Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПРЫПОВЕСЬЦІ ў перакладзе А.Бокуна (2016)

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА

Разьдзел 1

1. На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. 2. Яно было ў Бога спрадвеку. 3. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася. 4. У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей. 5. І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго. 6. Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яго Ян. 7. Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыў пра Сьвятло, каб усе мелі веру праз яго. 8. Ня быў ён сьвятлом, але каб сьведчыў пра Сьвятло. 9. Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у сьвет. 10. Было Яно ў сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў. 11. Да сваіх прыйшло, і свае Яго не прынялі?. 12. А тым, што прынялі Яго, дало Яно ім сілу дзецьмі Божымі стацца, тым, якія вераць у імя Яго, 13. тым, што не ад крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся. 14. І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ў Айца. 15. Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: "Гэта Той, пра Якога я сказаў: "Той, Які пасьля мяне ідзе, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў"". 16. І ад поўнасьці Яго ўсе мы прынялі ласку на ласку. 17. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста. 18. Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлоньні Айца, Той зьявіў. 19. І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерусаліму паслалі сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: "Хто ты?" 20. І ён прызнаў, і ня выракся, і прызнаў: "Я - не Хрыстос". 21. І спыталіся ў яго: "Дык што? Ты - Ільля?" І гаворыць: "Не". "Прарок?" І адказаў: "Не". 22. Дык сказалі яму: "Хто ж ты? Каб нам даць адказ тым, якія нас паслалі, што ты кажаш пра самога сябе?" 23. Ён сказаў: "Я - голас таго, хто кліча ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая". 24. А пасланыя былі з фарысэяў. 25. І яны спыталіся ў яго, і сказалі яму: "Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?" 26. Адказаў ім Ян, кажучы: "Я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас Той, Якога вы ня ведаеце; 27. гэта Той, Які ідзе за мною, але наперадзе мяне быў, Якому я ня варты разьвязаць рамень сандалаў Ягоных". 28. Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе хрысьціў Ян. 29. На наступны дзень бачыць Ян Ісуса, Які ішоў да яго, і кажа: "Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грэх сьвету. 30. Гэта Той, пра Якога я сказаў: "Ідзе за мною Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў". 31. І я ня ведаў Яго; але дзеля таго, каб Ён быў зьяўлены Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадою". 32. І засьведчыў Ян, кажучы: "Я бачыў Духа, Які зыходзіў з неба як голуб і застаўся на Ім. 33. І я ня ведаў Яго, але Той, Які паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: "На Кім угледзіш Духа, Які зыходзіць і застаецца на Ім, Ён і ёсьць Той, Які хрысьціць Духам Сьвятым". 34. І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён і ёсьць Сын Божы". 35. На наступны дзень ізноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных. 36. І, угледзеўшы, што ідзе Ісус, ён гаворыць: "Вось, Ягня Божае!" 37. І пачулі двое вучняў ягоных, як казаў гэта, і пайшлі за Ісусам. 38. Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: "Што шукаеце?" Яны ж сказалі Яму: "Раббі, - што перакладаецца Настаўнік, - дзе жывеш?" 39. Гаворыць ім: "Прыйдзіце і ўбачыце". Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго той дзень. Было ж каля дзясятае гадзіны. 40. Адзін з двух, якія пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. 41. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: "Мы знайшлі Мэсію, - што перакладаецца Хрыстос". 42. І ён прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: "Ты - Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, - што перакладаецца Камень". 43. На наступны дзень Ісус хацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Філіпа, і кажа яму: "Ідзі за Мною". 44. Філіп жа быў з Бэтсаіды, з гораду Андрэя і Пятра. 45. Філіп знаходзіць Натанаэля і кажа яму: "Мы знайшлі Таго, пра Каго пісаў Майсей у Законе і Прарокі, - Ісуса, сына Язэпа, што з Назарэту". 46. І сказаў яму Натанаэль: "Ці ж можа быць што добрае з Назарэту?" Гаворыць яму Філіп: "Прыйдзі і паглядзі". 47. Ісус убачыў Натанаэля, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: "Вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма подступу". 48. Натанаэль кажа Яму: "Адкуль Ты даведаўся пра мяне?" Адказаў Ісус і сказаў яму: "Раней, чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад дрэвам фігавым, Я бачыў цябе". 49. Адказаў Яму Натанаэль: "Раббі! Ты - Сын Божы! Ты - Валадар Ізраіля!" 50. Адказаў Ісус і сказаў яму: "Ты верыш, бо Я сказаў табе: Я бачыў цябе пад дрэвам фігавым? Угледзіш больш за гэтае". 51. І кажа яму: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: ад цяпер угледзіце неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага".

Разьдзел 2

1. На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісуса была там. 2. Быў таксама запрошаны і Ісус, і вучні Ягоныя на вясельле. 3. І, як не хапіла віна, маці Ісуса кажа Яму: "Віна ня маюць". 4. Кажа ёй Ісус: "Што Мне і табе, жанчына? Гадзіна Мая яшчэ не прыйшла". 5. Гаворыць маці Ягоная слугам: "Што Ён вам скажа, зрабіце". 6. Было ж там шэсьць каменных глякоў, якія стаялі дзеля ачышчэньня юдэйскага і зьмяшчалі дзьве ці тры меры. 7. Кажа ім Ісус: "Напоўніце вадою глякі". І напоўнілі іх да верху. 8. І кажа ім: "Чэрпайце цяпер і нясіце да маршалка". І занесьлі. 9. Калі ж маршалак пакаштаваў вады, якая сталася віном, - а ён ня ведаў, адкуль яно, слу?гі ж, якія налівалі ваду, ведалі, - кліча жаніха 10. і кажа яму: "Кожны чалавек перш падае добрае віно, а як нап'юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль". 11. Так зрабіў Ісус у Кане Галілейскай пачатак знакам і выявіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя. 12. Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капэрнаум, Сам і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і заставаліся там некалькі дзён. 13. І была блізка Пасха юдэйская, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім. 14. І знайшоў у сьвятыні тых, што прадавалі валоў, авечак і галубоў, і мянялаў, якія там сядзелі. 15. І, зрабіўшы біч з вяровак, Ён выгнаў са сьвятыні ўсіх, а таксама авечак і валоў, і грошы мянялам рассы?паў, і сталы іх абярнуў; 16. і сказаў тым, што прадавалі галубоў: "Забярыце гэта адсюль і не рабіце дом Айца Майго домам гандлю". 17. І ўзгадалі вучні Ягоныя, што напісана: "Руплівасьць пра дом Твой зьядае Мяне". 18. Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: "Які знак пакажаш нам, што гэтак робіш?" 19. Адказаў Ісус і сказаў ім: "Зруйнуйце гэтую бажні?цу, і Я ў тры дні адбудую яе". 20. Сказалі тады Юдэі: "Сорак шэсьць гадоў будавалася бажні?ца гэтая, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?" 21. А Ён гаварыў пра бажні?цу цела Свайго. 22. Калі ж Ён уваскрос з мёртвых, узгадалі вучні Ягоныя, што Ён казаў гэтае, і паверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Ісус. 23. Калі ж Ён быў у Ерусаліме на Пасху ў сьвяты, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія Ён чыні?ў. 24. Але Сам Ісус не даверыўся ім, бо ведаў усіх 25. і ня меў патрэбы, каб хто сьведчыў пра чалавека, бо Ён ведаў, што было ў чалавеку.

Разьдзел 3

1. Быў жа сярод фарысэяў чалавек на імя Нікадэм, начальнік юдэйскі. 2. Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: "Раббі! Мы ведаем, што Ты Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з ім Бог". 3. Адказаў яму Ісус і сказаў: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца звыш, ня можа ўбачыць Валадарства Божага". 4. Кажа Яму Нікадэм: "Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці сваёй і нарадзіцца?" 5. Адказаў Ісус: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае. 6. Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух. 7. Не зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: Трэба вам нарадзіцца звыш. 8. Дух дыхае, дзе хоча, і голас Яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць; гэтак і ўсякі, народжаны з Духа". 9. Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: "Як гэта можа стацца?" 10. Адказаў Ісус і сказаў яму: "Ты - настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш? 11. Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага не прыймаеце. 12. Калі Я сказаў вам пра зямное, і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць пра нябеснае? 13. І ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Сын Чалавечы, Які ў небе, Які з неба зыйшоў. 14. І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы, 15. каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. 16. Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. 17. Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзі?ць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго. 18. Хто верыць у Яго, ня су?дзіцца, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. 19. Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі злыя. 20. Бо кожны, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не былі дакараныя ўчынкі ягоныя. 21. А хто чы?ніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены". 22. Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую, і там быў з імі, і хрысьціў. 23. Ян жа таксама хрысьціў у Эноне, недалёка ад Салему, бо вады там было шмат, і прыходзілі туды, і хрысьціліся, 24. бо Ян яшчэ ня быў кінуты ў вязьніцу. 25. І сталася спрэчка ў Янавых вучняў з Юдэямі пра ачышчэньне. 26. І прыйшлі да Яна, і сказалі яму: "Раббі! Той, Які быў з табою за Ярданам, пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць, і ўсе ідуць да Яго". 27. Адказаў Ян і сказаў: "Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба. 28. Самі вы сьведкі мне ў тым, што я сказаў: "Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім". 29. Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра жаніха, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца дзеля голасу жаніха. Вось гэтая радасьць мая споўнілася. 30. Яму трэба расьці, а мне - малець". 31. Хто з вышыні? прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, 32. і што бачыў і чуў, пра тое сьведчыць, і ніхто не прыймае сьведчаньня Ягонага. 33. Хто ж прыняў Яго сьведчаньне, той запячатаў, што Бог праўдзівы. 34. Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня мераючы дае Бог Духа. 35. Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго. 36. Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ў Сына ня верыць, ня ўгледзіць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім.

Разьдзел 4

1. Калі ж даведаўся Госпад, што пачулі фарысэі, што Ісус больш вучняў здабывае і хрысьціць, чым Ян, - 2. хоць Сам Ісус не хрысьціў, але вучні Ягоныя, - 3. пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею. 4. Мусіў жа Ён праходзіць праз Самарыю. 5. І вось, прыходзіць Ён у горад Самарыйскі, называны Сыхар, недалёка поля, якое даў Якуб Язэпу, сыну свайму. 6. Была ж там крыніца Якуба. Дык Ісус, стомлены падарожжам, сеў ля крыніцы. Было каля шостае гадзіны. 7. Прыходзіць жанчына з Самарыі начэрпаць вады. Гаворыць ёй Ісус: "Дай Мне піць". 8. Бо вучні Ягоныя адыйшлі ў горад набыць ежы. 9. Жанчына Самаранка кажа Яму: "Як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны Самаранкі?" Бо Юдэі ня маюць зносін з Самаранамі. 10. Адказаў Ісус і сказаў ёй: "Калі б ты ведала дар Божы і Хто кажа табе: "Дай Мне піць", то ты прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое". 11. Гаворыць Яму жанчына: "Пане! У Цябе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі. Дык адкуль у Цябе вада жывая? 12. Няўжо Ты большы за бацьку нашага Якуба, які даў нам гэты калодзеж і сам з яго піў, і сыны ягоныя, і статак ягоны?" 13. Адказаў Ісус і сказаў ёй: "Усякі, хто п'е гэтую ваду, зноў будзе смагнуць. 14. Хто ж вып'е ваду, якую Я яму дам, ня будзе смагнуць ніколі, але вада, якую Я дам яму, станецца ў ім крыніцаю вады, якая цячэ ў жыцьцё вечнае". 15. Гаворыць Яму жанчына: "Пане! Дай мне гэтай вады, каб я ня смагнула і не прыходзіла сюды чэрпаць". 16. Гаворыць ёй Ісус: "Ідзі, пакліч мужа твайго і прыходзь сюды". 17. Адказала жанчына і сказала: "Я ня ма?ю мужа". Гаворыць ёй Ісус: "Добра ты сказала, што ня маеш мужа, 18. бо мела ты пяць мужоў, і той, якога цяпер маеш, ня муж табе. Гэта ты праўдзіва сказала". 19. Гаворыць Яму жанчына: "Пане! Бачу, што Ты - прарок. 20. Бацькі? нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерусаліме месца, дзе павінны пакланяцца". 21. Гаворыць ёй Ісус: "Жанчына, павер Мне, што прыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерусаліме ня будзеце пакланяцца Айцу. 22. Вы ня ведаеце, каму пакланяецеся; а мы ведаем, Каму пакланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў. 23. Але прыходзіць час, і ён ужо прыйшоў, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе. 24. Бог ёсьць Дух, і тыя, якія пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе". 25. Гаворыць Яму жанчына: "Ведаю, што прыходзіць Мэсія, называны Хрыстос, і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё". 26. Гаворыць ёй Ісус: "Гэта Я, Які гавару з табою". 27. У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гаварыў з жанчынаю, але ніводзін не сказаў: "Што шукаеш?" ці: "Што гаворыш з ёю?" 28. Тады жанчына пакінула гляк свой, і адыйшла ў горад, і гаворыць людзям: 29. "Пайдзіце, пабачце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстос гэта?" 30. Яны выйшлі з гораду і пайшлі да Яго. 31. Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: "Раббі! Еш". 32. Ён жа сказаў ім: "Я ем ежу, якой вы ня ведаеце". 33. Тады вучні гаварылі паміж сабою: "Няўжо нехта прынёс Яму есьці?" 34. Гаворыць ім Ісус: "Мая ежа ў тым, каб выканаць волю Таго, Хто Мяне паслаў, і скончыць справу Яго. 35. Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і прыйдзе жніво? Вось, Я кажу вам: Падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, як яны пабялелі да жніва. 36. Хто жне, атрымлівае плату і зьбірае плён дзеля жыцьця вечнага, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся. 37. Бо ў гэтым спраўджваецца слова: "Адзін сее, а другі жне". 38. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы прыйшлі на працу іхнюю". 39. І шмат Самаранаў з гораду таго паверылі ў Яго праз слова жанчыны, якая сьведчыла: "Ён сказаў мне ўсё, што я зрабіла". 40. І вось, калі прыйшлі да Яго Самаране, то прасілі Яго застацца ў іх, і Ён застаўся там два дні. 41. І яшчэ больш паверыла праз слова Яго. 42. А жанчыне гэтай казалі: "Ужо ня дзеля твайго аповеду верым, бо мы самі чулі і даведаліся, што гэта праўдзіва Збаўца сьвету, Хрыстос". 43. Праз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галілею. 44. Бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне. 45. Калі ж прыйшоў Ён у Галілею, Галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсе, што зрабіў у Ерусаліме ў часе сьвята; бо і самі яны хадзілі на сьвята. 46. І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў з вады віно. І быў у Капэрнауме нейкі ўрадовец, у якога занядужаў сын. 47. Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і аздаравіць сына ягонага, бо той канаў. 48. І сказаў яму Ісус: "Вы не паверыце, калі ня ўбачыце знакаў і цудаў". 49. Урадовец кажа Яму: "Госпадзе! Прыйдзі, пакуль не памёр хлопчык мой". 50. Кажа яму Ісус: "Ідзі, сын твой жывы!" І паверыў чалавек той словам, якія сказаў яму Ісус, і пайшоў. 51. І калі ён ужо вяртаўся дадому, перанялі яго слу?гі ягоныя і паведамілі, кажучы: "Сын твой жывы". 52. Ён спытаўся ў іх: "А якой гадзіне палягчэла яму?" І сказалі яму: "Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго". 53. Дык даведаўся бацька, што гэта была тая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: "Сын твой жывы". І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны. 54. Гэта ўжо другі знак учыні?ў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.

Разьдзел 5

1. Пасьля гэтага было сьвята юдэйскае, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім. 2. Ёсьць жа ў Ерусаліме ля Авечае брамы сажалка, якая завецца па-гебрайску Бэтэзда і якая мае пяць прысенкаў. 3. У іх ляжала вялікае мноства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, якія чакалі руху вады; 4. бо анёл Госпадаў у пэўны час зыходзіў у сажалку і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той ставаўся здаровым, на што б ні хварэў. 5. І быў тут нейкі чалавек, які меў нядужасьць трыццаць восем гадоў. 6. Ісус убачыў яго, што ён ляжаў, і, даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: "Ці хочаш стацца здаровым?" 7. Нядужы адказаў Яму: "Пане, я ня ма?ю чалавека, які спусьціў бы мяне ў сажалку, калі ўскаламуціцца вада; калі ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць раней за мяне". 8. Кажа яму Ісус: "Устань, вазьмі ложак твой і хадзі". 9. І адразу стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў ложак свой, і пайшоў. Была ж субота ў той дзень. 10. Дзеля гэтага Юдэі казалі аздароўленаму: "Сёньня субота, ня можна табе браць ложак". 11. Ён адказаў ім: "Той, Які мяне зрабіў здаровым, Ён мне сказаў: "Вазьмі ложак твой і хадзі"". 12. Тады спыталіся ў яго: "Хто Той Чалавек, Які сказаў табе: "Вазьмі ложак твой і хадзі?"" 13. Аздароўлены ж ня ведаў, хто Ён, бо Ісус зьнік у натоўпе, які быў у тым месцы. 14. Пасьля гэтага Ісус знаходзіць яго ў сьвятыні і кажа яму: "Вось, ты стаўся здаровым, не грашы больш, каб ня сталася з табою нешта горшае". 15. Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што гэта Ісус аздаравіў яго. 16. І дзеля гэтага пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса, і шукалі, каб забіць Яго, бо Ён учыні?ў гэткае ў суботу. 17. Ісус жа адказваў ім: "Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю". 18. Дзеля гэтага Юдэі яшчэ больш шукалі, каб забіць Яго, бо Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу. 19. Тады адказваў Ісус і сказаў ім: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе, калі ня бачыць Айца, Які робіць, бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама. 20. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, ажно вы зьдзівіцеся. 21. Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча. 22. Бо Айцец і ня су?дзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну, 23. каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе і Айца, Які паслаў Яго. 24. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае і на суд не ідзе, але перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё. 25. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Прыходзіць гадзіна, і яна ўжо прыйшла, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць. 26. Бо як Айцец мае жыцьцё ў Сабе, так і Сыну даў жыцьцё мець у Сабе. 27. І даў Яму ўладу чыні?ць суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы. 28. Не зьдзіўляйцеся гэтаму: бо прыходзіць гадзіна, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Ягоны, 29. і выйдуць тыя, што чыні?лі добрае, на ўваскрашэньне жыцьця, а тыя, што чыні?лі благое, - на ўваскрашэньне суду. 30. Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой праведны, бо Я не шукаю Маёй волі, але волі Айца, Які паслаў Мяне. 31. Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, сьведчаньне Маё ня ёсьць праўдзівае. 32. Ёсьць Другі, Які сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць пра Мяне. 33. Вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра праўду. 34. Але Я не ад чалавека прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя. 35. Ён быў сьвечкай, якая гарэла і сьвяціла, а вы хацелі часіну радавацца пры сьвятле ягоным. 36. Я ж ма?ю сьведчаньне, большае за Янава, бо справы, якія Айцец даў Мне скончыць, самыя гэтыя справы, якія Я раблю, сьведчаць пра Мяне, бо Айцец паслаў Мяне, 37. і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў пра Мяне. Але вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі, 38. і ня маеце слова Ягонага, якое ў вас было б, бо ня верыце Таму, Каго Ён паслаў. 39. Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце праз іх мець жыцьцё вечнае, і яны сьведчаць пра Мяне. 40. Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё. 41. Славы ад людзей не прыймаю, 42. але ведаю вас, што любові да Бога ня маеце ў сабе. 43. Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прыймаеце Мяне, а калі другі прыйдзе ў сваё імя, таго прыймеце. 44. Як вы можаце верыць, калі прыймаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая ад адзінага Бога, не шукаеце. 45. Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом; ёсьць на вас абвінавальнік Майсей, на якога вы спадзеяцёся. 46. Бо, калі б вы верылі Майсею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне. 47. Калі ж ягоным пісаньням ня верыце, як Маім словам паверыце?"

Разьдзел 6

1. Пасьля гэтага адыйшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, значыцца, Тыбэрыядзкага. 2. І ішоў за Ім шматлікі натоўп, бо бачылі знакі, якія Ён учыня?ў адносна нядужых. 3. І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі. 4. А была блізка Пасха, сьвята юдэйскае. 5. Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледзеўшы, што вялікі натоўп ідзе да Яго, кажа Філіпу: "Дзе мы купім хлеба, каб яны пад'елі?" 6. Казаў жа Ён гэта, спакушаючы яго, бо Сам ведаў, што меўся зрабіць. 7. Адказаў Яму Філіп: "Ім на дзьвесьці дынараў ня хопіць хлеба, каб кожны з іх атрымаў хоць нешта". 8. Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра: 9. "Тут ёсьць адзін хлопчык, які мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы; але што гэта для такога мноства?" 10. Ісус сказаў: "Скажыце людзям узьлегчы". Было ж на тым месцы шмат травы. Тады ўзьлеглі мужчыны лікам каля пяці тысячаў. 11. І ўзяў Ісус хлябы, і, падзякаваўшы, раздаў вучням, а вучні - тым, якія ўзьляглі, падобным чынам і рыбы, колькі хто хацеў. 12. Калі ж яны насыціліся, Ён кажа вучням Сваім: "Зьбярыце кавалкі, якія засталіся, каб нічога не прапала". 13. Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі. 14. Людзі ж, убачыўшы знак, які ўчыні?ў Ісус, казалі: "Гэта сапраўды Прарок, Які прыходзіць у сьвет". 15. Ісус жа, даведаўшыся, што яны маюць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць Яго валадаром, ізноў адыйшоў на гару адзін. 16. Калі надыйшоў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора 17. і, увайшоўшы ў човен, паплылі на другі бок мора ў Капэрнаум. І было ўжо цёмна, і Ісус не прыйшоў да іх. 18. А мора хвалявалася, бо дзьмуў моцны вецер. 19. Праплыўшы каля дваццаці ці трыццаці стадыяў, яны бачаць Ісуса, Які ідзе па моры і ўжо недалёка ад чаўна, і спалохаліся. 20. Ён жа кажа ім: "Гэта Я, ня бойцеся!" 21. Яны хацелі ўзяць Яго ў човен, і адразу човен прыстаў да берагу, да якога плылі. 22. На заўтра натоўп, які стаяў на другім баку мора, убачыў, што там не было другога чаўна, апрача аднаго, у які ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Ягоныя. 23. Другія ж чаўны прыплылі з Тыбэрыяды, паблізу ад таго месца, дзе елі хлеб, за які дзякаваў Госпад. 24. Калі натоўп убачыў, што там няма ані Ісуса, ані вучняў Ягоных, дык увайшлі ў чаўны і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса. 25. І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: "Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?" 26. Адказаў ім Ісус і сказаў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі знак, але таму, што елі хлеб і наеліся. 27. Працуйце ж не дзеля ежы, што зьнішчаецца, але дзеля ежы, якая застаецца ў жыцьцё вечнае, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог". 28. Тады сказалі Яму: "Што нам рабіць, каб рабіць справы Божыя?" 29. Адказаў Ісус і сказаў ім: "Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў". 30. Тады яны сказалі Яму: "Які тады зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчы?ніш? 31. Бацькі? нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: "Хлеб з неба даў ім есьці"". 32. Сказаў тады ім Ісус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам праўдзівы хлеб з неба, 33. бо хлеб Божы ёсьць Той, Які зыходзіць з неба і дае жыцьцё сьвету". 34. Тады сказалі Яму: "Госпадзе! Давай нам заўсёды такі хлеб". 35. Ісус жа сказаў ім: "Я ёсьць хлеб жыцьця. Хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе смагнуць ніколі. 36. Але Я сказаў вам, што вы бачылі Мяне, і ня верыце. 37. Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч, 38. бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб чыні?ць Маю? волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне. 39. А гэта ёсьць воля Айца, Які паслаў Мяне, каб з таго, што Ён Мне даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё ў апошні дзень. 40. Гэта ж ёсьць воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень". 41. Тады Юдэі пачалі наракаць на Яго, бо Ён сказаў: "Я ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў", 42. і гаварылі: "Ці ж Ён не Ісус, сын Язэпаў, бацьку і маці Якога мы ведаем? Як жа Ён кажа: "Я зыйшоў з неба"?" 43. Тады адказаў Ісус і сказаў ім: "Не наракайце між сабою. 44. Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. 45. Напісана ў Прарокаў: "І будуць усе навучаны Богам". Дык кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне. 46. Не таму, што нехта бачыў Айца, акрамя Таго, Які ў Бога, Ён бачыў Айца. 47. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае. 48. Я - хлеб жыцьця. 49. Бацькі? вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі. 50. Хлеб жа, які з неба зыходзіць, такі, што той, хто будзе есьці яго, не памрэ. 51. Я - хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто будзе есьці хлеб гэты, жыць будзе на вякі. Хлеб жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, якое Я аддам за жыцьцё сьвету". 52. І спрачаліся між сабою Юдэі, кажучы: "Як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?" 53. Тады сказаў ім Ісус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі ня будзеце есьці Цела Сына Чалавечага і піць Кроў Ягоную, ня будзеце мець жыцьця ў сабе. 54. Хто есьць Цела Маё і п'е Кроў Маю?, ма?е жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. 55. Бо Цела Маё сапраўды ёсьць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсьць пітво. 56. Хто есьць Цела Маё і п'е Кроў Маю?, у-ва Мне ёсьць, і Я ў ім. 57. Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву праз Айца, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе праз Мяне. 58. Гэта і ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў. Ня так, як бацькі? вашыя елі манну і паўміралі. Хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на вякі". 59. Гэта гаварыў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капэрнауме. 60. Многія з вучняў Ягоных, якія чулі гэта, казалі: "Жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?" 61. Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць адносна гэтага, сказаў ім: "Ці гэта вас згаршае? 62. А калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней? 63. Дух ажыўляе, а цела не прыносіць аніякай карысьці. Словы, якія Я вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё. 64. Але ёсьць некаторыя сярод вас, што ня вераць". Бо Ісус ад пачатку ведаў, што ёсьць тыя, што ня вераць, і хто выдасьць Яго. 65. І сказаў: "Дзеля гэтага і сказаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яму ня будзе дадзена Айцом Маім". 66. З таго часу многія з вучняў Ягоных пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім. 67. Тады Ісус сказаў Дванаццаці: "Ці ня хочаце і вы зыйсьці?" 68. Адказаў тады Яму Сымон Пётар: "Госпадзе! Да каго нам ісьці? Ты маеш словы жыцьця вечнага. 69. І мы паверылі, і пазналі, што Ты - Хрыстос, Сын Бога Жывога". 70. Адказаў ім Ісус: "Ці ня вас дванаццаць Я выбраў? Але адзін з вас - д'ябал". 71. Гаварыў жа Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, хоць быў адзін з Дванаццаці.

Разьдзел 7

1. І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо не хацеў хадзіць па Юдэі, таму што Юдэі шукалі забіць Яго. 2. Было ж блізка сьвята юдэйскае Намётаў. 3. Тады браты Ягоныя сказалі Яму: "Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш. 4. Бо ніхто нічога таемна ня робіць, і сам імкнецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету". 5. Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго. 6. Ісус жа кажа ім: "Час Мой яшчэ не прыйшоў, а для вас заўсёды час. 7. Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што справы ягоныя злыя. 8. Вы ідзіце на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня споўніўся". 9. Сказаўшы ім гэта, застаўся ў Галілеі. 10. Калі ж пайшлі браты Ягоныя, тады і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам таемна. 11. А Юдэі шукалі Яго на сьвяце і гаварылі: "Дзе Ён?" 12. І шмат размоваў было адносна Яго ў натоўпах: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: "Не, бо Ён падманвае грамаду?". 13. Аднак ніхто не гаварыў адносна Яго яўна дзеля страху перад Юдэямі. 14. Але ў палове сьвята Ісус увайшоў у сьвятыню і навучаў. 15. І зьдзіўляліся Юдэі, кажучы: "Як Ён ведае Пісаньні, не вучыўшыся?" 16. Адказаў ім Ісус і сказаў: "Маё вучэньне не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне. 17. Калі хто хоча выконваць волю Яго, той зразумее адносна вучэньня гэтага, ці ад Бога яно, ці Я ад Сябе гавару. 18. Хто гаворыць сам ад сябе, той шукае сваёй славы, а Хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго, Той праўдзівы, і няма ў Ім няправеднасьці. 19. Ці ня даў вам Майсей Закону? І ніхто з вас не выконвае Закон. За што шукаеце забіць Мяне?" 20. Натоўп адказаў і сказаў: "Дэмана Ты маеш. Хто шукае забіць Цябе?" 21. Адказаў Ісус і сказаў ім: "Адну справу Я зрабіў, і вы ўсе зьдзіўляецеся. 22. Майсей даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсея, але ад бацькоў, і ў суботу вы абразаеце чалавека. 23. Калі ў суботу абразаецца чалавек, каб ня быў парушаны закон Майсееў, чаму ж вы незадаволеныя Мною, што Я ўсяго чалавека зрабіў здаровым у суботу? 24. Не судзі?це па зьнешнасьці, але судзі?це судом справядлівым". 25. Казалі тады некаторыя з Ерусалімцаў: "Ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць? 26. І вось Ён яўна гаворыць, і нічога ня кажуць Яму. Ці не пераканаліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос? 27. Але мы ведаем Яго, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён". 28. Усклікнуў тады Ісус у сьвятыні, навучаючы і кажучы: "І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я, і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але праўдзівы Той, Які паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце. 29. А Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў". 30. І шукалі, каб схапіць Яго, і ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная. 31. Многія ж з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: "Хрыстос, калі прыйдзе, няўжо ўчы?ніць больш знакаў, чымсьці Гэты ўчыні?ў?" 32. Пачулі фарысэі натоўп, які гэтак гаварыў адносна Яго; і паслалі фарысэі і першасьвятары паслугачоў, каб схапілі Яго. 33. Ісус жа сказаў ім: "Яшчэ трохі часу Я буду з вамі, і пайду да Таго, Які паслаў Мяне. 34. Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці". 35. Гаварылі тады Юдэі між сабою: "Куды Ён мае ісьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці ня мае Ён ісьці да грэцкага расьцярушаньня і навучаць Грэкаў? 36. Што мае значыць гэтае слова, якое Ён сказаў: "Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці"? " 37. А ў апошні вялікі дзень сьвята Ісус стаяў і ўсклікнуў, кажучы: "Калі хто смагне, няхай прыйдзе да Мяне і п'е. 38. Хто верыць у Мяне, як сказана ў Пісаньні, у таго з жывата пацякуць рэкі вады жывое". 39. Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, якія вераць у Яго, бо не было яшчэ Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус праслаўлены. 40. Многія з натоўпу, пачуўшы гэта слова, казалі: "Ён, сапраўды, - прарок". 41. Другія казалі: "Ён - Хрыстос". А іншыя казалі: "Хіба з Галілеі прыйдзе Хрыстос? 42. Ці ж не сказана ў Пісаньні, што з насеньня Давідавага і з Бэтлеему, мястэчка, адкуль быў Давід, прыйдзе Хрыстос?" 43. І стаўся дзеля Яго падзел у натоўпе. 44. Некаторыя ж з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі. 45. Тады вярнуліся паслугачы да першасьвятароў і фарысэяў, і тыя сказалі ім: "Чаму вы не прывялі Яго?" 46. Паслугачы адказалі: "Ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек". 47. Фарысэі тады адказалі ім: "Няўжо і вы падманутыя? 48. Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў ці з фарысэяў? 49. Але гэты натоўп, які ня ведае Закону, ён пракляты". 50. Кажа ім Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Яго ўначы: 51. "Няўжо су?дзіць наш Закон чалавека, ня выслухаўшы яго спачатку і не даведаўшыся, што ён робіць?" 52. Адказалі і сказалі яму: "Няўжо і ты з Галілеі? Дасьледуй і пабач, што з Галілеі прарок не паўставаў". 53. І пайшоў кожны ў дом свой.

Разьдзел 8

1. Ісус жа пайшоў па гару Аліўную. 2. Нараніцы Ён ізноў прыйшоў у сьвятыню, і ўвесь народ ішоў да Яго. І сеўшы, Ён вучыў іх. 3. Тут кніжнікі і фарысэі прыводзяць да Яго жанчыну, злоўленую на чужалостве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне, 4. кажуць Яму: "Настаўнік, гэтая жанчына злоўленая на чужалостве. 5. Майсей жа ў Законе загадаў нам гэткіх каменаваць. А Ты што скажаш?" 6. Казалі ж яны гэта, спакушаючы Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. А Ісус, нізка нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі. 7. Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго, Ён, выпрастаўшыся, сказаў ім: "Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне камень у яе". 8. І, зноў нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі. 9. Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшыняў, аж да апошніх. І застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне. 10. Ісус выпрастаўся, і, ня бачачы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: "Жанчына! Дзе тыя, хто абвінавачваў цябе? Ніхто не асудзіў цябе?" 11. Яна сказала: "Ніхто, Госпадзе!" Ісус жа сказаў ёй: "І Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы". 12. Тады ізноў сказаў Ісус да іх, кажучы: "Я - сьвятло сьвету. Хто ідзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця". 13. Тады фарысэі сказалі Яму: "Ты Сам пра Сябе сьведчыш, непраўдзівае сьведчаньне Тваё". 14. Адказаў Ісус і сказаў ім: "Калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, праўдзівае сьведчаньне Маё, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду. 15. Вы су?дзіце паводле цела; Я не суджу? нікога. 16. А калі Я і суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які паслаў Мяне. 17. І ў Законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек праўдзівае. 18. Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне". 19. Тады сказалі Яму: "Дзе Айцец Твой?" Адказаў Ісус: "Вы ня ведаеце ані Мяне, ані Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго". 20. Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі навучаў у сьвятыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная. 21. Зноў жа сказаў ім Ісус: "Я іду, і будзеце шукаць Мяне; і паўміраеце ў грэху вашым. Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце". 22. Юдэі ж казалі: "Ці не заб'е Ён Сябе Сам, бо кажа: "Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці"?" 23. І сказаў Ён ім: "Вы - з нізу, а Я - з вышыні?; вы - з гэтага сьвету, Я - ня з гэтага сьвету. 24. Таму сказаў Я вам, што вы паўміраеце ў грахах вашых; бо калі не паверыце, што Я гэта, паўміраеце ў грахах вашых". 25. Тады яны сказалі Яму: "Хто ж Ты?" І сказаў ім Ісус: "Адпачатны, як і кажу вам. 26. Шмат ма?ю казаць пра вас і судзі?ць, але Той, Які паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету". 27. Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца. 28. Тады сказаў ім Ісус: "Калі падымеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога ня раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу. 29. І Той, Які паслаў Мяне, разам са Мною. Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што падабаецца Яму". 30. Калі ён гаварыў гэтае, многія паверылі ў Яго. 31. Тады сказаў Ісус Юдэям, якія паверылі ў Яго: "Калі застанецеся ў слове Маім, дык сапраўды вы - вучні Мае. 32. І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас". 33. Яму адказалі: "Мы - насеньне Абрагама і нікому не былі нявольнікамі ніколі. Як жа Ты кажаш: "Станецеся вольнымі"?". 34. Адказаў ім Ісус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху. 35. Але нявольнік не жыве ў доме вечна, сын застаецца вечна. 36. Дык вось, калі Сын вызваліць вас, праўдзіва станецеся вольнымі. 37. Ведаю, што вы - насеньне Абрагама, але вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо слова Маё не зьмяшчаецца ў вас. 38. Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага". 39. Яны адказалі і сказалі Яму: "Бацька наш - Абрагам". Кажа ім Ісус: "Калі б вы былі дзеці Абрагама, дык рабілі б справы Абрагама. 40. А цяпер вы шукаеце, каб забіць Мяне, Чалавека, Які сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў. 41. Вы робіце справы ба?цькі вашага". Тады сказалі Яму: "Мы не з распусты народжаныя; аднаго Айца маем, Бога". 42. Ісус тады сказаў ім: "Калі б Бог быў ваш Айцец, дык вы любілі б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне. 43. Чаму вы не разумееце гаворкі Маёй? Бо ня можаце чуць слова Маё. 44. Ваш бацька - д'ябал, і вы хочаце выконваць пажаданьні ба?цькі вашага. Ён быў чалавеказабойца ад пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён гаворыць хлусьню, гаворыць сваё, бо ён - хлус і бацька хлусьні. 45. А калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне. 46. Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі ж Я кажу праўду, чаму вы ня верыце Мне? 47. Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога". 48. Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: "Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты - Самаранін, і дэмана маеш?" 49. Адказаў Ісус: "Я дэмана ня ма?ю, але Я шаную Айца Майго, а вы зьневажа?еце Мяне. 50. Але Я не шукаю Сваёй славы; ёсьць Той, Хто шукае і су?дзіць. 51. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, ня ўбачыць сьмерці на вякі". 52. Тады сказалі Яму Юдэі: "Цяпер мы ведаем, што маеш дэмана. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто захавае слова Маё, не пакаштуе сьмерці на вякі. 53. Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр, і прарокі памерлі? Кім Ты Сябе робіш?" 54. Адказаў Ісус: "Калі Я Сам Сябе праслаўляю, дык слава Мая - нішто. Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён - Бог ваш. 55. І вы не спазналі Яго, а Я ведаю Яго, і калі скажу, што ня ведаю Яго, буду падобны да вас хлус. Але Я ведаю Яго і захоўваю слова Ягонае. 56. Абрагам, бацька ваш, рады быў бачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся". 57. Тады сказалі Яму Юдэі: "Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?" 58. Сказаў ім Ісус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш, чым Абрагам быў, Я ёсьць". 59. Узялі тады камяні, каб кінуць у Яго, але Ісус схаваўся і выйшаў са сьвятыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей.

Разьдзел 9

1. І, праходзячы, убачыў чалавека, сьляпога ад нараджэньня. 2. І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: "Раббі! Хто саграшыў: ён ці бацькі? ягоныя, што ён нарадзіўся сьляпы?" 3. Адказаў Ісус: "Не саграшыў ані ён, ані бацькі? ягоныя, але каб былі выяўленыя праз яго справы Божыя. 4. Мне трэба рабіць справу Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; прыходзіць ноч, калі ніхто ня можа рабіць. 5. Пакуль Я ў сьвеце, Я - сьвятло сьвету". 6. Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сьліны балота і памазаў балотам вочы сьляпому, 7. і сказаў яму: "Ідзі, абмыйся ў сажалцы Сілаа?м, - што перакладаецца Пасланы". Тады той пайшоў, і абмыўся, і прыйшоў відушчы. 8. Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: "Ці ж ня той гэта, які сядзеў і жабраваў?" 9. Адны казалі: "Гэта ён", а іншыя: "Падобны да яго". Ён жа сказаў: "Гэта я". 10. Тады сказалі яму: "Як адчыніліся вочы твае?" 11. Адказаў ён і сказаў: "Чалавек, называны Ісус, зрабіў балота, памазаў вочы мае і сказаў мне: "Ідзі да сажалкі Сілаам і абмыйся". Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць". 12. Тады сказалі яму: "Дзе Ён?" Ён кажа: "Ня ведаю". 13. Вядуць гэтага былога сьляпога да фарысэяў. 14. А была субота, калі Ісус зрабіў балота і адчыніў яму вочы. 15. Тады ізноў спыталіся ў яго фарысэі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: "Балота палажыў Ён на вочы мае, і я абмыўся, і бачу". 16. Сказалі тады некаторыя з фарысэяў: "Не ад Бога Гэты Чалавек, бо Ён не захоўвае суботы". Іншыя казалі: "Як можа чалавек грэшны рабіць гэткія знакі?" І быў падзел між імі. 17. Зноў кажуць сьляпому: "Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адчыніў табе вочы?" Той гаворыць: "Гэта прарок". 18. Юдэі тады не паверылі, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага [чалавека], які стаў бачыць, 19. і спыталіся ў іх, кажучы: "Ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?" 20. Бацькі? ягоныя адказалі ім і сказалі: "Мы ведаем, што ён - наш сын, і што ён нарадзіўся сьляпы. 21. А як цяпер бачыць, ня ведаем, таксама, хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем. Ён дарослы, яго спытайцеся; няхай сам пра сябе скажа". 22. Так казалі бацькі? ягоныя, таму што баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дамовіліся, каб калі хто прызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сынагогі. 23. Дзеля гэтага бацькі? ягоныя сказалі: "Ён дарослы, яго спытайцеся". 24. Тады другі раз паклікалі таго чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: "Аддай славу Богу. Мы ведаем, што Чалавек Той - грэшнік". 25. Ён жа адказаў і сказаў: "Ці Ён - грэшнік, ня ведаю. Адно ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу". 26. Дык ізноў сказалі яму: "Што Ён зрабіў табе? Як Ён адчыніў твае вочы?" 27. Адказаў ім: "Я ўжо казаў вам, і вы ня слухалі. Што яшчэ хочаце пачуць? Няўжо і вы хочаце стацца вучнямі Ягонымі?" 28. Тады насварыліся на яго і сказалі: "Гэта ты - Ягоны вучань, а мы - вучні Майсея. 29. Мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён". 30. Адказаў чалавек той і сказаў ім: "Гэта і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мае вочы. 31. Мы ж ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае; але хто пакланяецца Богу і волю Ягоную выконвае, таго слухае. 32. Ад веку не чуваць было, каб хто адчыніў вочы народжанаму сьляпым. 33. Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога ўчыні?ць". 34. Адказалі і сказалі яму: "У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас вучыш?" І выгналі яго прэч. 35. Пачуў Ісус, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: "Ці верыш ты ў Сына Божага?" 36. Той адказаў і сказаў: "А хто Ён, Пане, каб мне верыць у Яго?" 37. Ісус жа сказаў яму: "І ты бачыў Яго, і Той, Які гаворыць з табою, - гэта Ён". 38. Ён жа сказаў: "Веру, Госпадзе!" І пакланіўся Яму. 39. І сказаў Ісус: "На суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, зрабіліся сьляпыя". 40. І пачулі гэта тыя з фарысэяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: "Няўжо і мы сьляпыя?" 41. Ісус сказаў ім: "Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б грэху. Але цяпер вы кажаце, што бачыце, таму грэх ваш застаецца.

Разьдзел 10

1. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але ўлазіць іначай, той злодзей і разбойнік. 2. А хто ўваходзіць дзьвярыма, той - пастыр авечак. 3. Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць голас ягоны, і ён кліча сваіх авечак па імёнах, і выводзіць іх. 4. І калі выведзе сваіх авечак, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны. 5. За чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу". 6. Гэтую прыказку сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, што такое Ён гаварыў ім. 7. Тады ізноў сказаў ім Ісус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, што Я - дзьверы авечак. 8. Усе, якія прыходзілі раней за Мяне, - злодзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухаліся іх. 9. Я - дзьверы. Хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе. 10. Злодзей прыходзіць, каб толькі ўкрасьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь. 11. Я - Пастыр добры. Добры пастыр аддае душу? сваю за авечак, 12. а найміт, які ня пастыр, для якога авечкі не свае, бачыць, што прыходзіць воўк, і пакідае авечак, і ўцякае, і воўк хапа?е іх, і разганяе авечак. 13. Найміт жа ўцякае, бо ён найміт і ня рупіцца пра авечкі. 14. Я - Пастыр добры і ведаю, хто мае, і мае ведаюць Мяне. 15. Як Айцец ведае Мяне, і Я ведаю Айца, і душу? Маю? аддаю за авечак. 16. Ма?ю Я і іншых авечак, якія ня з гэтага двара, і іх Я мушу прывесьці. І яны пачуюць голас Мой, і станецца адзін статак і адзін Пастыр. 17. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю душу? Маю?, каб ізноў узяць яе. 18. Ніхто не забірае яе ў Мяне, але Я Сам аддаю яе. Ма?ю ўладу аддаць яе і ма?ю ўладу ізноў узяць яе. Гэтае прыказаньне атрымаў Я ад Айца Майго". 19. Тады ізноў стаўся падзел між Юдэямі дзеля гэтых словаў. 20. Многія з іх казалі: "Ён мае дэмана і вар'яцее; што вы слухаеце Яго?" 21. Другія казалі: "Гэта словы не апанаванага дэманам. Ці ж можа дэман адчыня?ць вочы сьляпым?" 22. І сталася ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма. 23. І хадзіў Ісус у сьвятыні ў прысенку Салямонавым. 24. Тады абступілі Яго Юдэі і сказалі Яму: "Дакуль будзеш трымаць душу? нашу? Калі Ты - Хрыстос, скажы нам адкрыта". 25. Адказаў ім Ісус: "Я казаў вам, і ня верыце; справы, якія Я раблю ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне. 26. Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам. 27. Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. 28. І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць на вякі, і ніхто ня выхапіць іх з рукі Маёй. 29. Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто ня можа выхапіць іх з рукі Айца Майго. 30. Я і Айцец - адно". 31. Тады ізноў Юдэі ўзялі камяні, каб укаменаваць Яго. 32. Адказаў ім Ісус: "Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго. За які з іх хочаце Мяне ўкаменаваць?" 33. Юдэі адказалі Яму, кажучы: "Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, але за блюзьне?рства, і што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам". 34. Ісус адказаў ім: "Ці не напісана ў Законе вашым: "Я сказаў: 'Вы - богі' "? 35. Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, і ня можа быць парушана Пісаньне, 36. як Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: "Блю?зьніш", таму што сказаў: "Я - Сын Божы"? 37. Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне. 38. Калі ж раблю, калі Мне ня верыце, дык верце ўчынкам Маім, каб спазналі і паверылі, што Айцец у-ва Мне, і Я ў Ім". 39. Тады ізноў шукалі схапіць Яго, але Ён выйшаў з рук іхніх 40. і пайшоў ізноў за Ярдан, у тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там. 41. І многія прыйшлі да Яго, і казалі, што Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, было праўдзівым. 42. І многія там паверылі ў Яго.

Разьдзел 11

1. Быў жа нейкі хворы Лазар з Бэта?ніі, мястэчка Марыі і Марты, сястры ейнай. 2. А Марыя, якой брат Лазар быў хворы, была тая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі. 3. Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: "Госпадзе! Вось той, з кім Ты сябруеш, нядужы". 4. Ісус, пачуўшы, сказаў: "Гэтая нядужасьць не на сьмерць, але на славу Божую, каб Сын Божы быў праслаўлены праз яе". 5. А Ісус любіў Марту, і сястру ейную, і Лазара. 6. Калі ж пачуў, што той хворы, дык заставаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся. 7. Пасьля гэтага кажа вучням: "Пойдзем ізноў у Юдэю". 8. Вучні кажуць Яму: "Раббі! Толькі што Юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?" 9. Ісус адказаў: "Ці не дванаццаць гадзінаў мае дзень? Хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету, 10. а хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо сьвятла няма ў ім". 11. Сказаў гэта, і пасьля кажа ім: "Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго". 12. Сказалі тады вучні Ягоныя: "Госпадзе! Калі заснуў, будзе здаровы". 13. Ісус жа гаварыў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сонны супачынак. 14. Тады Ісус сказаў ім адкрыта: "Лазар памёр; 15. і Я радуюся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго". 16. Тады Тамаш, называны Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: "Пойдзем і мы, каб памерці з ім". 17. Прыйшоўшы, Ісус знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле. 18. Бэтанія ж была блізка ад Ерусаліму, нешта з пятнаццаць стадыяў. 19. І шмат Юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі пацешыць іх па браце іхнім. 20. Марта, калі пачула, што ідзе Ісус, выйшла напярэймы Яму, а Марыя сядзела ў доме. 21. Тады Марта сказала Ісусу: "Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой. 22. Але і цяпер ведаю, што чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог". 23. Кажа ёй Ісус: "Уваскрэсьне брат твой". 24. Кажа Яму Марта: "Ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрасеньне, у апошні дзень". 25. Ісус сказаў ёй: "Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе. 26. І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на вякі. Ці верыш гэтаму?" 27. Яна кажа Яму: "Так, Госпадзе! Я веру, што Ты - Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет". 28. І, сказаўшы гэтае, пайшла і паклікала цішком Марыю, сястру сваю, кажучы: "Настаўнік прыйшоў і кліча цябе". 29. Яна, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго. 30. Ісус жа яшчэ не ўвайшоў у мястэчка, але быў на тым месцы, дзе пераняла Яго Марта. 31. Юдэі ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што ідзе на магілу плакаць там. 32. Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Ягоных, кажучы Яму: "Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой". 33. Ісус, калі ўбачыў, што яна плача і што плачуць Юдэі, якія з ёй прыйшлі, уздыхнуў у духу, і ўсхваляваўся, 34. і сказаў: "Дзе вы палажылі яго?" Кажуць Яму: "Госпадзе! Прыйдзі і паглядзі". 35. Ісус заплакаў. 36. Казалі тады Юдэі: "Глядзі, як Ён любіў яго". 37. А некаторыя з іх сказалі: "Ці ня мог Ён, Які адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?" 38. Ісус жа, ізноў уздыхнуўшы ў духу, прыходзіць да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. 39. Кажа Ісус: "Падніміце камень!" Кажа Яму сястра нябожчыка, Марта: "Госпадзе, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзень". 40. Кажа ёй Ісус: "Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзіш славу Божую?" 41. Тады паднялі камень, дзе ляжаў нябожчык. А Ісус падняў вочы ўгору і сказаў: "Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. 42. Бо Я ведаю, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але Я сказаў дзеля натоўпу, які тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне". 43. І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: "Лазар! Выйдзі вонкі!" 44. І выйшаў нябожчык са зьвязанымі пахавальнай тканінай нагамі і рукамі, і твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: "Разьвяжыце яго і дайце хадзіць". 45. Тады многія з Юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыні?ў Ісус, паверылі ў Яго. 46. А некаторыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыні?ў Ісус. 47. Тады першасьвятары і фарысэі склікалі сынэдрыён і казалі: "Што нам рабіць? Гэты Чалавек робіць шмат знакаў. 48. Калі пакінем Яго гэтак, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і забяруць месца [гэтае] і народ". 49. Адзін жа з іх, нехта Каяфа, які быў той год першасьвятаром, сказаў ім: "Вы нічога ня ведаеце, 50. і ня думаеце, што карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым каб увесь народ загінуў". 51. Гэтае ж ён сказаў не ад сябе, але, быўшы той год першасьвятаром, прарочыў, што Ісус мае памерці за народ, 52. і ня толькі за народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у вадно. 53. Ад гэтага дня яны пастанавілі, каб забіць Яго. 54. Тады Ісус ужо не хадзіў адкрыта між імі, але пайшоў адтуль у краіну ля пустыні, у горад, называны Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі. 55. Была ж блізка Пасха юдэйская, і з усяго Краю многія ўзыйшлі ў Ерусалім перад Пасхай, каб ачысьціцца. 56. Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў сьвятыні, гаварылі між сабою: "Як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?" 57. А першасьвятары і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб схапіць Яго.

Разьдзел 12

1. За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар нябожчык, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. 2. Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, што ўзьлягалі з Ім. 3. Марыя ж, узяўшы фунт міра нардовага, чыстага і каштоўнага, памазала ногі Ісуса і выцерла валасамі сваімі ногі Ягоныя, а дом напоўніўся водарам ад міра. 4. Кажа тады адзін з вучняў Ягоных, Юда Сымонаў Іскарыёт, які меўся выдаць Яго: 5. "Чаму не прадалі гэтае міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?" 6. Казаў жа ён гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей і меў каліту?, і браў тое, што [туды] кідалі. 7. Ісус тады сказаў: "Пакіньце яе. Яна захавала яго на дзень пахаваньня Майго, 8. бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды". 9. Тады вялікі натоўп з Юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але і каб Лазара пабачыць, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. 10. А першасьвятары пастанавілі забіць і Лазара, 11. бо дзеля яго шмат Юдэяў прыходзілі і паверылі ў Ісуса. 12. На заўтра вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуў, што Ісус прыходзіць у Ерусалім, 13. і ўзялі пальмовыя галінкі, і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: "Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Які прыходзіць у імя Госпада, Валадар Ізраіля!" 14. Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як напісана: 15. "Ня бойся, дачка Сыёну! Вось, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асьляняці". 16. Вучні Ягоныя сьпярша не разумелі гэтага, але калі Ісус быў праслаўлены, тады яны ўзгадалі, што гэтак было напісана пра Яго і гэтак зрабілі Яму. 17. Натоўп жа, які быў з Ім, сьведчыў тады, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрасіў яго з мёртвых. 18. Таму і пераняў Яго натоўп, бо чуў, што Ён зрабіў гэты знак. 19. Фарысэі ж гаварылі між сабою: "Глядзіце, нічога не атрымліваецца! Вось, сьвет пайшоў за Ім". 20. Былі ж некаторыя Грэкі сярод тых, якія прыйшлі пакланіцца на сьвята. 21. Яны падыйшлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскае, і прасілі яго, кажучы: "Пане, мы хочам бачыць Ісуса". 22. Філіп ідзе і кажа Андрэю; і пасьля Андрэй і Філіп кажуць Ісусу. 23. А Ісус адказаў ім, кажучы: "Прыйшла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы. 24. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прыносіць шмат плоду. 25. Хто любіць душу? сваю, загу?біць яе; а той, хто ненавідзіць душу? сваю ў гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае. 26. Хто Мне слу?жыць, няхай ідзе за Мною; і дзе Я, там і служыцель Мой будзе; і хто Мне слу?жыць, таго ўшануе Айцец. 27. Цяпер душа Мая ўстрывожана; і што Я скажу? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў. 28. Ойча, праслаў імя Тваё!" Тады прыйшоў голас з неба: "І праславіў, і яшчэ праслаўлю". 29. Натоўп, які стаяў і чуў, казаў: "Былі грымоты". Іншыя казалі: "Анёл прамовіў да Яго". 30. Адказаў Ісус і сказаў: "Ня дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. 31. Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе прэч. 32. І Я, калі буду падняты з зямлі, усіх прыцягну да Сябе". 33. Сказаў жа Ён гэтае, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці. 34. Натоўп адказваў Яму: "Мы чулі з Закону, што Хрыстос застаецца вечна. Дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?" 35. Тады сказаў ім Ісус: "Яшчэ на кароткі час сьвятло з вамі. Хадзіце, пакуль маеце сьвятло, каб цемра вас не агарнула; а хто ходзіць у цемры, той ня ведае, куды ідзе. 36. Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб сталіся вы сынамі сьвятла". Гэта сказаў Ісус і, адыйшоўшы, схаваўся ад іх. 37. Хоць гэтулькі знакаў учыні?ў Ён перад імі, яны не паверылі ў Яго, 38. каб споўнілася слова Ісаі прарока, якое той сказаў: "Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас, і каму было адкрытае рамяно Госпада?" 39. Дзеля гэтага не маглі яны верыць, бо ізноў сказаў Ісая: 40. "Ён засьляпіў вочы іхнія і сэрца іхняе скамяніў, каб ня ўбачылі вачыма і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх". 41. Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і гаварыў пра Яго. 42. Аднак і з начальнікаў шмат хто паверыў у Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб іх не адлучылі, 43. бо яны палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую. 44. А Ісус закрычаў і сказаў: "Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне. 45. І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне. 46. Я, Сьвятло, прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не застаўся ў цемры. 47. І калі хто пачуе гэтыя словы і не паверыць, Я ня буду судзі?ць яго, бо Я прыйшоў не каб судзі?ць сьвет, але каб зба?віць сьвет. 48. Хто адкідае Мяне і не прыймае словаў Маіх, мае судзьдзю для сябе - слова, якое Я сказаў, яно будзе судзі?ць яго ў апошні дзень; 49. бо Я казаў не ад Сябе, але Айцец, Які паслаў Мяне, даў Мне прыказаньне, што казаць і што гаварыць. 50. І Я ведаю, што прыказаньне Ягонае ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне Айцец, каб Я гаварыў".

Разьдзел 13

1. А перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла Яго гадзіна перайсьці з гэтага сьвету да Айца, палюбіўшы Сваіх, якія ў гэтым сьвеце, да канца ўзьлюбіў іх. 2. І калі была вячэра і д'ябал улажыў ужо ў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго, 3. Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе, 4. устае ад вячэры, скідвае з Сябе адзеньне і, узяўшы ручнік, падперазаўся. 5. Потым налівае вады ва ўмывальніцу і пачынае абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падперазаны. 6. Тады падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: "Госпадзе! Ці ж Табе абмываць ногі гэтыя?" 7. Адказаў Ісус і сказаў яму: "Што Я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаешся пасьля". 8. Пётар кажа Яму: "Не абмыеш ног маіх да веку". Адказаў яму Ісус: "Калі не абмыю цябе, ня будзеш мець часткі са Мною". 9. Кажа Яму Сымон Пётар: "Госпадзе, ня толькі ногі мае, але і рукі, і галаву". 10. Кажа яму Ісус: "Памытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ён увесь чысты; і вы чыстыя, але ня ўсе". 11. Бо ведаў, хто выдасьць Яго, таму сказаў: "Ня ўсе вы чыстыя". 12. Калі ж Ён абмыў ногі іхнія і ўзяў адзеньне сваё, узьлёгшы ізноў, сказаў ім: "Ці разумееце, што Я зрабіў вам? 13. Вы клічаце Мяне "Настаўнік" і "Госпад", і слушна кажаце, бо гэта Я і ёсьць. 14. Дык калі Я, Госпад і Настаўнік, абмыў вашыя ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму, 15. бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі. 16. Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто яго паслаў. 17. Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэта робіце. 18. Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю тых, каго выбраў, але каб споўнілася Пісаньне: "Той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю". 19. Цяпер кажу вам, раней, чым гэта сталася, каб, калі станецца, вы паверылі, што гэта Я ёсьць. 20. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прыймае таго, каго Я паслаў, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне". 21. Сказаўшы гэтае, Ісус усхваляваўся ў духу, і засьведчыў, і сказаў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне!" 22. Тады вучні паглядалі адзін на аднаго, збянтэжаныя, пра каго Ён кажа. 23. Адзін з вучняў Ягоных, якога Ісус любіў, узьлягаў на ўлоньні Ісуса. 24. Яму дае знак Сымон Пётар, каб спытаўся, хто той, пра каго Ён кажа. 25. Той жа, прыхіліўшыся да грудзей Ісуса, кажа Яму: "Госпадзе! Хто гэта?" 26. Адказвае Ісус: "Гэта той, каму Я дам, абмачыўшы, лусту". І, абмачыўшы лусту, дае Юдзе Сымонаваму Іскарыёту. 27. І за лустаю ўвайшоў у яго шата?н. Тады кажа яму Ісус: "Што робіш, рабі хутчэй". 28. Ніхто з тых, якія ўзьлягалі, таго не зразумеў, дзеля чаго Ён гэта сказаў яму. 29. А як у Юды была каліта?, некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: "Купі, што трэба нам на сьвята", ці каб даў нешта ўбогім. 30. Той жа, узяўшы лусту, адразу выйшаў; а была ноч. 31. Калі ён выйшаў, кажа Ісус: "Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім. 32. Калі Бог праслаўлены ў Ім, Бог праславіць Яго ў Сабе, і неўзабаве праславіць Яго. 33. Дзеткі, яшчэ трохі Я ёсьць з вамі. Будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў Юдэям: "Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці", - так кажу цяпер і вам. 34. Новае прыказаньне даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. 35. Па гэтым даведаюцца ўсе, што вы - Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго". 36. Кажа Яму Сымон Пётар: "Госпадзе, куды Ты ідзеш?" Адказаў яму Ісус: "Куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці; але ўрэшце пойдзеш за Мною". 37. Кажа Яму Пётар: "Госпадзе! Чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? Я душу? маю? палажу за Цябе". 38. Адказаў яму Ісус: "Душу? сваю за Мяне паложыш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: не прапяе певень, як тройчы адрачэшся ад Мяне.

Разьдзел 14

1. Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і верце ў Мяне. 2. У доме Айца Майго жытла шмат, бо калі б гэтак не было, Я сказаў бы вам: "Іду падрыхтаваць вам месца". 3. І, калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду ізноў, і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я. 4. І куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце". 5. Кажа Яму Тамаш: "Госпадзе! Ня ведаем, куды ідзеш, дык як можам ведаць шлях?" 6. Кажа яму Ісус: "Я ёсьць шлях, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, калі не праз Мяне. 7. Калі б вы пазналі Мяне, пазналі б і Айца Майго. І ад цяпер пазналі Яго і бачылі Яго". 8. Кажа яму Філіп: "Госпадзе! Пакажы нам Айца, і хопіць з нас". 9. Кажа яму Ісус: "Гэтулькі часу Я з вамі, і ты не пазнаў Мяне, Філіп? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца; дык як ты кажаш: "Пакажы нам Айца"? 10. Ці ж ты ня верыш, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне? Словы, якія Я гавару вам, не гавару ад Сябе. Айцец, Які ў-ва Мне, Ён робіць гэтыя справы. 11. Верце Мне, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне; калі ж не, дзеля самых гэтых справаў верце Мне. 12. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць тыя справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я да Айца Майго іду. 13. І што папросіце ў імя Маё, тое зраблю, каб быў праслаўлены Айцец у Сыне. 14. Калі што папросіце ў імя Маё, Я зраблю. 15. Калі любіце Мяне, захоўвайце прыказаньні Мае. 16. І Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Абаронцу, каб заставаўся з вамі на вякі, 17. Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і не пазнаў Яго, а вы пазналі Яго, бо Ён з вамі застаецца і ў вас будзе. 18. Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. 19. Яшчэ трохі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. 20. У той дзень даведаецеся, што Я ў Айцу Маім, і вы ў-ва Мне, і Я ў вас. 21. Хто мае прыказаньні Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне, а таго, хто любіць Мяне, будзе любіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і зьяўлю яму Сябе". 22. Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: "Госпадзе! Што сталася, што Ты маеш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?" 23. Адказаў Ісус і сказаў яму: "Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё; і Айцец Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго. 24. Хто ня любіць Мяне, не захоўвае словаў Маіх, а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, Які паслаў Мяне. 25. Гэтае сказаў Я вам, пакуль Я з вамі. 26. Абаронца ж, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяго і нагадае вам усё, што Я казаў вам. 27. Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не палохаецца. 28. Вы чулі, што Я сказаў вам: "Зыходжу і прыйду да вас". Калі б вы любілі Мяне, то ўзрадаваліся б, што Я сказаў: "Іду да Айца", бо Айцец Мой большы за Мяне. 29. І цяпер Я сказаў вам, перш, чым сталася, каб, калі станецца, вы паверылі. 30. Ужо няшмат буду гаварыць з вамі, бо прыходзіць князь гэтага сьвету, і ў-ва Мне ня мае нічога, 31. але, каб сьвет даведаўся, што Я люблю Айца і, як загадаў Мне Айцец, так і раблю. Устаньце, пойдзем адгэтуль.

Разьдзел 15

1. Я ёсьць сапраўдная вінаградная лаза?, а Айцец Мой - вінаградар. 2. Усякую галіну ў Мяне, якая не дае плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае плод, абчышчае, каб больш пладоў давала. 3. Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я гаварыў вам. 4. Заставайцеся ў-ва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе?, так і вы, калі не застанецеся ў-ва Мне. 5. Я - вінаградная лаза?, вы - галіны; хто застаецца ў-ва Мне, і Я ў ім, той прыносіць мноства пладоў, бо без Мяне вы ня можаце рабіць нічога. 6. Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх зьбіраюць, і кідаюць у вагонь, і яны згараць. 7. Калі застанецеся ў-ва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, то што хочаце, прасіце, і станецца вам. 8. У гэтым будзе праслаўлены Айцец Мой, калі вы прынесяцё мноства пладоў і будзеце Маімі вучнямі. 9. Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй. 10. Калі захаваеце прыказаньні Мае, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў прыказаньні Айца Майго і застаюся ў Яго любові. 11. Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная. 12. Гэта прыказаньне Маё, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. 13. Ніхто ня мае любові большае за тую, калі хто аддасьць душу? сваю за сяброў сваіх. 14. Вы - сябры Мае, калі робіце тое, што Я загадваю вам. 15. Я больш не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны, а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, паведаміў вам. 16. Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш заставаўся; каб тое, што папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам. 17. Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго. 18. Калі сьвет вас ненавідзіць, зразумейце, што Мяне раней за вас зьненавідзіў. 19. Калі б вы былі са сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як вы не са сьвету, але Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет. 20. Памятайце словы, якія Я сказаў вам: "Слуга ня большы за гаспадара свайго". Калі Мяне перасьледавалі, і вас будуць перасьледаваць; калі Маё слова захавалі, і вашае захаваюць. 21. Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля імя Майго, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне. 22. Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, ня мелі б грэху, а цяпер ня маюць адгаворкі ў грэху сваім. 23. Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго. 24. Калі б Я не ўчыні?ў сярод іх справаў, якіх ніхто іншы не рабіў, ня мелі б грэху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі і Мяне, і Айца Майго. 25. Але каб споўнілася слова, напісанае ў Законе іхнім: "Зьненавідзелі Мяне дарэмна". 26. Калі ж прыйдзе Абаронца, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне. 27. І вы таксама будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.

Разьдзел 16

1. Гэта сказаў Я вам, каб вы ня згоршыліся. 2. Будуць выключаць вас з сынагогаў; нават прыходзіць гадзіна, калі кожны, хто заб'е вас, будзе думаць, што выконвае служэньне Богу. 3. І гэтак учы?няць вам, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне. 4. Але Я сказаў вам гэта, каб, калі прыйдзе тая гадзіна, вы памяталі, што Я сказаў вам; а не казаў вам гэтага спачатку, бо быў з вамі. 5. Цяпер жа Я іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: "Куды ідзеш?" 6. Але ад таго, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў сэрца вашае. 7. Але Я праўду кажу вам: карысьней для вас, каб Я адыйшоў; бо калі Я не адыйду, Абаронца ня прыйдзе да вас, а калі пайду, пашлю Яго да вас, 8. і Ён, прыйшоўшы, будзе дакараць сьвет у грэху, праведнасьці і судзе; 9. у грэху, што ня вераць у Мяне; 10. у праведнасьці, што Я да Айца Майго іду, і ўжо ня ўбачыце Мяне; 11. а ў судзе, што князь сьвету гэтага асуджаны. 12. Яшчэ шмат што ма?ю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце перанесьці. 13. Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то будзе весьці вас да ўсякае праўды, бо не ад Сябе гаварыць будзе, але будзе гаварыць тое, што пачуе, і абвесьціць вам, што мае прыйсьці. 14. Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць. 15. Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; таму Я сказаў, што з Майго возьме і вам абвесьціць. 16. Крыху, і ня будзеце бачыць Мяне; і зноў крыху, і ўгледзіце Мяне, бо Я да Айца іду". 17. Тады гаварылі некаторыя з вучняў Ягоных паміж сабою: "Што гэта Ён кажа нам: "Крыху, і ня будзеце бачыць Мяне, і зноў крыху, і ўгледзіце Мяне", і: "Я да Айца іду"?" 18. Тады гаварылі: "Што гэта значыць, што Ён кажа: "Крыху"? Ня ведаем, што гаворыць". 19. Тады зразумеў Ісус, што хацелі спытацца ў Яго, і сказаў ім: "Ці пра тое пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: "Крыху, і ня будзеце бачыць Мяне, і зноў крыху, і ўгледзіце Мяне"? 20. Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет узрадуецца; вы сумныя будзеце, але смутак ваш радасьцю станецца. 21. Жанчына, калі нараджае, мае смутак, бо прыйшла яе гадзіна, але, калі народзіць дзіця, дык ужо ня памятае пра гора ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек у сьвет. 22. Так і вы цяпер маеце смутак, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасьці вашай ніхто не забярэ ў вас. 23. І ў той дзень ня будзеце пытацца ў Мяне ні пра што. Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі пра што папросіце Айца ў імя Маё, Ён дасьць вам. 24. Да сёньня вы нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце, і атрымаеце, каб радасьць вашая была поўная. 25. Гэта ў прыказках гаварыў Я вам, але прыходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць у прыказках, але адкрыта абвяшчу вам пра Айца. 26. У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас, 27. бо Сам Айцец сябруе з вамі, бо вы пасябравалі са Мною і паверылі, што Я ад Бога зыйшоў. 28. Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет, і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца". 29. Кажуць Яму вучні Ягоныя: "Вось, Ты цяпер адкрыта гаворыш і прыказкі аніякай не кажаш. 30. Цяпер ведаем, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся ў Цябе. Дзеля гэтага верым, што Ты ад Бога зыйшоў". 31. Адказаў ім Ісус: "Цяпер верыце? 32. Вось, прыходзіць гадзіна, і ўжо прыйшла, калі вы расьсеецеся кожны ў свой бок і пакінеце Мяне аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною. 33. Гэта сказаў Я вам, каб мелі супакой у-ва Мне. У гэтым сьвеце гора мець будзеце, але будзьце пэўныя, Я перамог сьвет".

Разьдзел 17

1. Гэта сказаў Ісус, і падняў вочы Свае да неба, і прамовіў: "Ойча! Прыйшла гадзіна. Праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе, 2. бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усяму, што Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае. 3. А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, - Ісуса Хрыста. 4. Я праславіў Цябе на зямлі, скончыў справу, якую Ты даў Мне зрабіць. 5. Дык цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога той славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым сьвет быў. 6. Я зьявіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё. 7. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе. 8. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны ўзялі і сапраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў. 9. Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае. 10. І ўсё Маё - Тваё, і Тваё - Маё; і ў іх Я ўславіўся. 11. І Я ўжо не ў сьвеце, але яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча сьвяты! Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы. 12. Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захоўваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне даў, Я захаваў, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына загубы, каб споўнілася Пісаньне. 13. Цяпер жа Я да Цябе іду і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю? ў сабе поўную. 14. Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету. 15. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад зла. 16. Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету. 17. Асьвяці іх у праўдзе Тваёй! Слова Тваё - праўда. 18. Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет. 19. І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаны ў праўдзе. 20. Не за іх жа толькі прашу, але і за тых, якія паверылі ў Мяне праз слова іх, 21. каб усе былі адно, як Ты, Айцец, у-ва Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. 22. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як Мы адно. 23. Я ў іх, і Ты ў-ва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб пазнаў сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. 24. Ойча, тыя, якіх Ты даў Мне, хачу, каб і яны былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю?, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету. 25. Ойча праведны! І сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. 26. І Я паведаміў ім імя Тваё і паведамлю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх".

Разьдзел 18

1. Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за струмень Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Ягоныя. 2. Ведаў жа гэтае месца і Юда, які выдаў Яго, бо Ісус там часта зьбіраўся з вучнямі Сваімі. 3. Дык Юда, узяўшы кагорту і паслугачоў ад першасьвятароў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, лямпамі і зброяй. 4. Ісус жа, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: "Каго шукаеце?" 5. Адказалі Яму: "Ісуса з Назарэту". Кажа ім Ісус: "Гэта Я". Стаяў жа з імі і Юда, які выдаў Яго. 6. Калі ж Ён сказаў ім: "Гэта Я", яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю. 7. Тады ізноў спытаўся ў іх: "Каго шукаеце?" Яны сказалі: "Ісуса з Назарэту". 8. Адказаў Ісус: "Я сказаў вам, што гэта Я; калі ж Мяне шукаеце, дазвольце ім адыйсьці", 9. каб споўнілася слова, якое Ён сказаў: "З тых, якіх Ты даў Мне, Я не загубіў нікога". 10. Сымон жа Пётар, маючы меч, выцягнуў яго і ўдарыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха; а імя таго слугі? было Малх. 11. Але Ісус сказаў Пятру: "Укладзі меч твой у похвы. Ці ж Я ня вып'ю келіха, які даў Мне Айцец?" 12. Тады кагорта і тысячнік, і паслугачы? юдэйскія схапілі Ісуса, і зьвязалі Яго, 13. і павялі Яго спачатку да Анны, бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў у той год першасьвятаром. 14. Гэты Каяфа пара?дзіў Юдэям, што карысьней аднаму Чалавеку загінуць за народ. 15. А за Ісусам ішоў Сымон Пётар і другі вучань. Вучань той быў знаёмы з першасьвятаром, і ён увайшоў з Ісусам на панадворак першасьвятара. 16. А Пётар стаяў ля дзьвярэй звонку. Тады другі вучань, які быў знаёмы з першасьвятаром, пайшоў, і сказаў прыдзьверніцы, і ўвёў Пятра. 17. Тады кажа служка прыдзьверніца Пятру: "Ці і ты ня з вучняў Гэтага Чалавека?" Ён кажа: "Не". 18. А слу?гі і паслугачы?, распаліўшы вуглі, бо было сьцюдзёна, стаялі і грэліся. Пётар таксама стаяў з імі і грэўся. 19. Першасьвятар жа спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра вучэньне Ягонае. 20. Адказаў яму Ісус: "Я адкрыта гаварыў сьвету. Я заўсёды навучаў у сынагозе і ў сьвятыні, дзе заўсёды зьбіраюцца Юдэі, і таемна не гаварыў нічога. 21. Чаму пытаешся ў Мяне? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ведаюць, што Я гаварыў". 22. Калі Ён сказаў гэта, адзін з паслугачоў, які стаяў побач, ударыў Ісуса па шчацэ, кажучы: "Так Ты адказваеш першасьвятару?" 23. Адказаў яму Ісус: "Калі Я сказаў кепска, засьведчы, што кепска, а калі добра, за што б'еш Мяне?" 24. Анна паслаў Яго зьвязанага да першасьвятара Каяфы. 25. А Сымон Пётар стаяў і грэўся. Тады сказалі яму: "Ці і ты ня з вучняў Ягоных?" Ён адрокся і сказаў: "Не". 26. Кажа адзін са слугаў першасьвятара, сваяк таго, якому Пётар адсек вуха: "Ці ж ня бачыў я цябе з Ім у садзе?" 27. Пётар ізноў адрокся; і адразу прапяяў певень. 28. Тады вядуць Ісуса ад Каяфы ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, але каб маглі есьці пасху. 29. Дык выйшаў да іх Пілат і сказаў: "Якое абвінавачваньне вы выстаўляеце адносна Чалавека гэтага?" 30. Яны адказалі і сказалі яму: "Калі б Ён ня быў ліхадзеем, мы ня выдалі б Яго табе!" 31. Тады сказаў ім Пілат: "Вазьміце Яго вы і паводле вашага Закону судзі?це Яго". Тады Юдэі сказалі яму: "Нам нікога ня можна забіваць", 32. каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці. 33. Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю, і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: "Ты - Валадар Юдэйскі?" 34. Адказаў яму Ісус: "Ці ты ад сябе гаворыш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?" 35. Пілат адказаў: "Ці ж я Юдэй? Твой народ і першасьвятары выдалі Цябе мне. Што Ты ўчыні?ў?" 36. Адказаў Ісус: "Валадарства Маё ня з гэтага сьвету. Калі б з гэтага сьвету было Валадарства Маё, паслугачы Мае змагаліся б, каб Я ня быў выдадзены Юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё ня згэтуль". 37. Тады сказаў Яму Пілат: "Дык Ты Валадар?" Адказаў Ісус: "Ты кажаш, што Я - Валадар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб сьведчыць пра праўду. Усякі, хто з праўды, слухае голас Мой". 38. Кажа Яму Пілат: "Што ёсьць праўда?" І, сказаўшы гэта, ізноў выйшаў да Юдэяў і кажа ім: "Я аніякае віны ў Ім не знаходжу. 39. Ёсьць жа ў вас звычай, каб я некага адпускаў вам на Пасху. Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?" 40. Тады ізноў закрычалі ўсе, кажучы: "Не Яго, але Бараббу!" А Барабба быў разбойнік.

Разьдзел 19

1. Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў. 2. І жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яму пурпуровую шату, 3. і казалі: "Радуйся, Валадару Юдэйскі!", і білі Яго па шчоках. 4. Тады Пілат ізноў выйшаў навонкі і кажа ім: "Вось, я выводжу Яго навонкі да вас, каб вы даведаліся, што я не знаходжу ў Ім аніякае віны". 5. Тады выйшаў навонкі Ісус у цярновым вянку і пурпуровай шаце. І кажа ім [Пілат]: "Вось Чалавек!" 6. Калі ж убачылі Яго першасьвятары і паслугачы, дык закрычалі, кажучы: "Укрыжуй, укрыжуй!" Кажа ім Пілат: "Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знайшоў ў Ім віны". 7. Адказалі яму Юдэі: "Мы маем Закон; і паводле Закону нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым". 8. Калі Пілат пачуў гэта слова, яшчэ больш спалохаўся. 9. І ўвайшоў ён ізноў у прэторыю, і кажа Ісусу: "Адкуль Ты?" Ісус жа ня даў яму адказу. 10. Тады кажа Яму Пілат: "Ты не гаворыш са мною? Ці Ты ня ведаеш, што я ма?ю ўладу ўкрыжаваць Цябе і ма?ю ўладу адпусьціць Цябе?" 11. Адказаў Ісус: "Ты ня меў бы аніякае ўлады нада Мною, калі б Табе не было дадзена звыш; дзеля гэтага большы грэх мае той, хто выдаў Мяне табе". 12. З таго моманту Пілат шукаў, каб адпусьціць Яго. А Юдэі закрычалі, кажучы: "Калі адпусьціш Яго, ты ня сябра цэзару; усякі, хто робіць сябе валадаром, працівіцца цэзару". 13. Пілат, пачуўшы гэта слова, вывеў Ісуса на вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, якое звалася Літастра?тан, а па-гебрайску - Габбата?. 14. А быў дзень прыгатаваньня Пасхі, гадзіна каля шостай. І кажа ён Юдэям: "Вось, Валадар ваш!" 15. Яны ж закрычалі: "Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!" Кажа ім Пілат: "Валадара вашага ўкрыжую?" Адказалі першасьвятары: "Мы ня маем валадара, акрамя цэзара". 16. Тады ён выдаў ім Яго, каб быў укрыжаваны. Яны ўзялі Ісуса і павялі. 17. І, несучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Чараповае, якое па-гебрайску завецца Гальгота?. 18. Там укрыжавалі Яго, і з Ім двух другіх паабапал Яго, а ў сярэдзіне - Ісуса. 19. А Пілат напісаў надпіс і паставіў на крыжы. Было ж напісана: "Ісус з Назарэту, Валадар Юдэйскі". 20. Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад гораду, і напісана было па-гебрайску, па-грэцку і па-рымску. 21. Тады казалі Пілату першасьвятары юдэйскія: "Не пішы: "Валадар Юдэйскі", але, што Ён Сам сказаў: "Я - валадар юдэйскі"". 22. Адказаў Пілат: "Што я напісаў, тое напісаў". 23. А жаўнеры, калі ўкрыжавалі Ісуса, узялі адзеньне Ягонае і падзялілі на чатыры часткі - кожнаму жаўнеру частка, і вопратку. А вопратка была ня шытая, але ўся вытканая ад верху. 24. Тады сказалі яны адзін аднаму: "Ня будзем разьдзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй яна будзе"; каб споўнілася Пісаньне, якое кажа: "Падзялілі адзеньне Маё між сабою і пра шату Маю? кіда?лі жэрабе". Так і ўчыні?лі жаўнеры. 25. А каля крыжа Ісуса стаялі маці Ягоная і сястра маці Ягонай Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена. 26. Ісус жа, убачыўшы маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, кажа маці Сваёй: "Жанчына! Вось сын твой!" 27. Потым кажа вучню: "Вось маці твая!" І з таго часу вучань узяў яе да сябе. 28. Пасьля гэтага Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо зьдзейсьнілася, каб споўнілася Пісаньне, кажа: "Смагну!" 29. Там стаяла пасудзіна, поўная воцату. [Жаўнеры], напоўніўшы губку воцатам і ўсклаўшы на ізоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных. 30. Калі ж Ісус узяў воцат, сказаў: "Зьдзейсьнілася!", і, схіліўшы галаву, аддаў дух. 31. А Юдэі, каб не засталіся целы на крыжы ў суботу, таму што быў дзень прыгатаваньня, а тая субота была днём вялікім, прасілі Пілата, каб перабіць ў іх галёнкі і зьняць. 32. Тады прыйшлі жаўнеры, і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, які быў укрыжаваны з Ім. 33. Прыйшоўшы да Ісуса, калі ўбачылі, што Ён ужо памёршы, дык не перабілі ў Яго галёнак, 34. але адзін з жаўнераў дзідаю прабіў бок Ягоны, і адразу выцякла кроў і вада. 35. І той, хто бачыў, засьведчыў, і сьведчаньне ягонае праўдзівае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі. 36. Бо гэта сталася, каб споўнілася Пісаньне: "Косьць Ягоная ня будзе пераломленая". 37. І зноў іншае Пісаньне кажа: "Угледзяць, каго прабілі". 38. Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але патаемным дзеля страху перад Юдэямі, папрасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Тады ён прыйшоў і ўзяў цела Ісуса. 39. Прыйшоў і Нікадэм, які перш прыходзіў да Ісуса ўначы, несучы мешаніну сьмірны і алёэ фунтаў каля ста. 40. Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі Яго ў прасьціну з духмянасьцямі, як ёсьць звычай хаваць у Юдэяў. 41. На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў тым садзе - новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны. 42. Там дзеля дня прыгатаваньня юдэйскага, бо магіла была блізка, палажылі Ісуса.

Разьдзел 20

1. У першы ж дзень пасьля суботы Марыя Магдалена прыходзіць раніцаю, калі яшчэ было цёмна, да магілы і бачыць, што камень адвалены ад магілы. 2. Тады бяжыць і прыходзіць да Сымона Пятра і другога вучня, з якім сябраваў Ісус, і кажа ім: "Узялі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе палажылі Яго". 3. Тады выйшаў Пётар і другі вучань і прыйшлі да магілы. 4. Беглі ж абодва разам, і другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў першы да магілы, 5. і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжыць прасьціна, але не ўвайшоў. 6. Тады прыходзіць Сымон Пётар, ідучы за ім, і ўваходзіць у магілу, і бачыць, што ляжыць прасьціна 7. і хустка, што была на галаве Ягонай, не разам з прасьціною, але асобна скручаная ў адным месцы. 8. Тады ўвайшоў і другі вучань, які першы прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў. 9. Бо яны яшчэ ня ведалі Пісаньня, што Ён мусіць уваскрэснуць з мёртвых. 10. Тады вучні ізноў адыйшлі да сябе. 11. А Марыя стаяла звонку каля магілы, плачучы. Калі ж яна плакала, нахілілася да магілы 12. і бачыць двух анёлаў у белым, што сядзелі адзін ля галавы і другі ля ног, дзе ляжала цела Ісуса. 13. І яны кажуць ёй: "Жанчына! Што ты плачаш?" Яна кажа: "Забралі Госпада майго, і ня ведаю, дзе палажылі Яго". 14. І, сказаўшы гэта, яна павярнулася назад, і бачыць, што стаіць Ісус, і яна ня ведала, што гэта Ісус. 15. Кажа ёй Ісус: "Жанчына! Што ты плачаш? Каго шукаеш?" Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: "Пане! Калі Ты вынес Яго, скажы мне, дзе Ты Яго палажыў, і я вазьму Яго". 16. Кажа ёй Ісус: "Марыя!" Яна, павярнуўшыся, кажа Яму: "Раббуні!", - што значыць Настаўнік. 17. Кажа ёй Ісус: "Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзыйшоў да Айца Майго, а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: "Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага"". 18. Марыя Магдалена прыходзіць, абвяшчаючы вучням, што бачыла Госпада і што Ён гэта сказаў ёй. 19. А ўвечары таго першага дня пасьля суботы, калі дзьверы там, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнёныя дзеля страху перад Юдэямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: "Супакой вам!" 20. І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок Свой. Тады ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада. 21. Тады Ісус сказаў ім ізноў: "Супакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, і Я пасылаю вас". 22. І, сказаўшы гэта, дыхнуў і кажа ім: "Прыйміце Духа Сьвятога. 23. Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім затрымаеце, на тым будуць затрыманыя". 24. А Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізьнюк, ня быў з імі, калі прыходзіў Ісус. 25. Іншыя вучні тады сказалі яму: "Мы бачылі Госпада". А ён сказаў ім: "Калі ня ўбачу на руках Ягоных ранаў ад цьвікоў і не ўткну пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўлажу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу". 26. І праз восем дзён ізноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш з імі. Прыходзіць Ісус пры замкнёных дзьвярах, і стаў пасярэдзіне, і сказаў: "Супакой вам!" 27. Потым кажа да Тамаша: "Дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае; дай руку тваю і ўткні ў бок Мой; і ня будзь няверным, але верным". 28. І адказаў Тамаш, і сказаў Яму: "Госпад мой і Бог мой!" 29. Кажа яму Ісус: "Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчасьлівыя тыя, якія ня бачылі і паверылі". 30. Тады шмат іншых знакаў учыні?ў Ісус перад вучнямі Сваімі, пра якія не напісана ў гэтай кнізе. 31. А гэта напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і каб, веручы, мелі жыцьцё ў імя Яго.

Разьдзел 21

1. Пасьля гэтага ізноў зьявіўся Ісус вучням Сваім ля мора Тыбэрыядзкага. Зьявіўся Ён вось як: 2. былі разам Сымон Пётар і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаэль з Каны Галілейскай, і сыны Зэбэдэявы, і двое другіх з вучняў Ягоных. 3. Кажа ім Сымон Пётар: "Іду лавіць рыбу". Кажуць яму: "Пойдзем і мы з табою". Яны выйшлі і адразу ўвайшлі ў човен, і не злавілі ў тую ноч нічога. 4. Калі ўжо настала раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус. 5. Кажа ім Ісус: "Дзеці! Ці маеце што ядомае?" Яны адказалі Яму: "Не". 6. Ён жа сказаў ім: "Закіньце нерат на правы бок чаўна і зловіце". Тады яны закінулі, і ўжо не маглі яго выцягнуць дзеля мноства рыбы. 7. Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: "Гэта Госпад". Сымон жа Пётар, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся кашуляю, бо быў голы, і кінуўся ў мора. 8. А іншыя вучні прыплылі ў чаўне, бо не былі далёка ад зямлі, локцяў каля двухсот, цягнучы нерат з рыбаю. 9. Калі ж выйшлі на зямлю, бачаць раскладзены агонь і рыбу, што ляжала на ім, і хлеб. 10. Кажа ім Ісус: "Прынясіце з тае рыбы, якую вы цяпер злавілі". 11. Сымон Пётар пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат, поўны вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзясят тры, і пры гэткай колькасьці нерат не падраўся. 12. Кажа ім Ісус: "Ідзіце, абедайце". З вучняў жа ніхто не адважыўся даведвацца ў Яго: "Хто Ты?", бо ведалі, што гэта Госпад. 13. Прыходзіць тады Ісус, і бярэ хлеб, і дае ім; таксама і рыбу. 14. Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрасеньня з мёртвых. 15. Калі ж яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: "Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне больш, чым гэтыя?" Той кажа Яму: "Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою". Ён кажа яму: "Пасьві ягняткі Мае". 16. Зноў кажа яму другі раз: "Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне?" Той кажа Яму: "Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою". Ён кажа яму: "Пасьві авечкі Мае". 17. Кажа яму трэці раз: "Сымон Ёнін, ці сябруеш ты са Мною?" Засмуціўся Пётар, што трэці раз спытаўся ў яго: "Ці сябруеш ты са Мною?", і сказаў Яму: "Госпадзе! Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я сябрую з Табою!" Кажа яму Ісус: "Пасьві авечкі Мае. 18. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, дык падпаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, і другі цябе падпаяша і павядзе, куды ня хочаш". 19. А гэта Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцяю той праславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: "Ідзі за Мною". 20. Павярнуўшыся, Пётар бачыць, што ідзе за ім вучань, якога любіў Ісус і які на вячэры ўзьлёг ля грудзей Ягоных, і сказаў: "Госпадзе! Хто той, які выдасьць Цябе?" 21. Убачыўшы яго, Пётар кажа Ісусу: "Госпадзе! А ён што?" 22. Кажа яму Ісус: "Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе? Ты ідзі за Мною!" 23. Тады прайшло слова гэтае між братоў, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што ён не памрэ, але: "Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе?" 24. Гэты вучань і сьведчыць пра гэтае, і напісаў гэта. І мы ведаем, што праўдзівае сьведчаньне ягонае. 25. Ёсьць таксама шмат іншага, што ўчыні?ў Ісус, але, каб напісаць гэта асобна, дык, я мяркую, і самому сьвету не зьмясьціць бы напісаных кнігаў. Амэн.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: