ТРЭЦЯЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ЯНА
1. Староста - улюбёнаму Гаю, якога я люблю ў праўдзе.
2. Улюбёны! Малюся, каб ты быў здаровы і пасьпяховы ў-ва ўсім, як пасьпяховая душа твая.
3. Бо я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе.
4. Для мяне няма большай радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у праўдзе.
5. Улюбёны! Ты робіш вернае ў тым, што робіш для братоў і для чужынцаў,
6. якія засьведчылі перад царквою пра тваю любоў. Ты добра зробіш, правёўшы іх, як належыцца перад Богам,
7. бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, нічога ня ўзяўшы ад паганаў.
8. А мы павінны прыймаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе.
9. Я пісаў царкве, але Дыятрэф, які любіць у іх быць першым, не прызнае нас.
10. Дзеля гэтага, калі я прыйду, нагадаю пра ўчынкі ягоныя, якія ён робіць, абмаўляючы нас злымі словамі; і не задавольваючыся гэтым, і сам не прызнае братоў, і тым, якія хочуць, забараняе, і выганяе з царквы.
11. Улюбёны! Не пераймай ліхое, але добрае. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць ліхое, ня бачыў Бога.
12. Пра Дэмэтрыя засьведчана ўсімі і самой праўдаю, і мы сьведчым, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае праўдзівае.
13. Шмат меў я пісаць, але не хачу пісаць табе атрамантам і трысьцінай,
14. а спадзяюся неўзабаве пабачыць цябе і гаварыць вуснамі ў вусны.
15. Супакой табе! Вітаюць цябе сябры; прывітай сяброў паіменна.
Зьмест
|