Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПСАЛЬМЫ ў перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча (1931)

ПЕРШАЕ САБОРНАЕ ПАСЛАНЬНЕ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ІОАНА БАГАСЛОВА

Разьдзел 1

1. Аб тым, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, што разглядалі і да чаго датыкаліся рукі нашыя, аб Слове жыцьця, -

2. (бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі і сьведчым і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам),

3. аб тым, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць - з Айцом і Сынам Яго Ісусам Хрыстом.

4. I гэтае пішам вам, каб радасьць ваша была поўная.

5. I вось тое абвяшчэньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім жаднае цемры.

6. Калі мы кажам, што маем лучнасьць з Ім, а ходзім у цемры, дык манім і ня робім па праўдзе;

7. а калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, дык маем лучнасьць міжы сабою, і кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.

8. Калі кажам, што ня маем грэху, - ашуківаем самых сябе, і няма ў нас праўды.

9. Калі вызнаём грахі нашыя, дык Ён - верны і справядлівы, каб дараваць нам грахі нашыя і ачысьціць нас ад усякае няпраўды.

10. Калі кажам, што мы не саграшылі, дык робім ілжывым Яго, і няма ў нас слова Ягонага.

Разьдзел 2

1. Дзеткі мае! пішу вам гэтае, каб вы не грашылі, а калі бы хто саграшыў, дык маем Заступніка перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка;

2. Ён ёсьць зьмілаваньне за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але й за грахі ўсяго сьвету.

3. А што мы пазналі Яго, даведываемся з таго, што выпаўняем запаведзі Яго.

4. Хто кажа: я пазнаў Яго, але запаведзяў Яго не выпаўняе, той брахун, і няма ў ім праўды;

5. а хто выпаўняе слова Яго, у тым запраўды любоў Божая завяршылася: з гэтага пазнаём, што мы ў Ім.

6. Хто кажа, што ў Ім прабывае, той павінен хадзіць так, як Ён хадзіў.

7. Браты! ня новую запаведзь пішу вам, але запаведзь старадаўную, якую вы мелі ад пачатку: запаведзь старадаўная ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.

8. Зноў жа і новую запаведзь пішу вам, што праўдзіва і ў Ім, і ў вас: што праходзе цемра, і праўдзівае сьвятло сьвеціць ужо.

9. Хто кажа, што ён у сьвятле, а ненавідзіць брата свайго, той у цемры дагэтуль.

10. Хто любіць брата свайго, той прабывае ў сьвятле, і няма ў ім спакушэньня;

11. а хто ненавідзіць брата свайго, той у цемры знаходзіцца і ў цемры ходзіць ды ня ведае, куды йдзе, бо цемра вочы яму асьляпіла.

12. Пішу вам, дзеткі, што дараваны вам грахі дзеля іменьня Яго.

13. Пішу вам, айцы, бо вы пазналі Істнуючага ад пачатку. Пішу вам, дзяцюкі, бо вы перамаглі злога. Пішу вам, падросткі, бо вы пазналі Айца.

14. Я напісаў вам, айцы, бо вы пазналі Беспачатнага. Я напісаў вам, дзяцюкі, бо вы дужыя, і слова Божае трывае ў вас, і вы перамаглі злога.

15. Ня любеце сьвету, ні таго, што ў сьвеце. Хто любіць сьвет, у тым няма любві Айца.

16. Бо ўсё, што ў сьвеце: пажаданьне цела, пажаданьне вачэй і пыха жыцьцёвая, - ня ёсьць ад Айца, але ад гэтага сьвету.

17. I сьвет праходзе, і пажаданьне яго, а хто выпаўняе волю Божую, той трывае давеку.

18. Дзеці! Апошняя гадзіна! I, як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, а цяпер зьявілася многа антыхрыстаў, дык мы і пазнаём з гэтага, што настала апошняя гадзіна.

19. Яны выйшлі спаміж нас, але ня былі з нашых; бо, каб яны былі з нашых, дык асталіся-б з намі; але яны выйшлі, каб выявілася, што ня ўсе з нашых.

20. Дый вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсё.

21. Я напісаў вам не затым, што вы ня ведалі-б праўды, але затым, што вы ведаеце яе, дый што ўсякая ілжа не ад праўды.

22. Хто брахун, калі ня той, хто адкідае, што Ісус ёсьць Хрыстос? Гэта - антыхрыст, які адкідае Айца і Сына.

23. Усякі, хто адкідае Сына, ня мае і Айца.

24. Дык што вы чулі ад пачатку, тое няхай і прабывае ў вас; калі прабывацьме ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, то й вы прабываць будзеце ў Сыне і Айцу.

25. I вось гэтае абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.

26. Гэта я напісаў вам аб тых, што зводзяць вас.

27. Дый памазаньне, якое вы дасталі ад Яго, у вас прабывае, і вы ня маеце патрэбы, каб хто вучыў вас; але, як гэтае самае памазаньне вучыць вас аб усім, а яно праўдзівае і не манлівае, дык, як яно навучыла вас, у тым прабывайце.

28. Дык вось, дзеткі, прабывайце ў Ім, каб, як Ён зьявіцца, мець нам адвагу й не асароміцца перад Ім у прыход Ягоны.

29. Калі вы ведаеце, што Ён праведнік, дык ведайце й тое, што ўсякі, хто праўду робе, ад яго народжаны.

Разьдзел 3

1. Глядзеце, якую любоў даў нам Ацец, каб нам называцца Дзяцьмі Божымі. Сьвет затым няведае вас, што не пазнаў Яго.

2. Умілаваныя! мы цяпер дзеці Божыя, але яшчэ ня выявілася, што мы будзем. Ведаем толькі, што, калі выявіцца, дык будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць.

3. I ўсякі, хто мае гэту надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.

4. Усякі, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне, і грэх ёсьць беззаконьне.

5. I вы ведайде, што Ён зьявіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.

6. Усякі, хто ў Ім прабывае, не грашыць; усякі, хто грашыць, ня бачыў Яго і не пазнаў Яго.

7. Дзеткі! няхай ніхто вас ня зводзіць. Хто робіць праўду, той праведны, як і Ён праведны.

8. Хто робіць грэх, той ад д'ябла, бо ад пачатку д'ябал грашыць. Дзеля гэтага і зьявіўся Сын Божы, каб зьніштожыць дзела д'яблавае.

9. Усякі, народжаны ад Бога, грэху ня робіць, бо насеньне Яго прабывае ў ім, і ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.

10. Дзеці Божыя і дзеці д'яблавы пазнаюцца гэтак: кожын, хто ня робіць праўды, ня ёсьць ад Бога, таксама як і той, хто ня любіць брата свайго.

11. Бо гэткае ёсьць абвяшчэньне, што вы чулі ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго, -

12. ня гэтак, як Каін, што быў ад ліхога й забіў свайго брата. А за што забіў яго? За тое, што ягоныя ўчынкі былі благія, а брата яго - справядлівыя.

13. Ня дзівуйцеся, браты маі, калі сьвет ненавідзіць вас.

14. Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто-ж ня любіць брата, прабывае ў сьмерці.

15. Кожын, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагуб; а вы ведаеце, што ніводзін душагуб ня мае жыцьця вечнага, у ім прабываючага.

16. У тым пазналі мы любоў, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны пакладаць душы свае за братоў.

17. А хто мае дастатак у сьвеце, але, бачучы брата свайго ў патрэбе, зачыняе ад яго сэрца свае, - дык як прабывае ў ім любоў Божая? 18. Дзеткі мае! Будзем любіць ня словам ці языком, але дзелам і праўдаю! 19. I гэтак пазнаем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім сэрцы нашыя.

20. Бо, калі сэрца нас асуджае, дык тым балей Бог, бо Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.

21. Умілаваныя! Калі сэрца нашае не асуджае нас, дык маем адвагу перад Богам,

22. і, чаго ні папросім, дастанем ад Яго, бо выпаўняем запаведзі Яго і робім добрае прад абліччам Ягоным.

23. А запаведзь Яго тая, каб мы верылі ў імя Сына Яго Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён запаведаў нам.

24. I хто захоўвае запаведзі Яго, той прабывае ў Ім, і Ён у тым. А што ён прабывае ў нас, даведваемся па Духу, Якога Ён нам даў.

Разьдзел 4

1. Умілаваныя! ня ўсякаму духу верце, але выспрабуйце духаў, ці ад Бога яны, бо многа зьявілася на сьвеце фальшывых прарокаў.

2. Духа Божага пазнавайце з гэтага: усякі дух, які вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога;

3. а ўсякі дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе, ня ёсьць ад Бога, і гэта дух антыхрыста, аб якім вы чулі, што ён прыдзе, і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.

4. Дзеткі! вы - ад Бога і вы перамаглі іх; бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьвеце.

5. Яны ад сьвету, бо і гавораць ад сьвету, і сьвет слухае іх.

6. Мы ад Бога: хто знае Бога, слухае нас; хто не ад Бога, той ня слухае нас. Гэтак вось і пазнаем духа праўды і духа манлівасьці.

7. Умілаваныя! будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і знае Бога.

8. Хто ня любіць, той не пазнаў Бога, бо Бог ёсьць любоў.

9. Божая любоў да нас у тым выявілася, што Бог паслаў на сьвет адзінароднага Сына Свайго, каб мы жылі праз Яго.

10. У тым любоў, не што мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго дзеля зьмілаваньня над грахамі нашымі.

11. Умілаваныя! калі Бог палюбіў нас гэтак, дык і мы павінны любіць адзін аднаго.

12. Бога ніхто ніколі ня бачыў: калі-ж мы любім адзін аднаго, дык Бог у нас прабывае, і любоў Яго дасканалая ў нас.

13. Што мы прабываем у Ім, і Ён у нас, пазнаем па тым, што Ён даў нам ад Духа Свайго.

14. I мы бачылі й сьведчым, што Ацец паслаў Сына, Збавіцеля сьвету.

15. Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым прабывае Бог, і ён у Богу.

16. I мы пазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе. Бог ёсьць любоў, і той, хто прабывае ў любві, прабывае ў Богу, і Бог у ім.

17. Любоў дасканаліцца з намі на тое, каб мы мелі адвагу ў дзень суда, бо які Ён, гэткія й мы ў гэтым сьвеце.

18. Страху няма ў любві, але дасканалая любоў вон выганяе страх, бо ў страху ёсьць мучэньне; хто баіцца, той у любві недасканалы.

19. Мы любім Яго, бо Ён перш палюбіў нас.

20. Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той брахун; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, якога ня бачыць?

21. I мы маем ад Яго гэткую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.

Разьдзел 5

1. Кожын, хто веруе, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожын, хто любіць Радзіўшага, любіць і Народжанага ад Яго.

2. Што любім дзяцей Божых, пазнаем з таго, калі любім Бога і выпаўняем запаведзі Яго.

3. Бо тое ёсьць любоў да Бога, каб мы выпаўнялі запаведзі Яго; і запаведзі Яго не цяжкія.

4. Бо кожны, народжаны ад Бога, перамагае сьвет; і гэтая перамога, што перамагла сьвет, вера нашая.

5. Хто той, што перамагае сьвет, калі ня веруючы, што Ісус ёсьць Сын Божы?

6. Гэты ёсьць Ісус Хрыстос, які прайшоў праз ваду і кроў; не праз ваду толькі, але праз ваду і кроў; і Дух сьведчыць, бо Дух ёсьць праўда.

7. Бо тры сьведчаць на небе: Ацец, Слова і Сьвяты Дух, і гэтыя тры ёсьць адно.

8. I тры сьведчаць на зямлі: дух, вада і кроў; і гэтыя тры - адно.

9. Калі мы прымаем сьведчаньне чалавечае, дык сьведчаньне Божае - большае, бо гэта ёсьць сьведчаньне Божае, якім Бог сьведчыць аб Сыне Сваім.

10. Хто ў Сына Божага веруе, мае пасьведчаньне ў самым сабе; хто ня верыць Богу, той ілжывым зрабіў Яго, бо ня ўвераваў у пасьведчаньне, якім Бог засьведчыў аб Сыне Сваім.

11. А гэтае сьведчаньне ў тым, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Яго.

12. Хто мае Сына, мае жыцьцё; хто Сына Божага ня мае, ня мае жыцьця.

13. Гэтае напісаў я вам, веруючым у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае, ды каб веравалі ў імя Сына Божага.

14. I вось адвага, якую мы маем да Яго, што, калі просім чаго водле волі Яго, Ён слухае нас;

15. а калі мы ведаем, што Ён слухае нас у-ва ўсім, чаго-б мы ні прасілі, - дык ведаем, што дастанем прошанае ад Яго.

16. Калі хто бачыць брата свайго, які грашыць грэхам не на сьмерць, то няхай моліцца, і (Бог) дасьць яму жыцьцё, гэным, што грашаць не на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць: не аб гэтым кажу маліцца.

17. Усякая няпраўда ёсьць грэх, але грэх не на сьмерць.

18. Мы ведаем, што кожын, хто народжаны ад Бога, не грашыць; а народжаны ад Бога захоўвае сябе, і ліхі не зачэпіць яго.

19. Мы ведаем, што мы ад Бога, і што ўвесь сьвет ляжыць у зьле.

20. Ведаем такжа, што Сын Божы прыйшоў і даў нам розум, каб пазналі (Бога) праўдзівага; і мы ў праўдзівым Сыне Яго Ісусе Хрысьце: Гэты ёсьць праўдзівы Бог і жыцьцё вечнае.

21. Дзеткі! захоўвайце сябе ад ідалаў. Амін.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: