яўлена. 24 Таму закон быў нашым настаўнікам у Хрысце, каб з веры былі мы апраўданы. 25 А калі прыйшла да нас вера, мы ўжо не пад настаўнікам. 26 Бо ўсе вы сталіся дзецьмі Божымі праз веру ў Хрыста Ісуса. 27 Бо вы, тыя, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся. 28 Няма ўжо Юдэя або Грэка, няма ўжо нявольніка або вольнага, няма ўжо мужчыны або жанчыны: бо ўсе вы сталіся адно ў Хрысце Ісусе. 29 Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы - семя Абрагама, спадкаемцы паводле абяцання.

Раздзел 4

1 Кажу вам: пакуль спадкаемца дзіця, ён нічым не розніцца ад нявольніка, хоць ён і гаспадар над усім, 2 але знаходзіцца да вызначанага часу пад апекунамі і аканомамі. 3 Так і мы, пакуль мы былі дзецьмі, служылі стыхіям свету. 4 А калі прыйшла поўня часу, паслаў Бог Свайго Сына, народжанага жанчынай, народжанага пад законам, 5 каб адкупіў тых, якія былі пад законам, каб і мы атрымалі ўсынаўленне. 6 А дзеля таго, што вы - сыны, паслаў Бог Духа Сына Свайго ў сэрцы нашыя, Які кліча: "Абба, Ойча!" 7 Так што ты ўжо не нявольнік, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца Божы [праз Хрыста]. 8 Але тады, калі не ведалі вы Бога, служылі тым, якія па сутнасці не ёсць багамі. 9 Цяпер жа, калі вы ўжо пазналі Бога і самі пазнаныя Богам, чаго вяртаецеся да бяссільных і бязродных стыхій, якім зноў хочаце служыць? 10 Вы глядзіце на дні, месяцы, часы і гады! 11 Баюся за вас, што, можа, надарма працаваў у вас. 12 Браты, прашу вас, будзьце такімі, як і я; бо і я стаўся такім, як вы. Нічым вы мяне не скрыўдзілі. 13 Вы ж ведаеце, як праз слабасць цела першы раз я дабравесціў вам, 14 і вы не пагардзілі спакусай [маёй] у целе маім і не адрынулі, але прынялі мяне як анёла Божага, як Хрыста Ісуса. 15 Дзе ж тады тое шчасце вашае? Сведчу вам, што калі б гэта было магчыма, дык, вочы сабе вырваўшы, аддалі б іх мне. 16 Дык ці ворагам стаўся я вам за тое, што казаў вам праўду? 17 Рупяцца яны пра вас не з дабра, але хочуць адарваць вас, каб аб іх вы рупіліся. 18 Добра рупіцца аб добрым заўсёды, а не тады толькі, калі я знаходжуся паміж вас. 19 Дзеткі мае, зноў вас нараджаю ў муках, пакуль уфармуецца ў вас Хрыстос. 20 Хацеў бы я быць у вас цяпер ды змяніць голас мой, бо сам я не ўпэўнены ў вас. 21 Скажыце мне тыя, што хочаце жыць пад законам: ці закону вы не чулі? 22 Напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго з нявольніцы, другога з вольнай. 23 Але той, што з нявольніцы, паводле цела нарадзіўся, а той, што з вольнай, - праз абяцанне. 24 Гэта як алегорыя сказана, абазначае гэта два запаветы: адзін - на гары Сінай, што на няволю родзіць, гэта Агар. 25 Бо гэта Агар - гара Сінай у Арабіі, адпавядае цяперашняму Ерузаліму і зняволена з сынамі сваімі. 26 Той жа Ерузалім, што ўгары, вольны, і ёсць маці нашай. 27 Напісана бо: "Узвесяліся, няплодная, якая не нараджаеш, усклікай і крычы, якая не пакутуеш родамі, бо ў кінутай больш дзяцей, чым у той, якая мае мужа". 28 Вы ж, браты, паводле Iзаака дзеці абяцання. 29 Але як і тады той, што паводле цела нарадзіўся, пераследаваў таго, які паводле духа, так і цяпер. 30 А што кажа Пісанне? "Выгані нявольніцу і яе сына, бо не будзе спадкаемцам сын нявольніцы разам з сынам вольнай". 31 Дык вось, браты, мы дзеці не нявольніцы, але вольнай.

Раздзел 5

1 Дык стойце ў свабодзе, якой вызваліў нас Хрыстос; і не патрапляйце зноў пад ярмо няволі. 2 Вось я, Паўла, кажу вам, што, калі вы дасцеся абрэзацца, нічым вам Хрыстос не дапаможа. 3 Яшчэ сведчу, што кожны чалавек абрэзаны павінен выконваць увесь закон. 4 Вы, што шукаеце ў законе апраўдання, ад Хрыста аддаляецеся і ад ласкі адпадаеце. 5 Мы ж духам ад веры маем надзею апраўдання. 6 Бо ў Хрысце Ісусе ані абразанне, ані неабразанне не маюць значэння, а толькі вера, што дзейнічае праз любоў. 7 Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе? 8 Перакананне гэта не ад Таго, Які вас кліча. 9 Трохі кіслі ўсё цеста квасіць. 10 Я ўпэўнены ў вас у Госпадзе, што інакш гэтага не разумееце; а хто бунтуе вас, той панясе асуджэнне, хто б ён ні быў. 11 Калі ж я, браты, і далей прапаведую абразанне, дык чаму я цярплю пераслед? Тады знікла б згаршэнне крыжа. 12 О каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць! 13 Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі каб свабоду вы не давалі як падставу [для пажадлівасці] цела, але любоўю духа служыце адзін аднаму. 14 Бо ўвесь закон адным выразам спаўняецца, вось гэтым: "Любі бліжняга свайго, як самога сябе". 15 Калі ж адзін аднаго будзеце кусаць і губіць, глядзіце, каб вы адзін аднаго не загубілі. 16 Кажу вам: кіруйцеся духам, ды не падпадайце пад пажадлівасць цела. 17 Цела бо цягне супраць духа, а дух - супраць цела; яны супрацівяцца адно аднаму, каб не тое, што хочаце, вы рабілі. 18 Калі будзеце кіравацца духам, вы не пад законам. 19 Ведамыя ж учынкі цела, вось яны: [чужаложства,] распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, 20 балванапаклонства, чараванне, варожасць, сварлівасць, зайздрасць, гнеў, звадкі, нязгода, герэзіі, 21 нянавісць, [забойствы,] п'янства, гулянкі і ім падобнае. Аб гэтым я і папярэджваў вас, і папярэджваю, што тыя, якія такое чыняць, Валадарства Божага не атрымаюць. 22 Плод жа духа - любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, ласкавасць, добрасць, вера, 23 сціпласць, стрыманасць. Супраць такіх няма закону. 24 Тыя ж, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з заганамі і пажадлівасцямі. 25 Калі жывём духам, дык духам і ходзім. 26 Давайце не імкнуцца да пустой славы, дразнячы адзін аднаго, зайздросцячы адзін аднаму.

Раздзел 6

1 Браты, калі б і правініўся чалавек якім праступкам, вы, духоўныя, навучайце такога ў духу ласкавасці, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці. 2 Насіце цяжары адзін аднаго і гэтым выконвайце закон Хрыстовы. 3 Бо калі хто думае, што ён штосьці, хоць ён нішто, той самога сябе ашуквае. 4 Хай кожны праверыць сваю дзейнасць, і так толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў другім. 5 Кожны бо панясе свой ўласны цяжар. 6 Хай той, хто навучаецца словам, дзеліцца ўсякім дабром з тым, які яго навучае. 7 Не падманвайце сябе: з Бога не пасмяешся. Што чалавек пасее, тое і пажне; 8 бо хто сее ў цела сваё, з цела і пажне знішчэнне; а хто сее ў дух, з духа пажне жыццё вечнае. 9 Не спыняймася рабіць дабро, бо у свой час і жаць будзем, калі не саслабеем. 10 Дык вось, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш блізкім па веры. 11 Гляньце, якімі літарамі напісаў я вам сваёй рукою. 12 Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца, каб толькі не цярпець пераследу за крыж Хрыстовы. 13 Але і тыя, што абразаюцца, самі не пільнуюцца закону, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца целам вашым. 14 А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету. 15 Бо ў Ісусе Хрысце не мае значэння ані абразанне, ані неабразанне, але новае стварэнне. 16 I хто будзе трымацца гэтага правіла, таму супакой і міласэрнасць, і Iзраэлю Божаму. 17 Урэшце, няхай ніхто мне не робіць цяжару, бо я нашу на сваім целе раны [Госпада] Ісуса. 18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.

Змест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: