Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПРЫПОВЕСЬЦІ ў перакладзе А.Бокуна (2016)

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ

Разьдзел 1

1. Як ужо многія намагаліся напісаць аповесьць пра падзеі, якія ў нас адбыліся, 2. як пераказалі нам тыя, што былі ад пачатку відавочцамі і сталіся паслугачамі Слова, 3. надумаў і я, прайшоўшы ўсё нанова, дакладна па парадку апісаць табе, вяльможны Тэафілю, 4. каб ты пазнаў надзейнасьць словаў, у якіх быў навучаны. 5. Сталася ў дні Ірада, валадара Юдэйскага, [быў] сьвятар з Абіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка ягоная з дачок Аарона, і імя яе - Альжбета. 6. Былі яны абое праведныя перад Богам, ходзячы паводле прыказаньняў і пастановаў Госпада беззаганна. 7. І не было ў іх дзіцяці, таму што Альжбета была няплодная, і абое яны былі пажылыя ў гадах сваіх. 8. І сталася, калі ў парадку свае чаргі ён спаўняў сьвятарскі абавязак перад Богам, 9. выпала яму паводле звычаю сьвятароў кадзіць, увайшоўшы ў бажніцу Госпадаву. 10. І ўсё мноства народу звонку малілася ў час каджэньня. 11. І зьявіўся яму анёл Госпадаў, які стаў з правага боку кадзільнага ахвярніку. 12. І стрывожыўся Захарыя, убачыўшы яго, і ахапіў яго страх. 13. Анёл жа сказаў яму: "Ня бойся, Захарыя; бо пачутая просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян. 14. І будзе табе радасьць і весялосьць, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня ягонага. 15. Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і ня будзе піць віно і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ва ўлоньні маці сваёй. 16. І многіх з сыноў Ізраіля зьверне да Госпада, Бога іхняга. 17. І будзе ісьці перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяным - лад думак праведнікаў, каб падрыхтаваць Госпаду народ падрыхтаваны". 18. І сказаў Захарыя анёлу: "З чаго даведаюся я гэтае? Бо я - стары, і жонка мая ў гадах пажылых". 19. І, адказваючы, сказаў яму анёл: "Я - Габрыэль, які стаю перад Богам, і я пасланы гаварыць з табою і дабравесьціць табе гэтае. 20. І вось, будзеш ты маўчаць, і ня зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час". 21. І чакаў народ Захарыю, і дзівіўся, што ён марудзіць у бажніцы. 22. А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і зразумелі, што бачыў відзеж у бажніцы; і ён ківаў ім, і застаўся не?мы. 23. І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой. 24. Пасьля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і хавала гэта пяць месяцаў, кажучы: 25. "Гэтак учыніў мне Госпад у дні, калі глянуў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі". 26. А ў шосты месяц быў пасланы анёл Габрыэль ад Бога ў горад Галілейскі, называны Назарэт, 27. да дзяўчыны, заручанай з мужам на імя Язэп, з дому Давідавага; а імя дзяўчыны - Марыя. 28. І, увайшоўшы да яе, анёл сказаў: "Радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; дабраслаўлёная ты між жанчынамі". 29. Яна ж, убачыўшы яго, устрывожылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта было за прывітаньне. 30. І сказаў ёй анёл: "Ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога. 31. І вось ты зачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус. 32. Ён будзе вялікі, і Сы?нам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага, 33. і Ён будзе валадарыць над домам Якуба на вякі, і Валадарству Ягонаму ня будзе канца". 34. А Марыя сказала анёлу: "Як гэта будзе, калі я не спазнала мужа?" 35. І, адказваючы, анёл сказаў ёй: "Дух Сьвяты зыйдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе. І дзеля гэтага тое, што народзіцца Сьвятое, Сы?нам Божым назавецца. 36. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і вось ужо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай. 37. Бо ў Бога ніводнае слова ня будзе бяз сілы". 38. І сказала Марыя: "Вось я - служка Госпада; няхай станецца мне паводле слова твайго". І адыйшоў ад яе анёл. 39. Устаўшы, Марыя ў тыя дні шпарка пайшла ў горную краіну, у горад Юдавы, 40. і ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету. 41. І сталася, калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлоньні яе, і Альжбета напоўнілася Духам Сьвятым. 42. І ўсклікнула яна моцным голасам, і сказала: "Дабраслаўлёная ты між жанчынамі, і дабраслаўлёны плод улоньня твайго. 43. І адкуль гэта мне, што прыйшла маці Госпада майго да мяне? 44. Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ва ўлоньні маім. 45. І шчасьлівая тая, якая паверыла, бо зьдзейсьніцца сказанае ёй ад Госпада". 46. І сказала Марыя: "Узьвялічвае душа мая Госпада, 47. і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім, 48. бо Ён глянуў на паніжэньне служкі Сваёй. Бо вось, адгэтуль шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні, 49. бо вялікае ўчыніў мне Магутны; і сьвятое імя Яго, 50. і міласэрнасьць Ягоная з пакаленьня ў пакаленьне для тых, якія баяцца Яго. 51. Ён зьявіў уладу рамяном Сваім; расьсеяў ганарыстых думкамі сэрца іхняга; 52. скінуў моцных з пасадаў і ўзьвялічыў пакорных, 53. галодных насыціў дабром, а багатых адпусьціў ні з чым. 54. Падтрымаў Ізраіля, юнака Свайго, успомніў пра міласэрнасьць, 55. як гаварыў адносна бацькоў нашых, адносна Абрагама і насеньня ягонага на вякі". 56. Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой. 57. А Альжбеце настаў час нараджаць, і яна нарадзіла сына. 58. І пачулі суседзі і сваякі ейныя, што ўзьвялічыў Госпад міласэрнасьць Сваю над ёю, і цешыліся з ёю. 59. І сталася, у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хацелі назваць яго паводле імя бацькі ягонага Захарыям. 60. І, адказваючы, маці ягоная сказала: "Не, але ён будзе называцца Янам". 61. І сказалі ёй: "Нікога няма ў родзічаў тваіх, хто называецца гэтым імем". 62. І пыталіся на мі?гах у бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго. 63. І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў, кажучы: "Ян імя яму". І ўсе зьдзівіліся. 64. І адразу расчыніліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога. 65. І стаўся страх на ўсіх, што жылі побач, і гаварылі адзін аднаму словы гэтыя па ўсёй горнай краіне Юдэйскай. 66. І ўсе, якія чулі, складалі [гэта] ў сэрцы сваім, кажучы: "Што ж гэта будзе за дзіця?" І рука Госпадава была з ім. 67. І Захарыя, бацька ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым, і прарочыў, кажучы: 68. "Дабраслаўлёны Госпад, Бог Ізраіля, што адведаў народ Свой і даў выбаўленьне [яму], 69. і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго, 70. як абвясьціў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх, што былі адвеку, 71. збавіць [нас] ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, якія ненавідзяць нас, 72. учыніць міласэрнасьць бацька?м нашым і ўзгадаць сьвяты запавет Свой, 73. прысягу, якой кляўся Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам 74. бяз страху, выбавіўшы нас з рукі ворагаў нашых, 75. служыць Яму ў сьвятасьці і праведнасьці перад Ім у-ва ўсе дні жыцьця нашага. 76. І ты, дзіцятка, будзеш названы прарокам Найвышэйшага, бо будзеш ісьці наперадзе перад абліччам Госпада падрыхтаваць шляхі Яму, 77. даць народу пазнаць збаўленьне ў адпушчэньні грахоў іхніх, 78. праз унутраную міласэрнасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыні?, 79. зьявіць [сьвятло] тым, што сядзяць у цемры і ў ценю сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на шлях супакою". 80. А дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустыні да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.

Разьдзел 2

1. І сталася, у тыя дні выйшла ад цэзара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім сусьвеце. 2. Гэты перапіс быў першы за панаваньня Квірынія ў Сірыі. 3. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. 4. Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з гораду Назарэт, у Юдэю, у горад Давіда, называны Бэтлее?м, бо ён быў з дому і роду Давіда, 5. запісацца з Марыяю, заручанай з ім жонкай, якая была цяжарная. 6. І сталася, калі яны былі там, надыйшоў дзень нарадзіць ёй; 7. і нарадзіла Сына свайго Першароднага, і спавіла? Яго, і палажыла яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў сьвятліцы. 8. І былі пастухі ў той ваколіцы, якія начавалі ў полі і вартавалі ўначы ля статку свайго. 9. І вось, стаў перад імі анёл Госпадаў, і слава Госпадава асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім. 10. І сказаў ім анёл: "Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам вялікую радасьць, якая будзе ўсяму народу, 11. бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад. 12. І вось вам знак: вы знойдзеце Немаўлятка ў пялюшках, Якое ляжыць у ясьлях". 13. І неспадзявана зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, якое славіла Бога і казала: 14. "Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабаньне". 15. І сталася, калі адыйшлі ад іх анёлы ў неба, пастухі сказалі адзін аднаму: "Хадзем у Бэтлеем і ўбачым, ці сталася тое слова, якое абвясьціў нам Госпад". 16. І пайшлі пасьпешна, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Немаўлятка, Якое ляжала ў ясьлях. 17. І, убачыўшы, расказалі пра словы, якія былі сказаныя ім пра Дзіцятка Гэтае. 18. І ўсе, якія чулі, зьдзіўляліся з таго, што расказвалі ім пастухі. 19. А Марыя захавала ўсе словы гэтыя, складаючы [іх] у сэрцы сваім. 20. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана. 21. І калі прайшло восем дзён, трэба было абрэзаць Хлопчыка, і далі Яму імя Ісус, названае анёлам перш, чым быў Ён зачаты ва ўлоньні. 22. І калі скончыліся дні ачышчэньня іх паводле закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб прадставіць перад Госпадам, 23. як напісана ў законе Госпадавым: "Усякі хлопчык, які адкрывае ўлоньне, будзе названы сьвятым Госпадавым", 24. і каб прынесьці ў ахвяру паводле таго, як сказана ў законе Госпадавым: па?ру ту?ркавак ці двух галубянятак. 25. І вось, быў у Ерусаліме чалавек на імя Сымон. І быў ён чалавек праведны і пабожны, які чакаў пацяшэньня Ізраіля, і Дух Сьвяты быў на ім. 26. І было яму сказана ад Духа Сьвятога, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага. 27. І прыйшоў ён у Духу ў сьвятыню. І калі бацькі? прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле закону, 28. ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў: 29. "Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Улада?ру, паводле слова Твайго, у супакоі, 30. бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё, 31. якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў, 32. сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго - Ізраіля". 33. А Язэп і маці Ягоная зьдзіўляліся сказанаму пра Яго. 34. І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: "Вось, ляжыць Гэты на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілю, і на знак, якому працівіцца будуць. 35. І табе самой меч пранікне ў душу?, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў". 36. І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з калена Асэра. Яна была ў вельмі старым веку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў. 37. І была яна ўдава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад сьвятыні, постам і просьбаю служачы [Богу] дзень і ноч. 38. І яна, у тую гадзіну прыйшоўшы, узносіла хвалу Госпаду і гаварыла пра Яго ўсім, якія чакалі выбаўленьня ў Ерусаліме. 39. І калі яны выканалі ўсё паводле закону Госпадава, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. 40. А Дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім. 41. І кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. 42. І калі Ён меў дванаццаць год, прыйшлі яны, як звычайна, у Ерусалім на сьвята. 43. І калі скончыліся тыя дні і яны варочаліся, застаўся Хлопец Ісус у Ерусаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і маці Ягоная, 44. але думалі, што Ён ідзе з другімі падарожнікамі. Прайшоўшы дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі. 45. І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго. 46. І сталася, праз тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, як сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх. 47. І ўсе, якія слухалі Яго, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных. 48. І, убачыўшы Яго, зьдзівіліся, і маці Ягоная сказала Яму: "Дзіця! Што Ты зрабіў нам гэтак? Вось, бацька Твой і я з вялікай мукаю шукалі Цябе". 49. І Ён сказаў ім: "Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што [належыць] Айцу Майму?" 50. І яны не зразумелі слова, якое Ён сказаў ім. 51. І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім. 52. І Ісус узрастаў у мудрасьці, і ва ўзросьце, і ў ласцы ў Бога і людзей.

Разьдзел 3

1. А ў пятнаццаты год панаваньня цэзара Тыбэрыя, калі Понці Пілат панаваў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны, - тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай краіне, а Лісані - тэтрархам у Абіліне, 2. пры першасьвятарах Аньне і Каяфе было слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні. 3. І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Ярданскіх, прапаведуючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў, 4. як напісана ў кнізе словаў прарока Ісаі, які кажа: "Голас таго, хто кліча ў пустыні: "Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго; 5. усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара і ўзгорак няхай панізяцца, крывізны няхай выпрастуюцца, і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі; 6. і ўгледзіць усякае цела збаўленьне Божае"". 7. І казаў ён натоўпам, якія прыходзілі хрысьціцца ў яго: "Спараджэньні яхідны, хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад гневу, які надыходзіць? 8. Зрабіце плады, годныя навяртаньня, і не пачынайце гаварыць у сабе: "Бацьку маем Абрагама", бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму. 9. Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; усякае дрэва, якое не прыносіць добрага плоду, сьсякаецца і кідаецца ў агонь". 10. І спытаўся ў яго натоўп, кажучы: "Дык што нам рабіць?" 11. А ён, адказваючы, кажа ім: "Хто мае дзьве вопраткі, няхай дасьць таму, хто ня мае; і хто мае ежу, няхай робіць тое самае". 12. Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца, і сказалі яму: "Настаўнік, што нам рабіць?" 13. А ён сказаў ім: "Нічога не бярыце больш таго, што вам загадана". 14. Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: "А нам што рабіць?" І ён сказаў ім: "Нікога ня крыўдзьце, не абмаўляйце і задавальняйцеся сваёю платай". 15. І народу, які чакаў і разважаў у сэрцах сваіх адносна Яна, ці не Хрыстос ён, 16. адказаў Ян усім, кажучы: "Я хрышчу вас вадою, але ідзе Дужэйшы за мяне, у Якога я ня варты разьвязаць рамень сандалаў Ягоных. Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём. 17. Веялка Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць ток Свой, і зьбярэ пшаніцу ў сьвіран Свой, а салому спаліць агнём незгасальным". 18. І шмат іншага дабравесьціў ён народу, навучаючы яго. 19. А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата ягонага, і за ўсё, што Ірад зрабіў злога, 20. дадаў да ўсяго і тое, што замкнуў Яна ў вязьніцу. 21. І сталася, калі хрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, адчынілася неба, 22. і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цялесным выглядзе, як голуб, і быў голас з неба, які казаў: "Ты - Сын Мой Улюбёны; у Табе Я маю ўпадабаньне". 23. І меў Ісус, пачынаючы [служэньне], гадоў каля трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Гэліяў, 24. Мататаў, Левіяў, Мэльхіяў, Янаяў, Язэпаў, 25. Мататыяў, Амосаў, Навумаў, Эсьліяў, Нагеяў, 26. Магатаў, Мататыяў, Сэмэяў, Язэпаў, Юдаў, 27. Яанаяў, Рэсаеў, Зэрубабэляў, Салятыэляў, Нэрыяў, 28. Мэльхіяў, Аддыяў, Касамаў, Эльмадамаў, Іраў, 29. Ёсіяў, Эліезэраў, Ярымаў, Мататаў, Левіяў, 30. Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Янанаў, Эліякімаў, 31. Мэлеаяў, Маінанаў, Мататаў, Натанаў, Давідаў, 32. Есэяў, Абэдаў, Боазаў, Сальмонаў, Наасонаў, 33. Амінадабаў, Арамаў, Эсромаў, Пэрэсаў, Юдаў, 34. Якубаў, Ісаакаў, Абрагамаў, Тэрахаў, Нахораў, 35. Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Гэбэраў, Салаў, 36. Каінанаў, Арфаксадаў, Сэмаў, Нояў, Лямэхаў, 37. Мэтушаляхаў, Энохаў, Ярэдаў, Магалялеэляў, Кейнанаў, 38. Эносаў, Сэтаў, Адамаў, Божы.

Разьдзел 4

1. Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся з Ярдану і быў паведзены Духам у пустыню. 2. Там сорак дзён Ён быў спакуша?ны д'яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захацеў есьці. 3. І сказаў Яму д'ябал: "Калі Ты - Сын Божы, скажы гэтаму камяню, каб ён стаўся хлебам". 4. І адказаў яму Ісус, кажучы: "Напісана, што ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам Божым". 5. І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д'ябал паказаў Яму ўсе валадарствы сусьвету ў імгненьне часу. 6. І сказаў Яму д'ябал: "Дам Табе ўладу над усім гэтым і славу іхнюю, бо яна мне аддадзена, і я, каму хачу, даю яе. 7. Дык калі Ты паклонішся мне, усё будзе Тваё". 8. І, адказваючы, сказаў яму Ісус: "Адыйдзі ад Мяне, шата?н! Бо напісана: "Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы"". 9. І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на вільчаку сьвятыні, і сказаў Яму: "Калі Ты - Сын Божы, кінься адгэтуль уніз, 10. бо напісана: "Анёлам Сваім загадае пра Цябе ўсьцерагчы Цябе", 11. і: "На руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю"". 12. І, адказваючы, сказаў яму Ісус: "Сказана: "Не спакушай Госпада, Бога твайго"". 13. І, скончыўшы ўсё спакушэньне, д'ябал адыйшоў ад Яго да пары?. 14. І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй ваколіцы. 15. І вучыў Ён у сынагогах іхніх, і ад усіх быў слаўлены. 16. І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле звычаю Свайго ў дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць. 17. І далі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: 18. "Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздараўляць скрышаных сэрцам, абвяшчаць вязьням вызваленьне і сьляпым - вяртаньне зроку, пусьціць змучаных на свабоду, 19. і абвяшчаць год Госпадаў прыемны". 20. І, згарнуўшы кнігу, аддаў паслугачу і сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго. 21. А Ён пачаў гаварыць ім: "Сёньня споўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых". 22. І ўсе засьведчылі Яму гэта, і зьдзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і гаварылі: "Ці не Язэпаў гэта сын?" 23. І Ён сказаў ім: "Вядома, вы скажаце Мне гэткую прыповесьць: "Лекару, аздараві Самога Сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, сталася ў Капэрнауме"". 24. І сказаў: "Сапраўды кажу вам: Ніводзін прарок не прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй. 25. Праўдзіва кажу вам: Шмат удоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі было зачынена неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі; 26. і ані да аднае з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую. 27. І шмат было пракажоных у Ізраілю пры прароку Элісею, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, акрамя Нэемана Сірыйца". 28. І ўсе ў сынагозе напоўніліся ярасьцю, пачуўшы гэтае, 29. і, устаўшы, выгналі Яго навонкі з гораду, і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны горад іхні, каб скінуць Яго, 30. але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў. 31. І прыйшоў у Капэрнаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у суботы. 32. І дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо з уладаю былі словы Яго. 33. І быў у сынагозе чалавек, які меў духа дэмана нячыстага, і ён загаласіў моцным голасам, 34. кажучы: "Аёй! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы". 35. І забараніў яму Ісус, кажучы: "Змоўкні і выйдзі з яго!" І, кінуўшы яго на сярэдзіну, дэман выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму. 36. І ахапіў усіх страх, і гутарылі між сабою, кажучы: "Што гэта за слова такое, што з уладаю і моцаю Ён загадвае духам нячыстым, і яны выходзяць?" 37. І разыйшлася чутка пра Яго па ўсіх вакалічных месцах. 38. Выйшаўшы ж з сынагогі, Ён прыйшоў у дом Сымона. А цешча Сымонава была ў моцнай гарачцы, і прасілі Яго за яе. 39. І, стаўшы каля яе, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе, а яна, адразу ўстаўшы, паслугава?ла ім. 40. Пры захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, усклаўшы на кожнага з іх рукі, аздаравіў іх. 41. Выганяў таксама дэманаў з многіх, якія крычалі і казалі: "Ты - Хрыстос, Сын Божы". І Ён забараняў ім казаць, што яны ведаюць, што Ён - Хрыстос. 42. А калі настаў дзень, Ён, выйшаўшы, пайшоў у пустыннае месца, і натоўпы шукалі Яго, і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб не ішоў ад іх. 43. А Ён сказаў ім: "І ў другіх гарадах Я мушу дабравесьціць Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы". 44. І абвяшчаў у сынагогах Галілейскіх.

Разьдзел 5

1. А сталася, што натоўп ціснуўся да Яго, каб слухаць Слова Божае, і Ён стаяў ля возера Генезарэт, 2. і ўбачыў Ён два чаўны, якія стаялі на возеры, а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі сеці. 3. Увайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу і, сеўшы, вучыў натоўпы з чаўна. 4. Калі ж перастаў гаварыць, сказаў Сымону: "Адплыві на глыбіню і закіньце сеці вашы дзеля лову". 5. І, адказваючы, Сымон сказаў Яму: "Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але паводле слова Твайго закіну сеці". 6. І, зрабіўшы гэтае, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават сетка ў іх прарывалася. 7. І далі знак таварышам, што былі на другім чаўне, каб прыйшлі дапамагчы ім, і прыйшлі, і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі залівацца. 8. Убачыўшы гэта, Сымон Пётар упаў да каленаў Ісуса, кажучы: "Выйдзі ад мяне, Госпадзе, бо я - чалавек грэшны". 9. Бо страх ахапіў яго і ўсіх, што былі з ім, дзеля гэткага ўлову рыбаў, імі злоўленых, 10. таксама і Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. І сказаў Ісус Сымону: "Ня бойся, ад цяпер будзеш лаўцом чалавекаў". 11. І, выцягнуўшы чаўны на бераг, яны пакінулі ўсё і пайшлі за Ім. 12. І сталася, Ісус быў у адным горадзе, і прыйшоў чалавек увесь у праказе, і, убачыўшы Ісуса, упаўшы на аблічча, маліў Яго, кажучы: "Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць". 13. І Ён, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: "Хачу, будзь ачышчаны". І адразу праказа зыйшла з яго. 14. І Ён загадаў яму нікому не казаць, але пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім. 15. Але тым больш разыйшлося слова пра Яго, і шматлікія натоўпы зьбіраліся да Яго слухаць і аздаравіцца ў Яго ад нядужасьцяў сваіх. 16. А Ён адыходзіў у пустынныя [месцы] і маліўся. 17. І сталася, у адзін дзень, як Ён навучаў, і сядзелі фарысэі і законавучыцелі, якія прыйшлі з усіх мястэчак Галілеі і Юдэі, і Ерусаліму, і сіла Госпадава была дзеля аздараўленьня іх, 18. вось, нясуць мужчыны на ложку чалавека, які быў спараліжаваны, і хацелі ўнесьці яго [ў дом] і палажыць перад Ісусам; 19. і, не знайшоўшы, дзе пранесьці яго праз натоўп, узьлезьлі на дах і праз страху спусьцілі яго разам з ложкам на сярэдзіну перад Ісусам. 20. І Ён, бачачы веру іх, сказаў яму: "Чалавеча! Адпускаюцца табе грахі твае". 21. І пачалі разважаць кніжнікі і фарысэі, кажучы: "Хто Ён такі, што кажа блюзьне?рства? Хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?" 22. А Ісус, пазнаўшы думкі іхнія, адказваючы, сказаў ім: "Што вы думаеце ў сэрцах вашых? 23. Што лягчэй сказаць: "Адпускаюцца табе грахі твае", ці сказаць: "Устань і хадзі"? 24. Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі", - сказаў Ён спараліжаванаму. - "Кажу табе: устань і, узяўшы ложак твой, ідзі ў дом твой". 25. І той, адразу ўстаўшы перад імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога. 26. І ўсе былі ў захапленьні, і славілі Бога; і напоўніліся страхам, кажучы: "Дзіўныя рэчы бачылі мы сёньня". 27. І пасьля гэтага Ён выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: "Ідзі за Мною". 28. І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім. 29. І зрабіў для Яго Левій у доме сваім вялікі пачастунак, і была шматлікая грамада мытнікаў і іншых, якія ўзьлягалі з імі. 30. І наракалі кніжнікі і фарысэі вучням Ягоным, кажучы: "Навошта вы ясьцё і п'яцё з мытнікамі і грэшнікамі?" 31. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: "Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. 32. Я прыйшоў клікаць да навяртаньня не праведных, але грэшных". 33. А яны сказалі Яму: "Чаму вучні Яна посьцяць часта і моляцца, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п'юць?" 34. А Ён сказаў ім: "Ці можаце прымусіць сыноў вясельля посьціць, калі з імі жаніх? 35. Але прыйдуць дні, калі возьмуць у іх жаніха, і тады будуць посьціць у тыя дні". 36. І сказаў ім прыповесьць: "Ніхто латкі ад новага адзеньня не прышывае да старога адзеньня, бо іначай і новае разьдзярэ, і да старога не падыйдзе латка ад новага. 37. І ніхто не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо маладое віно прарве мяхі, і само выцячэ, і мяхі прападуць; 38. але маладое віно трэба ўліваць у новыя мяхі; і захаваецца тое і другое. 39. І ніхто, п'ючы старое віно, не захоча адразу маладога, бо кажа: "Старое лепшае"".

Разьдзел 6

1. І сталася ў другую суботу пасьля Пасхі, што Ён праходзіў праз палеткі, і вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расьціраючы рукамі. 2. А некаторыя з фарысэяў сказалі ім: "Навошта вы робіце тое, чаго ня сьлед рабіць у суботу?" 3. І, адказваючы ім, сказаў Ісус: "Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі? 4. Як ён увайшоў у дом Божы, і ўзяў хлябы пакладныя, якіх ня можна было есьці нікому, апрача сьвятароў, і еў, і даў тым, што з ім былі". 5. І сказаў ім: "Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы". 6. І сталася, што ў іншую суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і навучаў. І быў там чалавек, у якога правая рука была сухая. 7. А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачваньне супраць Яго. 8. Але Ён, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку, які меў сухую руку: "Устань і стань на сярэдзіну". І той, устаўшы, стаў. 9. Тады сказаў ім Ісус: "Спытаюся Я ў вас: "Што трэба рабіць у суботу: дабро ці зло? Збавіць душу? ці загубі?ць?"" 10. І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў чалавеку: "Выцягні руку тваю". Ён так і зрабіў, і сталася рука ягоная здаровая, як другая. 11. А яны напоўніліся ша?лам і гаварылі адзін да аднаго, што ім зрабіць з Ісусам. 12. І сталася ў тыя дні, узыйшоў Ён на гару памаліцца, і быў усю ноч у малітве да Бога. 13. І калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі: 14. Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея, 15. Мацьвея і Тамаша, Якуба Алфеявага і Сымона, называнага Зілотам, 16. Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаўся здраднікам. 17. І, зыйшоўшы разам з імі, стаў на роўным месцы, і натоўп вучняў Ягоных, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі, і Ерусаліму, і прыморскіх гарадоў Тыру і Сідону, 18. якія прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад хваробаў сваіх, і тыя, якіх мучылі духі нячыстыя, былі аздароўленыя. 19. І ўвесь натоўп шукаў дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла моц і аздараўляла ўсіх. 20. І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, сказаў: "Шчасьлівыя ўбогія, бо вашае ёсьць Валадарства Божае. 21. Шчасьлівыя вы, якія цяпер галодныя, бо вы насыціцеся. Шчасьлівыя вы, якія цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца. 22. Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і будуць зьневажаць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалавечага. 23. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вось, вялікая нагарода вашая ў небе, бо гэтак рабілі з прарокамі бацькі іхнія. 24. Больш таго, гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымліваеце пацяшэньне сваё. 25. Гора вам, перасычаныя, бо будзеце галодныя. Гора вам, якія цяпер сьмеяцёся, бо будзеце плакаць і галасіць. 26. Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо гэтак рабілі з фальшывымі прарокамі бацькі іхнія. 27. Але вам, якія слухаеце, кажу: Любіце ворагаў вашых, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, 28. дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас. 29. І таму, які ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто забірае ў цябе адзеньне, не перашкаджай узяць і кашулю. 30. Усякаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў у цябе, не патрабуй назад. 31. І як хочаце, каб рабілі вам людзі, гэтак і вы рабіце ім. 32. І калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць. 33. І калі робіце дабро тым, якія вам дабро робяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі тое робяць. 34. І калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцёся атрымаць назад, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць назад гэтулькі. 35. Больш таго, любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе нагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры і да няўдзячных і злых. 36. Дык будзьце ж міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны. 37. І не судзі?це, і ня будзеце су?джаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і вам будзе даравана; 38. давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, націсьненую, стрэсеную і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае; бо якою мераю мераеце, такою і вам будзе адмерана". 39. Сказаў жа ім прыповесьць: "Ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму? 40. Вучань не вышэй за свайго настаўніка, але, удасканаліўшыся, кожны будзе як настаўнік ягоны. 41. Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш? 42. Ці як можаш сказаць брату твайму: "Браце! Дазволь, выму сучок з вока твайго", - калі сам ня бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць сучок, які ў воку брата твайго. 43. Бо няма добрага дрэва, якое прыносіць благі плод; і няма благога дрэва, якое прыносіць плод добры. 44. Бо ўсякае дрэва пазнаецца з уласнага плоду; бо не зьбіраюць фігаў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з глогу. 45. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое; бо з багацьця сэрца гавораць вусны ягоныя. 46. Чаму называеце Мяне: "Госпадзе! Госпадзе!" - і ня робіце таго, што Я кажу? 47. Усякі, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і робіць паводле іх, пакажу вам, да каго падобны. 48. Ён падобны да чалавека, што будуе дом, які капаў і заглыбіўся, і заклаў падмурак на скале, і калі сталася паводка, і вада ўдарыла на дом гэты, то не змагла захістаць яго, бо ён быў пабудаваны на скале. 49. А той, хто слухае і ня робіць, падобны да чалавека, што пабудаваў дом на зямлі без падмурку, які, калі ўдарыла на яго вада, адразу разваліўся; і разбурэньне яго было вялікае".

Разьдзел 7

1. Калі ж Ён скончыў усе словы Свае ў слых народу, увайшоў у Капэрнаум. 2. У аднаго ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў хворы пры сьмерці. 3. Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго старшыняў Юдэйскіх прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу ягонага. 4. І яны, прыйшоўшы да Ісуса, дужа прасілі Яго, кажучы: "Ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэтае, 5. бо ён любіць наш народ і пабудаваў нам сынагогу". 6. Ісус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: "Не турбуйся, Госпадзе! Бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, 7. бо і сябе самога я не палічыў вартым прыйсьці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой. 8. Бо і я чалавек, які маю над сабою ўладу, і маю пад сабою жаўнераў; і кажу аднаму: "Пайдзі", - і ён ідзе; і другому: "Прыйдзі", - і ён прыходзіць; і слузе майму: "Зрабі тое", - і ён робіць". 9. Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, павярнуўшыся, сказаў натоўпу, які ішоў за Ім: "Кажу вам, што нават у Ізраілю не знайшоў Я гэткае веры". 10. І вярнуўшыся ў дом, пасланыя знайшлі хворага слугу паздаравеўшым. 11. І сталася пасьля гэтага, пайшоў Ён у горад, называны Наін; і з Ім ішлі многія з вучняў Ягоных і шматлікі натоўп. 12. Калі ж Ён наблізіўся да брамы гораду, вось, выносілі памёршага, адзінароднага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і вялікі натоўп з гораду ішоў з ёю. 13. І, убачыўшы яе, Госпад зьлітаваўся над ёю і сказаў ёй: "Ня плач". 14. І, падыйшоўшы, дакрануўся да пахавальных насілкаў; а тыя, што несьлі іх, затрымаліся, і Ён сказаў: "Юнача, табе кажу: Устань!" 15. І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і Ён аддаў яго маці ягонай. 16. І ўсіх ахапіў страх, і яны славілі Бога, кажучы: "Вялікі прарок паўстаў між намі", і: "Бог адведаў народ Свой". 17. І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы. 18. І паведамілі Яну вучні ягоныя пра ўсё гэтае. 19. І, паклікаўшы двух з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Ісуса, кажучы: "Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам другога?" 20. А мужы [гэтыя], прыйшоўшы да Яго, сказалі: "Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: "Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам другога?"" 21. У гэтую гадзіну Ён многіх аздаравіў ад хваробаў і немачаў, і ад злых духаў, і многім сьляпым вярнуў зрок. 22. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: "Пайдзіце, паведаміце Яну, што вы бачылі і чулі, што сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім дабравесьціцца. 23. І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне". 24. Калі ж пасланцы Яна пайшлі, Ён пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: "Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае? 25. Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў пышным адзеньні і жывуць раскошна, знаходзяцца пры дварох валадарскіх. 26. Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока. 27. Ён ёсьць той, пра якога напісана: "Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою". 28. Бо кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Яна Хрысьціцеля; але меншы ў Валадарстве Божым большы за яго. 29. І ўвесь народ, які слухаў яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хрысьцячыся хрышчэньнем Янавым; 30. а фарысэі і законьнікі адкінулі параду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў яго". 31. Госпад жа сказаў: "Да каго прыраўняю людзей пакаленьня гэтага? І да каго яны падобныя? 32. Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы, і клічуць адзін аднаго, і кажуць: "Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі". 33. Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ані хлеба ня есьць, ані віна ня п'е, і вы кажаце: "Дэмана мае". 34. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е, і вы кажаце: "Вось, чалавек - абжора і п'яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў". 35. І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе". 36. Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці разам з ім, і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг. 37. І вось жанчына з таго гораду, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што Ён узьлягае ў доме фарысэя, прынесла алябастравы збанок міра, 38. і, стаўшы ззаду ля ног яго і плачучы, пачала абліваць ногі яго сьлязьмі, і выцірала валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Ягоныя, і мазала мірам. 39. Бачачы гэтае, фарысэй, які быў запрасіў Яго, сказаў сам у сабе: "Калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна - грэшніца". 40. І, адказваючы, Ісус сказаў яму: "Сымоне, Я маю нешта сказаць табе". Ён жа кажа: "Кажы, Настаўнік". 41. [Ісус сказаў]: "У аднаго пазычальніка былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі - пяцьдзясят. 42. А як яны ня мелі, чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы, каторы з іх больш узьлюбіць яго?" 43. Адказваючы, Сымон сказаў: "Думаю, што той, якому больш дараваў". Ён жа сказаў яму: "Слушна ты пастанавіў". 44. І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: "Ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла ногі Мае і валасамі галавы сваёй выцерла. 45. Ты пацалунку Мне ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае цалаваць ногі Мае. 46. Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам памазала ногі Мае. 47. Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што яна шмат узьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць". 48. А ёй сказаў: "Адпускаюцца табе грахі". 49. І тыя, што ўзьлягалі з Ім, пачалі гаварыць у сабе: "Хто Ён ёсьць, што і грахі адпускае?" 50. А Ён сказаў жанчыне: "Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі".

Разьдзел 8

1. І сталася пасьля, праходзіў Ён праз гарады і мястэчкі, абвяшчаючы і дабравесьцячы Валадарства Божае, і з Ім Дванаццаць, 2. і некаторыя жанчыны, якія былі аздароўленыя ад злых духаў і нядужасьцяў: Марыя, называная Магдалена, з якое выйшлі сем дэманаў, 3. і Ёанна, жонка Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія іншыя, якія служылі Яму з маёмасьці сваёй. 4. А калі сабралася мноства народу, і з гарадоў зыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прыповесьць: 5. "Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і, калі ён сеяў, адно ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго; 6. а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці; 7. а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна, і заглушыла яго; 8. а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынесла плод стакротны". Сказаўшы гэтае, Ён усклікнуў: "Хто мае вушы слухаць, няхай слухае". 9. А вучні Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: "Што значыць прыповесьць гэтая?" 10. Ён жа сказаў: "Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а для рэшты яны ў прыповесьцях, так што яны, бачачы, ня бачаць і, чуючы, не разумеюць. 11. Вось жа прыповесьць гэтая: насеньне ёсьць слова Божае. 12. А што пры дарозе - гэта тыя, якія слухаюць, а пасьля прыходзіць д'ябал, і забірае слова з сэрца іхняга, каб не паверылі і не былі збаўленыя. 13. А што на камяні - гэта тыя, якія, калі пачуюць, з радасьцю прыймаюць слова, ды ня маюць кораня і часова вераць, а ў час спакусы адпадаюць. 14. А што ўпала ў цярніну - гэта тыя, якія слухаюць, але, адыходзячы, заглушаюцца клопатамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі, і не даюць плоду. 15. А што ўпала на добрую зямлю - гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы, і даюць плод у цярплівасьці. 16. Ніхто, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінаю, або ня ставіць пад ложак, але ставіць на сьвечнік, каб тыя, якія ўваходзяць, бачылі сьвятло. 17. Бо няма нічога таемнага, што б ня выявілася, ані схаванага, што ня сталася б вядомым і ня выйшла на сьвятло. 18. Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго будзе забрана і тое, што ён думае мець". 19. І прыйшлі да Яго маці і браты Ягоныя, і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны натоўпу. 20. І паведамілі Яму, кажучы: "Маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, хочучы бачыць Цябе". 21. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: "Маці Мая і браты Мае - гэта тыя, якія слухаюць слова Божае і выконваюць яго". 22. І сталася аднаго дня, Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: "Пераплывем на той бок возера". І паплылі. 23. Калі ж яны плылі, Ён заснуў. І падняўся на возеры бурны вецер, і іх залівала хвалямі, і яны былі ў небясьпецы. 24. І, падыйшоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: "Настаўнік! Настаўнік! Мы гінем". А Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляваньню вады; і яны спыніліся, і сталася ціша. 25. Ён жа сказаў ім: "Дзе вера вашая?" А яны, спалохаўшыся, у зьдзіўленьні гаварылі адзін аднаму: "Хто Ён ёсьць, што вятрам загадвае і вадзе, і яны падпарадкоўваюцца Яму?" 26. І прыплылі ў краіну Гадарэнскую, якая насупраць Галілеі. 27. Калі ж выйшаў Ён на бераг, пераняў Яго нейкі чалавек з гораду, які меў дэманаў з даўных часоў, і не апранаў адзеньня, і жыў ня ў доме, але ў магілах. 28. Ён, убачыўшы Ісуса, упаў перад Ім, закрычаўшы, і моцным голасам сказаў: "Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, ня мучай мяне". 29. Бо Ён загадаў духу нячыстаму выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і дэман гнаў яго ў пустыні. 30. А Ісус спытаўся ў яго, кажучы: "Якое тваё імя?" Ён жа сказаў: "Легіён", бо шмат дэманаў увайшло ў яго. 31. І прасілі Яго, каб не казаў ім ісьці ў бездань. 32. А там на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіняў; і прасілі Яго [дэманы], каб дазволіў ім увайсьці ў іх, і Ён дазволіў ім. 33. Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіняў, і рынуўся гурт са стромы ў возера, і згінуў. 34. А тыя, якія пасьвілі іх, убачыўшы, што сталася, уцяклі і, пайшоўшы, паведамілі ў горадзе і вёсках. 35. І выйшлі ўбачыць, што сталася; і прыйшлі да Ісуса, і знайшлі чалавека, з якога выйшлі дэманы, што сядзіць ля ног Ісуса, адзеты і пры розуме; і спалохаліся. 36. А тыя, якія бачылі, распавялі ім, як збаўлены быў апанаваны дэманамі. 37. І прасіла Яго ўсё мноства ваколіцы Гадарэнскае пайсьці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Ён жа, увайшоўшы ў човен, вярнуўся. 38. А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім, але Ісус адпусьціў яго, кажучы: 39. "Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог". І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што ўчыніў яму Ісус. 40. І сталася, калі Ісус вярнуўся, натоўп прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго. 41. І вось прыйшоў чалавек на імя Яір, а быў ён начальнік сынагогі; і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны, 42. бо ў яго была адзінародная дачка, гадоў дванаццаці, і яна памірала. А калі Ён ішоў, натоўпы ціснуліся да Яго. 43. І жанчына, якая мела крывацечу дванаццаць гадоў і аддала на лекараў усё ўтрыманьне сваё, і ніводзін ня здолеў вылечыць яе, 44. падыйшоўшы ззаду, дакранулася да крыса? шаты Ягонай; і адразу спынілася ў яе крывацеча. 45. І сказаў Ісус: "Хто дакрануўся да Мяне?" А як усе адмаўляліся, сказаў Пётар і тыя, што з Ім былі: "Настаўнік! Натоўпы акружаюць Цябе і націскаюць, і Ты кажаш: "Хто дакрануўся да Мяне?"" 46. Але Ісус сказаў: "Нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, якая выйшла з Мяне". 47. А жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, дрыжучы, падыйшла і, упаўшы перад Ім, расказала Яму перад усім народам, з якое прычыны яна дакранулася да Яго, і як адразу была аздароўлена. 48. Ён жа сказаў ёй: "Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі". 49. Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць нехта ад начальніка сынагогі, кажучы яму: "Дачка твая памерла; не турбуй Настаўніка". 50. А Ісус, пачуўшы, адказаў яму, кажучы: "Ня бойся, толькі вер, і будзе збаўлена". 51. Прыйшоўшы ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Яна і Якуба, і ба?цькі дзяўчынкі, і маці. 52. А ўсе плакалі і галасілі па ёй. Ён жа сказаў: "Ня плачце; яна не памерла, але сьпіць". 53. І сьмяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла. 54. Ён жа, выслаўшы ўсіх вонкі і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: "Дзяўчынка, устань!" 55. І вярнуўся дух ейны, і яна адразу ўстала, і Ён загадаў даць ёй есьці. 56. І зьдзівіліся бацькі ейныя, а Ён загадаў ім не гаварыць нікому пра тое, што сталася.

Разьдзел 9

1. Паклікаўшы ж дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім моц і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць хваробы. 2. І паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць нядужых. 3. І сказаў ім: "Нічога не бярыце ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані срэбра, і каб двух вопратак ня мелі. 4. І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і адтуль выпраўляйцеся; 5. і калі дзе ня прыймуць вас, то, выходзячы з таго гораду, абтрасіце і пыл з ног вашых у сьведчаньне супраць іх". 6. Пайшоўшы, яны праходзілі праз мястэчкі, дабравесьцячы і аздараўляючы паўсюль. 7. А тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што дзеялася праз Яго, і быў зьбянтэжаны, бо адны казалі, што гэта Ян устаў з мёртвых; 8. а другія - што Ільля зьявіўся, а іншыя - што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос. 9. І сказаў Ірад: "Яна я сьцяў. А хто Гэты, пра Якога я чую такое?" І шукаў убачыць Яго. 10. І вярнуўшыся, апосталы расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ён, узяўшы іх, пайшоў асобна ў пустыннае месца каля гораду, называнага Бэтсаіда. 11. Але народ, даведаўшыся, пайшоў за Ім; і Ён, прыняўшы іх, гаварыў з імі пра Валадарства Божае, і тых, якія мелі патрэбу ў аздараўленьні, аздараўляў. 12. Калі ж дзень пачаў зыходзіць, прыступіўшы да Яго, Дванаццаць сказалі Яму: "Адпусьці натоўп, каб яны, пайшоўшы ў навакольныя мястэчкі і вёскі, пераначавалі і знайшлі ежу, бо мы тут у пустынным месцы". 13. Ён жа сказаў ім: "Вы дайце ім есьці". А яны сказалі: "У нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбы. Хіба што мы, пайшоўшы, купім ежы для ўсіх гэтых людзей?" 14. Бо іх было пяць тысячаў чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: "Рассадзіце іх шэрагамі па пяцьдзясят". 15. І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх. 16. Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы і зірнуўшы ў неба, дабраславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі натоўпу. 17. І елі, і насыціліся ўсе; і назьбіралі пазасталых кавалкаў дванаццаць кашоў. 18. І сталася, калі Ён маліўся асобна, вучні былі з Ім, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: "Кім называе Мяне натоўп?" 19. Яны, адказваючы, сказалі: "Янам Хрысьціцелем, а іншыя - Ільлём; а іншыя - што адзін са старадаўных прарокаў уваскрос". 20. Ён жа сказаў ім: "А вы кім называеце Мяне?" Адказваючы, Пётар сказаў: "Хрыстом Божым". 21. Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць пра гэта, 22. сказаўшы, што Сын Чалавечы мусіць шмат перацярпець, і быць адкінутым старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсьне. 23. Да ўсіх жа сказаў: "Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і бярэ крыж свой штодзень, і ідзе за Мною. 24. Бо хто хоча збавіць душу? сваю, загу?біць яе; а хто загу?біць душу? сваю дзеля Мяне, той збавіць яе. 25. Бо якая карысьць чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубі?ць, ці пашкодзіць сабе? 26. Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца, і сьвятых анёлаў. 27. Кажу вам праўдзіва, ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божага". 28. Сталася ж праз восем дзён пасьля словаў гэтых, узяўшы Пятра, Яна і Якуба, Ён узыйшоў на гару маліцца. 29. І стаўся, як Ён маліўся, выгляд аблічча Ягонага іншым, і адзеньне Ягонае сталася белым, бліскучым. 30. І вось, два мужы гутарылі з Ім, а былі гэта Майсей і Ільля, 31. якія, зьявіўшыся ў славе, гаварылі пра зыход Ягоны, што меўся споўніць у Ерусаліме. 32. Пётар жа і тыя, што з ім, былі ахопленыя сном; а прачнуўшыся, убачылі славу Ягоную і двух мужоў, якія стаялі з Ім. 33. І сталася, калі тыя адыходзілі ад Яго, сказаў Пётар Ісусу: "Настаўнік! Добра нам тут быць. Зробім тры намёты: адзін - Табе, адзін - Майсею, і адзін - Ільлі", - ня ведаючы, што кажа. 34. Калі ж ён гаварыў гэтае, зьявілася воблака і агарнула іх; і яны перепалохаліся, як увайшлі ў воблака. 35. І стаўся голас з воблака, які казаў: "Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны; Яго слухайце". 36. І калі быў голас гэты, застаўся Ісус адзін. І яны замаўчалі, і нікому не абвясьцілі ў тыя дні, што бачылі. 37. І сталася на наступны дзень, як яны зыйшлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп. 38. І вось нейкі чалавек з натоўпу крыкнуў, кажучы: "Настаўнік! Малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён адзінародны ў мяне. 39. І вось дух бярэ яго, і ён неспадзявана крычыць, і ту?зае яго з пенай; і ледзь адступае ад яго, разьбіўшы яго. 40. І я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не змаглі". 41. Ісус жа, адказваючы, сказаў: "О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго". 42. Калі ж той падыходзіў, дэман кінуў яго і затрос; але Ісус забараніў духу нячыстаму, і аздаравіў хлопца, і аддаў яго бацьку ягонаму. 43. І ўсе дзівіліся велічы Божай. Калі ж усе дзівіліся ўсяму, што ўчыніў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім: 44. "Палажыце ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі чалавечыя". 45. Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было закрытае ад іх, каб ня ўцяміць яго; а спытацца ў Яго пра слова гэтае яны баяліся. 46. Прыйшла ж ім думка, хто з іх быў бы большы? 47. А Ісус, убачыўшы думкі сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою 48. і сказаў ім: "Хто прыйме гэтае дзіця ў імя Маё, Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, прыймае Таго, Які паслаў Мяне. Бо хто з вас меншы за ўсіх, той будзе вялікі". 49. Адказваючы, Ян сказаў: "Настаўнік! Мы бачылі некага, хто ў імя Тваё выганяў дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі". 50. І сказаў яму Ісус: "Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той за вас". 51. І сталася, як набліжаліся дні ўзяцьця Яго, Ён зьвярнуў аблічча Сваё ісьці ў Ерусалім, 52. і паслаў весьнікаў перад абліччам Сваім; і яны, пайшоўшы, увайшлі ў мястэчка Самаранскае, каб прыгатаваць для Яго, 53. але там не прынялі Яго, бо аблічча Ягонае было скіраванае ў Ерусалім. 54. Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя Якуб і Ян сказалі: "Госпадзе! Ці хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?" 55. Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: "Ня ведаеце, якога вы духа, 56. бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубіць ду?шы чалавечыя, але збавіць". І пайшлі ў другое мястэчка. 57. І сталася, як яны былі ў дарозе, нехта сказаў яму: "Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў, Госпадзе!" 58. І сказаў яму Ісус: "Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя - гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву прыхіліць". 59. А другому сказаў: "Ідзі за Мною". Той сказаў: "Госпадзе! Дазволь мне, адыйшоўшы, перш пахаваць бацьку майго". 60. Але Ісус сказаў яму: "Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае". 61. І другі сказаў: "Я пайду за Табою, Госпадзе! Але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі". 62. Але Ісус сказаў яму: "Той, хто ўзлажыў руку сваю на плуг і аглядаецца назад, не надаецца да Валадарства Божага".

Разьдзел 10

1. Пасьля гэтага прызначыў Госпад і другіх семдзесят, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам меўся ісьці. 2. Тады сказаў ім: "Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала; дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё. 3. Ідзіце! Вось, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. 4. Не бярыце ані ка?йстры, ані торбы, ані сандалаў, і нікога ў дарозе не вітайце. 5. У які ж дом увойдзеце, перш кажыце: "Супакой дому гэтаму!" 6. І калі будзе там сын супакою, то супачыне на ім супакой ваш, а калі не, то да вас вернецца. 7. А ў доме тым заставайцеся, ешце і піце, што ў іх ёсьць; бо работнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. 8. І калі прыйдзеце ў які горад, і прыймуць вас, ешце, што вам дадуць; 9. і аздараўляйце ў іх хворых, і кажыце ім: "Наблізілася да вас Валадарства Божае". 10. А калі прыйдзеце ў які горад, і ня прыймуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажыце: 11. "І пыл, які прыліп да нас ад вашага гораду, абтрасаем вам. Аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае". 12. Кажу ж вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым гораду гэткаму. 13. Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, яны даўно б навярнуліся, седзячы ў зрэбніцы і попеле. 14. Але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам. 15. І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш. 16. Хто слухае вас, той Мяне слухае, і хто адкідае вас, той Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, той адкідае і Таго, Хто паслаў Мяне". 17. Семдзесят жа вярнуліся з радасьцю, кажучы: "Госпадзе! І дэманы падпарадкоўваюцца нам у імя Тваё". 18. Ён жа сказаў ім: "Я бачыў шата?на, які ўпаў з неба, як бліскавіца. 19. Вось, Я даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам. 20. Аднак жа з таго ня радуйцеся, што духі вам падпарадкоўваюцца; але радуйцеся з таго, што імёны вашыя запісаны ў небе". 21. У тую гадзіну ўзрадаваўся Ісус у духу і сказаў: "Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе". 22. І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў: "Усё Мне аддадзена Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, акрамя Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, акрамя Сына і каму Сын хоча адкрыць". 23. І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: "Шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце! 24. Бо кажу вам, што многія прарокі і валадары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і ня бачылі; і пачуць тое, што вы чуеце, і ня чулі". 25. І вось, нейкі законьнік устаў, спакушаючы Яго і кажучы: "Настаўнік! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?" 26. Ён жа сказаў яму: "У Законе што напісана? Як чытаеш?" 27. Ён жа, адказваючы, сказаў: "Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе". 28. [Ісус] сказаў яму: "Слушна ты адказаў. Рабі гэтак, і будзеш жыць". 29. Але ён, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: "А хто мой бліжні?" 30. На гэтае сказаў Ісус: "Нейкі чалавек зыходзіў з Ерусаліму ў Ерыхон і натрапіў на разбойнікаў, якія зьнялі з яго вопратку, зьбілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога. 31. Здарылася, што нейкі сьвятар зыходзіў гэтай дарогаю і, убачыўшы яго, праміну?ў яго. 32. Таксама і лявіт, апынуўшыся на тым месцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы, праміну?ў яго. 33. А Самаранін нейкі, ідучы, найшоў на яго і, убачыўшы яго, зьлітаваўся. 34. І, падыйшоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў карчму, і паклапаціўся пра яго. 35. А на другі дзень, адыходзячы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: "Паклапаціся пра яго і, калі выдасі што болей, я, вярнуўшыся, аддам табе". 36. Хто з гэтых трох, ты думаеш, стаўся бліжнім таму, які натрапіў на разбойнікаў?" 37. Ён сказаў: "Той, які зьлітаваўся над ім". Тады Ісус сказаў яму: "Ідзі і ты рабі гэтак". 38. І сталася, як яны ішлі, прыйшоў Ён у нейкае мястэчка; а адна жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў дом свой. 39. І ў яе была сястра, якую звалі Марыя, якая, сеўшы ля ног Ісуса, слухала слова Ягонае. 40. А Марта завіхалася ва ўсякай паслузе і, стаўшы, сказала: "Госпадзе! Ці ж Цябе не клапоціць, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне". 41. Адказваючы, Ісус сказаў ёй: "Марта, Марта! Ты клапоцішся і турбуешся пра многае, 42. а адно толькі патрэбна. Марыя ж выбрала добрую частку, якая ня будзе забраная ў яе".

Разьдзел 11

1. І сталася, як Ён у адным месцы маліўся, калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: "Госпадзе! Навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх". 2. Ён жа сказаў ім: "Калі моліцеся, кажыце: "Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі. 3. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня. 4. І адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога"". 5. І сказаў ім: "Нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: "Сябра! пазыч мне тры хлябы, 6. бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і мне няма чаго даць яму". 7. А той, адказваючы з хаты, скажа: "Не дакучай мне; дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае са мною ў ложку; не магу ўстаць і даць табе". 8. Кажу вам, калі ён, устаўшы, ня дасьць яму дзеля сяброўства з ім, дык дзеля дакучлівасьці яго, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць. 9. І я кажу вам: Прасіце, і дадзена вам будзе; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам; 10. бо ўсякі, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, адчыняць таму. 11. Хто з вас бацька, калі сын папросіць хлеба, дасьць яму камень? Ці [калі папросіць] рыбы, дасьць яму зьмяю замест рыбы? 12. Ці калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна? 13. Дык вось, калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, што просяць у Яго". 14. І было, выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і, калі дэман выйшаў, нямы стаў гаварыць; і натоўп зьдзівіўся. 15. Некаторыя з іх казалі: "Праз Бэльзэбула, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў". 16. А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ў Яго знаку з неба. 17. Але Ён, ведаючы разважаньні іхнія, сказаў ім: "Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее, і дом на дом упадзе. 18. Калі ж і шата?н разьдзяліўся сам у сабе, дык як устаіць валадарства ягонае? Бо вы кажаце, што Я праз Бэльзэбу?ла выганяю дэманаў. 19. Калі ж Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў, сыны вашыя праз каго выганяюць іх? Дзеля гэтага яны будуць судзьдзямі вашымі. 20. Калі ж Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць дасягнула да вас Валадарства Божае. 21. Калі ўзброены асілак ахоўвае панадворак свой, тады ў бясьпецы маёмасьць ягоная. 22. Калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго, бярэ ўсю зброю ягоную, на якую той спадзяваўся, і раздае дабро ягонае. 23. Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той раскідае. 24. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і, не знаходзячы, кажа: "Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў". 25. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. 26. Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае для чалавека таго апошняе горш за першае". 27. І сталася, калі Ён гаварыў гэтае, адна жанчына, азваўшыся з натоўпу, сказала Яму: "Шчасьлівае ўлоньне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!" 28. А Ён сказаў: "Наадварот, шчасьлівыя тыя, якія чуюць слова Божае і захоўваюць яго". 29. Калі ж натоўп пачаў зьбірацца, Ён пачаў гаварыць: "Пакаленьне гэтае злое; яно шукае знаку, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока. 30. Бо, як Ёна стаўся знакам для Нініўцаў, так будзе і Сын Чалавечы для пакаленьня гэтага. 31. Валадарка з Поўдня ўстане на суд з людзьмі пакаленьня гэтага і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасьць Салямона, і вось, тут большы за Салямона. 32. Нініўцы ўстануць на суд з пакаленьнем гэтым і асудзяць яго, бо яны навярнуліся праз пропаведзь Ёны, і вось, тут большы за Ёну. 33. Бо ніхто, запаліўшы сьвечку, не стаўляе яе ў тайным месцы, ці пад пасудзіну, але на сьвечніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі сьвятло. 34. Сьветач цела ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, тады і ўсё цела тваё сьветлае, а калі яно будзе злое, тады і цела тваё цёмнае. 35. Дык зважай, каб сьвятло, што ў табе, не было цемрай. 36. Калі ж цела тваё ўсё сьветлае і ня мае ніводнае цёмнае часткі, дык будзе сьветлае ўсё, нібы бліскавіца асьвятліла цябе". 37. Калі Ён сказаў гэтае, адзін фарысэй прасіў Яго да сябе абедаць. Ён, прыйшоўшы, узьлёг. 38. Фарысэй жа зьдзівіўся, што Ён не абмыўся перад бяседай. 39. Але Госпад сказаў яму: "Цяпер вы, фарысэі, келіх і місу звонку ачышчаеце, а нутро вашае напоўненае рабункам і зласьлівасьцю. 40. Неразумныя! Ці ня Той, Хто зрабіў тое, што звонку, зрабіў і нутро? 41. Давайце лепш міласьціну з таго, што ў вас унутры ёсьць, і тады ўсё будзе ў вас чыстае. 42. Але гора вам, фарысэі, што вы даяцё дзесяціну з мяты, руты і ўсякай гародніны, і абмінаеце суд і любоў Божую; і гэтае мусіце рабіць, і таго не пакідаць. 43. Гора вам, фарысэі, што любіце першыя месцы ў сынагогах і вітаньні на рынках. 44. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы быццам магілы схаваныя, і людзі, ходзячы над імі, ня ведаюць гэтага". 45. Адказваючы, нейкі законьнік кажа Яму: "Настаўнік, кажучы гэта, Ты і нас зьневажаеш". 46. Ён жа сказаў: "І вам, законьнікі, гора, што вы абцяжарваеце людзей цяжарамі невыноснымі, а самі адным пальцам сваім не краняцё цяжараў. 47. Гора вам, што будуеце магілы прарокам, а бацькі вашыя забівалі іх. 48. Гэтым вы сьведчыце і згаджаецеся са справамі бацькоў вашых, што яны сапраўды забілі іх; а вы будуеце ім магілы. 49. Дзеля гэтага і мудрасьць Божая сказала: "Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных будуць забіваць, а другіх будуць перасьледаваць", 50. каб была спагнаная з пакаленьня гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад заснаваньня сьвету, 51. ад крыві Абэля да крыві Захарыі, забітага паміж ахвярнікам і домам. Так, кажу вам: будзе спагнана з пакаленьня гэтага. 52. Гора вам, законьнікі, што вы ўзялі ключ разуменьня: самі не ўвайшлі і тым, што ўваходзілі, забаранілі". 53. Калі ж Ён гаварыў ім гэтае, кніжнікі і фарысэі пачалі дужа злавацца і дапытывацца ў Яго пра многае, 54. цікуючы на Яго і шукаючы злавіць нешта з вуснаў Ягоных, каб абвінаваціць Яго.

Разьдзел 12

1. Тым часам сабраўся шматтысячны натоўп, ажно ціснулі адзін аднаго, і Ён пачаў гаварыць спачатку да вучняў Сваіх: "Сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць. 2. Бо няма нічога прыхаванага, што б не адкрылася, і тайнага, пра што б не даведаліся. 3. Дык што вы кажаце ў цемры, будзе пачута ў сьвятле; і што скажаце на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў. 4. Кажу ж вам, сябры Мае: ня бойцеся тых, якія забіваюць цела і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць. 5. Перасьцерагаю ж вас, каго баяцца: бойцеся Таго, Які мае ўладу, забіўшы, укінуць у геенну. Так, кажу вам, Яго бойцеся. 6. Ці ня пяць вераб'ёў прадаюцца за два асары? І аніводзін з іх не забыты перад Богам. 7. Але ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык ня бойцеся; вы даражэй за многіх вераб'ёў. 8. Кажу ж вам: усякага, хто прызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі, 9. а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, ад таго адракуцца перад анёламі Божымі. 10. І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана, а хто будзе блю?зьніць на Духа Сьвятога, таму ня будзе адпушчана. 11. А калі прывядуць вас у сынагогі, і да начальнікаў, і да ўладаў, не клапаціцеся, як ці што будзеце адказваць, ці што будзеце гаварыць, 12. бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што мусіце гаварыць". 13. Нехта з натоўпу сказаў Яму: "Настаўнік! Скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай". 14. Ён жа сказаў яму: "Чалавеча, хто паставіў Мяне судзьдзём ці разьмеркавальнікам між вамі?" 15. Пры гэтым сказаў ім: "Глядзіце і захоўвайце сябе ад хцівасьці, бо жыцьцё чалавека ня ў мностве маёмасьці яго". 16. І сказаў ім прыповесьць, кажучы: "У аднаго багатага чалавека быў добры ўраджай у полі, 17. і ён разважаў у сабе, кажучы: "Што мне зрабіць, бо ня маю, куды злажыць плады мае?" 18. І сказаў: "Вось што зраблю: раскідаю сьвірны мае, і пабудую большыя, і зьбяру туды ўсю пшаніцу маю і ўсё дабро маё, 19. і скажу душы? маёй: 'Душа! Шмат дабра ляжыць у цябе на шмат год; супакойся, еш, пі, весяліся'." 20. А Бог сказаў яму: "Неразумны! У гэту ноч душу? тваю возьмуць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты прыдбаў?" 21. Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее". 22. Пры гэтым сказаў вучням Сваім: "Дзеля таго кажу вам: Не клапаціцеся дзеля душы? вашай, што вам есьці, ані дзеля цела, у што адзецца. 23. Душа большая за ежу, і цела - за адзеньне. 24. Паглядзіце на груганоў, якія ані сеюць, ані жнуць, няма ў іх камораў, ані сьвірнаў, і Бог жы?віць іх. Наколькі ж вы лепшыя за птушак? 25. І хто з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? 26. Дык вось, калі і найменшага ня можаце, навошта клапоціцеся пра іншае? 27. Паглядзіце на лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць; але кажу вам, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх. 28. Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык тым больш вас, малаверы. 29. І вы не шукайце, што вам есьці, ці што піць, і не турбуйцеся. 30. Бо ўсё гэта шукаюць народы гэтага сьвету; а ваш Айцец ведае, што вам гэта патрэбна. 31. Найбольш шукайце Валадарства Божага, і тое ўсё дададуць вам. 32. Ня бойся, малы статак, бо Айцец ваш упадабаў даць вам Валадарства. 33. Прадавайце маёмасьць вашую і давайце міласьціну; учыніце сабе кайстры, якія не старэюць, скарб у небе, які не зьнікае, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль ня нішчыць. 34. Бо дзе ёсьць скарб ваш, там будзе і сэрца вашае. 35. Няхай будуць паясьніцы вашыя падперазаныя, і сьвечкі запаленыя, 36. і вы - падобныя да людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго з вясельля, каб, як прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. 37. Шчасьлівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што яны чуваюць. Сапраўды кажу вам: ён падпярэжацца, і пасадзіць іх, і, падыйшоўшы, будзе паслугаваць ім. 38. І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, то шчасьлівыя слугі тыя. 39. Бо вы ведаеце, што, калі б ведаў гаспадар дому, а якой гадзіне прыйдзе злодзей, то чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой. 40. І вы таму будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіне, пра якую ня думаеце". 41. Сказаў жа Яму Пётар: "Госпадзе! Ці да нас гаворыш гэтую прыповесьць, ці да ўсіх?" 42. А Госпад сказаў: "Хто ёсьць верны і мудры аканом, якога пан паставіць над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба? 43. Шчасьлівы той слуга, якога пан ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта. 44. Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго. 45. Калі ж слуга той скажа ў сэрцы сваім: "Марудзіць прыйсьці пан мой", - і пачне біць слугаў і служак, і есьці, і піць, і напівацца, 46. прыйдзе пан слугі таго ў дзень, які ён не чакае, і ў гадзіну, пра якую ня ведае, і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з нявернымі. 47. Слуга ж той, які ведаў волю пана свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў паводле волі ягонай, будзе моцна біты, 48. а які ня ведаў і зрабіў вартае ка?ры, біты будзе меней. Бо ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і вымагацца будзе, і каму шмат даручана, з таго больш запатрабуюць. 49. Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і як хачу, каб ён ужо загарэўся! 50. Бо хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і як Я сьціснуты, пакуль гэта ня зьдзейсьніцца! 51. Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць супакой зямлі? Не, кажу вам, але разьдзяленьне. 52. Бо адгэтуль пяцёра ў адным доме падзеляцца, трое супраць двух і двое супраць трох. 53. Падзеляцца бацька супраць сына, і сын супраць бацькі; маці супраць дачкі, і дачка супраць маці; сьвякруха супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць сьвякрухі сваёй". 54. Сказаў таксама і натоўпам: "Калі вы бачыце воблака, якое падымаецца з захаду, адразу кажаце: "Дождж набліжаецца", - і стае?цца гэтак. 55. І калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: "Сьпёка будзе", - і стае?цца. 56. Крывадушнікі! Аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяцё? 57. Чаму ж вы сябе саміх ня су?дзіце праведна? 58. Бо калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальніка, па дарозе аддай заробленае, каб пазбыцца яго, каб ён не прывёў цябе да судзьдзі, і судзьдзя не аддаў бы цябе ка?ту, і кат ня кінуў бы цябе ў вязьніцу. 59. Кажу табе: Ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі яму і апошняй лепты".

Разьдзел 13

1. У той час прыйшлі некаторыя, расказваючы Яму пра Галілейцаў, кроў якіх Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі. 2. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: "Ці вы думаеце, што гэтыя Галілейцы былі больш грэшныя за ўсіх Галілейцаў, што яны перацярпелі гэтак? 3. Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце. 4. Або ці думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх, хто жыў у Ерусаліме? 5. Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце". 6. І сказаў такую прыповесьць: "Нехта меў у вінаградніку сваім пасаджанае фігавае дрэва, і прыйшоў шукаць плоду на ім, і не знайшоў. 7. І сказаў вінаградару: "Вось, я тры гады прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; сьсячы яго, навошта яно і зямлю займае?" 8. Той жа, адказваючы, кажа яму: "Пане, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем, 9. ці ня дасьць плоду; а калі не, дык на той год сьсячэш яго"". 10. У адной сынагозе Ён навучаў у суботу. 11. І вось, была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа нядужасьці, і яна была скорчыўшыся, і не магла выпрастацца. 12. Угледзеўшы яе, Ісус паклікаў яе і сказаў ёй: "Жанчына! Ты вызвалена ад нядужасьці тваёй". 13. І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога. 14. На гэта начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў натоўпу: "Ёсьць шэсьць дзён, калі мусіце працаваць, тады і прыходзьце, каб быць аздароўленымі, а ня ў дзень суботы". 15. Тады Госпад адказаў яму і сказаў: "Крывадушнік! Ці не адвязвае кожны з вас вала? свайго ці асла ад ясьляў у суботу і не вядзе паіць? 16. А гэтую дачку Абрагама, якую зьвязаў шата?н вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ж не належала звольніць ад путаў гэтых у дзень суботы?" 17. І калі гаварыў Ён гэтае, усе супраціўнікі Ягоныя засаромеліся; і ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных дзеяньняў Ягоных. 18. Ён жа сказаў: "Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго? 19. Яно падобнае да зярняці гарчычнага, якое, узяўшы, пасадзіў чалавек у садзе сваім, і яно вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галінах ягоных". 20. І зноў сказаў: "З чым параўнаю Валадарства Божае? 21. Яно падобнае да рашчыны, якую жанчына ўзяла і ўмяшала ў тры меры мукі?, пакуль ня ўкісла ўсё". 22. І праходзіў па гарадах і мястэчках, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерусаліму. 23. Нехта сказаў яму: "Госпадзе! Няўжо мала тых, якія будуць збаўленыя?" Ён жа сказаў ім: 24. "Намагайцеся ўвайсьці праз цесную браму, бо, кажу вам, многія будуць шукаць увайсьці і ня здолеюць. 25. Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы станеце звонку і пачняцё стукаццца ў дзьверы, кажучы: "Госпадзе! Госпадзе! Адчыні нам!" І Ён, адказваючы, скажа вам: "Ня ведаю вас, адкуль вы". 26. Тады пачняцё гаварыць: "Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты". 27. І Ён скажа: "Кажу вам, Я ня ведаю вас, адкуль вы; адыйдзіце ад Мяне ўсе, якія робяць няправеднасьць". 28. Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўгледзіце Абрагама, Ісаака, і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а вас выганяць прэч. 29. І прыйдуць з усходу, і з захаду, і з поўначы, і з поўдня, і ўзьлягуць у Валадарстве Божым. 30. І вось ёсьць апошнія, якія будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі". 31. У той дзень падыйшлі некаторыя фарысэі, кажучы Яму: "Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць". 32. І сказаў ім: "Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: "Вось, Я выганяю дэманаў і аздараўляю сёньня і заўтра, і ў трэці дзень скончу". 33. Аднак мушу ісьці сёньня, і заўтра, і пазаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам. 34. Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланыя! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыламі, і вы не захацелі. 35. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. Сапраўды бо кажу вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: "Дабраслаўлёны Той, Які ідзе ў імя Госпада"".

Разьдзел 14

1. І сталася прыйсьці Яму ў суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зьесьці хлеба, і яны сачылі за Ім. 2. І вось, быў перад Ім нейкі апухлы чалавек. 3. І, адказваючы, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям, кажучы: "Ці належыцца аздараўляць у суботу?" 4. Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, Ён аздаравіў яго і адпусьціў. 5. І, адказваючы ім, сказаў: "Калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе ў калодзеж, ці не адразу выцягне яго ў дзень суботні?" 6. І не маглі яны з Ім пра гэта спрачацца. 7. І сказаў тым, якія былі запрошаныя, прыповесьць, угледзеўшы, як яны выбіралі першыя месцы, і кажучы ім: 8. "Калі запросіць цябе нехта на вясельле, не ўзьлягай на першае месца, каб не было каго паважнейшага за цябе паміж запрошаных ім. 9. І той, які запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: "Дай яму месца", і тады ты з сорамам павінен будзеш сесьці на апошняе месца. 10. Але, калі будзеш запрошаны, прыйшоўшы, узьлягай на апошняе месца, каб той, які запрасіў цябе, калі падыйдзе, сказаў табе: "Сябра, перасядзь вышэй". Тады будзе табе слава перад тымі, што ўзьлягаюць разам з табою. 11. Бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны". 12. Сказаў жа і таму, які запрасіў Яго: "Калі ладзіш бяседу ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў тваіх, ані суседзяў багатых, каб і яны цябе не запрасілі, і ты атрымаў бы нагароду. 13. Але калі ты ладзіш пачастунак, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых. 14. І шчасьлівы ты будзеш, што яны ня змогуць адгадзі?цца табе, бо адгодзіцца табе ва ўваскрасеньне праведных". 15. Пачуўшы гэта, нехта з тых, якія ўзьлягалі, сказаў Яму: "Шчасьлівы, хто будзе есьці хлеб у Валадарстве Божым". 16. Ён жа сказаў яму: "Нейкі чалавек справіў вялікую вячэру, і паклікаў многіх, 17. і ў гадзіну вячэры паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: "Прыходзьце, бо ўжо ўсё падрыхтавана". 18. І пачалі ўсе па чарзе выбачацца. Першы сказаў яму: "Я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і паглядзець яе; прашу цябе, выбач мне". 19. І другі сказаў: "Я купіў пяць параў валоў і іду выспрабаваць іх; прашу цябе, выбач мне". 20. І другі сказаў: "Я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці". 21. І, вярнуўшыся, слуга той паведаміў гэтае пану свайму. Тады, загневаўшыся, гаспадар дому сказаў слузе свайму: "Ідзі хутчэй па вуліцах і завулках гораду і прывядзі сюды і ўбогіх, і калекаў, і кульгавых, і сьляпых". 22. І сказаў слуга: "Пане! Сталася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць месцы". 23. І сказаў пан слузе: "Ідзі на дарогі і да платоў і змуша?й прыйсьці, каб напоўніўся дом мой, 24. бо кажу вам, што ніхто з тых мужоў, што былі запрошаныя, не пакаштуе маёй вячэры"". 25. І сабраліся шматлікія натоўпы да Яго, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім: 26. "Калі хто прыходзіць да Мяне і не зьненавідзіць бацьку свайго і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а пры тым і саму душу? сваю, той ня можа быць вучнем Маім. 27. І хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім. 28. Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, сеўшы спачатку, не аблі?чыць выда?ткаў, ці мае, каб дакончыць яе, 29. каб, калі закладзе падмурак і ня здолее дакончыць, усе, якія гэта бачылі, ня сталі сьмяяцца з яго, 30. кажучы: "Гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць!" 31. Або які валадар, ідучы на вайну супраць другога валадара, сеўшы спачатку, не парадзіцца, ці магчыма з дзесяцьцю тысячамі супрацьстаць таму, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі. 32. Калі ж не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру. 33. Гэтак усякі з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць вучнем Маім. 34. Соль добрая; калі ж соль згубіць сілу, чым прыправіць яе? 35. Ані ў зямлю, ані ў гной яна не надаецца, вон выкідаюць яе. Хто мае вушы чуць, няхай чуе".

Разьдзел 15

1. Падыходзілі ж да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго. 2. І наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: "Ён прыймае грэшнікаў і есьць разам з імі". 3. Ён жа сказаў ім гэткую прыповесьць, кажучы: 4. "Які чалавек з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і ня ідзе за згубленай, пакуль ня знойдзе яе? 5. І, знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасьцю. 6. І, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: "Цешцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку". 7. Кажу вам, што большая радасьць будзе ў небе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў навяртаньні. 8. Або якая жанчына, што мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае сьвечкі і не пачынае месьці дом, і не шукае пільна, пакуль ня знойдзе? 9. А, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: "Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіла". 10. Такая, кажу вам, стае?цца радасьць у анёлаў Божых з аднаго грэшніка, які навяртаецца". 11. Яшчэ сказаў: "У аднаго чалавека былі два сыны. 12. І сказаў малодшы з іх бацьку: "Бацька, дай мне належную частку маёмасьці". І падзяліў ім маёмасьць. 13. І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна. 14. Калі ж вы?даткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым кра?і, і ён пачаў мець нястачу. 15. І, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё пасьвіць сьвіняў. 16. І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму. 17. Апамятаўшыся, ён сказаў: "Колькі па?рабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду! 18. Устаўшы, пайду да бацькі майго і скажу яму: 'Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, 19. і ўжо ня варты называцца сы?нам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх'." 20. І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго. 21. Сын жа сказаў яму: "Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сы?нам тваім". 22. А бацька сказаў слугам сваім: "Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі. 23. І прывядзіце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца. 24. Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся". І пачалі весяліцца. 25. А старэйшы сын ягоны быў у полі. І калі, варочаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі. 26. І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, спытаўся: "Што гэта адбываецца?" 27. Той жа сказаў яму: "Брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровым". 28. Загневаўся ён і не хацеў увайсьці. Тады бацька ягоны, выйшаўшы, клікаў яго. 29. А ён, адказваючы, сказаў бацьку: "Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не адступіў ад прыказаньня твайго, і ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі. 30. А калі гэты сын твой, пажоршы маёмасьць тваю з распусьніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цяля". 31. Ён жа сказаў яму: "Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё - тваё. 32. А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся"".

Разьдзел 16

1. Сказаў жа і да вучняў Сваіх: "Адзін чалавек быў багаты і меў аканома, і данясьлі яму на яго, што ён марнуе маёмасьць ягоную. 2. І, паклікаўшы яго, сказаў яму: "Што гэта я чую пра цябе? Дай справаздачу з гаспадараваньня твайго, бо ты ня можаш больш гаспадараваць". 3. Сказаў сам у сабе аканом: "Што мне рабіць, бо пан мой забірае ад мяне гаспадараваньне? Капаць ня здолею, жабраваць саромлюся. 4. Ведаю, што зраблю, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адстаўлены буду ад гаспадараваньня". 5. І, паклікаўшы даўжнікоў пана свайго кожнага паасобку, сказаў першаму: "Колькі ты вінен пану майму?" 6. Той сказаў: "Сто мер алею". І сказаў яму: "Вазьмі напісанае табою і, сеўшы, хутчэй напішы пяцьдзясят". 7. Пасьля другому сказаў: "А ты колькі вінен?" Той сказаў: "Сто мер пшаніцы". І гаворыць яму: "Вазьмі напісанае табою і напішы: восемдзесят". 8. І пахваліў пан аканома няправеднага, што мудра ўчыніў; бо сыны веку гэтага мудрэйшыя за сыноў сьвятла ў пакаленьні сваім. 9. І Я кажу вам: здабывайце сабе сяброў мамонай няправеднай, каб яны, як зьбяднееце, прынялі вас у вечныя намёты. 10. Верны ў малым, і ў многім верны, і няправедны ў малым, і ў многім няправедны. 11. Дык вось, калі вы ў няправеднай мамоне не былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае? 12. І калі вы ў чужым не былі верныя, хто дасьць вам вашае? 13. Ніякі слуга ня можа служыць двум панам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне". 14. Чулі ўсё гэтае і фарысэі, якія былі срэбралюбцамі, і насьмяхаліся з Яго. 15. І Ён сказаў ім: "Вы апраўдваеце сябе перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя, бо што вельмі высока ў людзей, тое агіда перад Богам. 16. Закон і Прарокі да Яна; адгэтуль жа Валадарства Божае дабравесьціцца, і кожны сілаю здабывае яго. 17. Але хутчэй неба і зямля праміну?ць, чым адна рыска з Закону загіне. 18. Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, чужаложыць, і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чужаложыць. 19. Адзін чалавек быў багаты, і апранаўся ў пурпур і вісон, і кожны дзень гучна весяліўся. 20. А нейкі ўбогі, на імя Лазар, ляжаў ля брамы ягонай увесь у скулах, 21. і жадаў насыціцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі, прыходзячы, лізалі скулы ягоныя. 22. І сталася, убогі памёр і аднесены быў анёламі на ўлоньне Абрагама; памёр і багацей, і быў пахаваны. 23. І ў пекле, пакутуючы, ён, падняўшы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным, 24. і, загаласіўшы, сказаў: "Ойча Абрагаме! Зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым". 25. Але Абрагам сказаў: "Сыне! Узгадай, што ў жыцьці тваім меў ты добрае, а Лазар - ліхоту; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты мучышся. 26. І да таго паміж намі і вамі вялікая прорва разьмешчана, так што тыя, хто хочуць перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, і адтуль да нас не пераходзяць". 27. Сказаў жа ён: "Тады прашу цябе, ойча, каб ты паслаў яго ў дом бацькі майго, 28. бо ў мяне пяць братоў; няхай ён засьведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакутаў". 29. Кажа яму Абрагам: "Маюць Майсея і прарокаў, няхай іх слухаюць". 30. Ён жа сказаў: "Не, ойча Абрагаме! Але калі хто з памёршых прыйдзе да іх, навернуцца". 31. Сказаў жа яму [Абрагам]: "Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, нават калі хто і з памёршых уваскрэсьне, не павераць"".

Разьдзел 17

1. І сказаў вучням Сваім: "Згаршэньні ня могуць не прыйсьці, але гора таму, праз каго яны прыходзяць. 2. Лепей яму, калі камень ад жорнаў вісіць у яго на шыі і ён кінуты ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з малых гэтых. 3. Сьцеражыцеся. Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, дакарай яго і, калі навернецца, даруй яму. 4. І калі сем разоў у дзень саграшыць супраць цябе, і сем разоў у дзень зьвернецца да цябе, кажучы: "Каюся", даруй яму". 5. І сказалі апосталы Госпаду: "Дадай нам веры". 6. А Госпад сказаў: "Калі б вы мелі веру як зерне гарчычнае і сказалі гэтаму фігаваму дрэву: "Будзь вырванае з коранем і перасаджанае ў мора", яно паслухала б вас. 7. А хто з вас, маючы слугу, які арэ ці пасьвіць, калі ён прыйдзе з поля, скажа: "Ідзі хутчэй, узьляж"? 8. Але ж ці ня скажа яму: "Падрыхтуй мне вячэру і, падперазаўшыся, паслугуй мне, пакуль буду есьці ды піць, і пасьля гэтага еш і пі сам"? 9. Ці дзякуе ён слузе гэтаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю. 10. Так і вы, калі зробіце ўсё, што загадана вам, кажыце: "Мы - слугі нягодныя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць"". 11. І сталася, як ішоў у Ерусалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй. 12. І, калі ўваходзіў Ён у адно мястэчка, сустрэлі яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк. 13. І ўзвысілі яны голас, кажучы: "Ісусе, Настаўнік! Зьлітуйся над намі". 14. І, убачыўшы, Ён сказаў ім: "Ідзіце, пакажыцеся сьвятарам". І сталася, калі яны ішлі, былі ачышчаныя. 15. Адзін жа з іх, бачачы, што аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога, 16. і ўпаў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін. 17. Адказваючы, Ісус сказаў: "Ці ня дзесяць былі ачышчаныя? Дзе ж дзевяць? 18. Яны не вярнуліся аддаць славу Богу, апрача гэтага чужынца". 19. І сказаў яму: "Устань, ідзі. Вера твая збавіла цябе". 20. Запытаны ж фарысэямі, калі прыйдзе Валадарства Божае, адказаў ім і сказаў: "Не прыходзіць Валадарства Божае відавочна. 21. І ня скажуць: "Вось, яно тут", ці: "Вось, там". Бо вось, Валадарства Божае ўнутры вас ёсьць". 22. Вучням жа сказаў: "Прыйдуць дні, калі зажадаеце бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага, і ня ўбачыце. 23. І скажуць вам: "Вось, тут", ці: "Вось, там", - не хадзіце і не ганяйцеся, 24. бо як бліскавіца, мільгануўшы, з аднаго краю неба да другога краю неба сьвеціць, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой. 25. Спачатку ж Ён мусіць шмат перацярпець і быць адкінутым пакаленьнем гэтым. 26. І як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага: 27. елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і загубіў усіх. 28. Падобна як было ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, продалі, садзілі, будавалі, 29. а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў агонь з серкаю з неба і загубіў усіх. 30. Такім будзе той дзень, калі зьявіцца Сын Чалавечы. 31. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай не зыходзіць узяць іх; і хто будзе ў полі, няхай не варочаецца. 32. Памятайце жонку Лота. 33. Бо хто шукае, каб здабыць душу? сваю, той загу?біць яе; а хто загу?біць яе, той ажы?віць яе. 34. Кажу вам, у тую ноч будуць двое на адным ложку, адзін будзе ўзяты, а другі - пакінуты; 35. дзьве будуць малоць разам, адна будзе ўзятая, а другая - пакінутая; 36. двое будуць у полі, адзін будзе ўзяты, а другі - пакінуты". 37. І, адказваючы, кажуць Яму: "Дзе, Госпадзе?" Ён жа сказаў ім: "Дзе цела, там зьбяруцца і арлы".

Разьдзел 18

1. Сказаў таксама ім прыповесьць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не журы?цца, 2. кажучы: "У адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. 3. У тым жа горадзе была ўдава, і яна прыходзіла да яго, кажучы: "Абарані мяне ад супраціўніка майго". 4. І ён доўгі час не хацеў. А пасьля сказаў сам сабе: "Хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромлюся, 5. але, як гэтая ўдава дакучае мне, абараню яе, каб яна, прыходзячы бясконца, ня вымучыла мяне"". 6. І сказаў Госпад: "Чуеце, што кажа судзьдзя няправедны? 7. А Бог ці ж не абароніць выбраных Сваіх, якія клічуць да Яго дзень і ноч, і доўга цярпець будзе іх? 8. Кажу вам, што хутка абароніць іх. Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?" 9. Сказаў жа і да тых, якія былі пэўныя сябе, што яны праведнікі, і пагарджалі другімі, гэткую прыповесьць: 10. "Два чалавекі ўвайшлі ў сьвятыню памаліцца: адзін - фарысэй, а другі - мытнік. 11. Фарысэй, стаўшы, гэтак маліўся за сябе: "Божа, дзякую Табе, што я не такі, як другія людзі: рабаўнікі, няправеднікі, чужаложнікі, або як гэты мытнік. 12. Пошчу два разы ў тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю". 13. А мытнік, стаўшы здалёк, не хацеў нават падняць вачэй у неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: "Божа! Будзь міласьцівы да мяне, грэшніка". 14. Кажу вам, што гэты пайшоў апраўданым у дом свой, а ня той: бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны". 15. Прыносілі да яго і немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Убачыўшы гэтае, вучні сварыліся на іх. 16. А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: "Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Валадарства Божае. 17. Сапраўды кажу вам: Хто ня прыйме Валадарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго". 18. І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў, кажучы: "Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?" 19. А Ісус сказаў яму: "Чаму гаворыш Мне "добры"? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. 20. Ведаеш прыказаньні: "Не чужалож", "не забівай", "не крадзі", "ня сьведчы фальшыва", "шануй бацьку твайго і маці тваю"". 21. Ён жа сказаў: "Усё гэта я захоўваў ад юнацтва майго". 22. Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: "Яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, ідзі за Мною". 23. Ён жа, пачуўшы гэта, стаўся смутным, бо быў надта багаты. 24. Убачыўшы, што ён стаўся смутным, Ісус сказаў: "Як цяжка таму, хто мае багацьце, увайсьці ў Валадарства Божае. 25. Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вушка, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае". 26. А чуўшыя сказалі: "І хто ж можа быць збаўленым?" 27. Ён жа сказаў: "Немагчымае для людзей магчыма для Бога". 28. А Пётар сказаў: "Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою". 29. Ён жа сказаў ім: "Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто, пакінуўшы дом, або бацькоў, або братоў, або жонку, або дзяцей дзеля Валадарства Божага, 30. не атрымаў бы шмат больш у гэты час, а ў веку будучым - жыцьцё вечнае". 31. Узяўшы ж Дванаццаць, сказаў ім: "Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё, напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага, 32. бо Ён будзе выдадзены паганам, і будуць зьдзеквацца, і зьневажаць, і пляваць [на Яго], 33. і, бічаваўшы, заб'юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне". 34. І яны нічога з гэтага не зразумелі; і словы гэтыя былі схаванымі для іх, і яны не разумелі таго, што гаварылася. 35. І сталася, як набліжаўся Ён да Ерыхону, нейкі сьляпы сядзеў ля дарогі, жабруючы. 36. Пачуўшы, што праходзіць натоўп, ён спытаўся: "Што гэта такое?" 37. Яму паведамілі, што Ісус з Назарэту ідзе. 38. І закрычаў ён, кажучы: "Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!" 39. І тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў, а ён яшчэ мацней закрычаў: "Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!" 40. Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падыйшоў, спытаўся ў яго, 41. кажучы: "Што ты хочаш, каб Я ўчыніў?" Той сказаў: "Госпадзе, каб мне глядзець". 42. І сказаў яму Ісус: "Глядзі! Вера твая збавіла цябе". 43. І ён адразу стаў бачыць, і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, бачачы гэтае, аддаў хвалу Богу.

Разьдзел 19

1. І, увайшоўшы, праходзіў Ён праз Ерыхон. 2. І вось, чалавек, якога звалі імем Закхей, і быў ён начальнік мытнікаў і чалавек багаты. 3. І ён шукаў убачыць Ісуса, які Ён, і ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам. 4. І, забегшы наперад, узьлез на фігавае дрэва, каб убачыць Яго, бо ён меўся праходзіць каля яго. 5. І калі прыйшоў на гэтае месца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: "Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім". 6. І той пасьпешна зыйшоў, і прыняў Яго з радасьцю. 7. І ўсе, якія бачылі ўсё гэта, наракалі, кажучы, што Ён увайшоў да грэшнага чалавека. 8. А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: "Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго чым скрыўдзіў, аддам учацьвёра". 9. Ісус жа сказаў яму: "Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён - сын Абрагама. 10. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы". 11. А тым, што слухалі гэтае, працягваючы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерусаліму, і яны думалі, што адразу маюць убачыць Валадарства Божае. 12. Тады Ён сказаў: "Нейкі чалавек высокага роду пайшоў у далёкі край узяць сабе валадарства і вярнуцца. 13. Паклікаўшы ж дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мі?наў і сказаў ім: "Гандлюйце, пакуль прыйду". 14. А грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьледам за ім пасольства, кажучы: "Ня хочам, каб гэты валадарыў над намі". 15. І сталася, як ён вярнуўся, атрымаўшы валадарства, сказаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што зарабіў. 16. І прыйшоў першы, кажучы: "Пане! Мі?на твая прынесла дзесяць мі?наў". 17. І ён сказаў яму: "Добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў верны, будзеш мець уладу над дзесяцьцю гарадамі". 18. І прыйшоў другі, кажучы: "Пане! Мі?на твая зарабіла пяць мі?наў". 19. Сказаў і гэтаму: "І ты будзь над пяцьцю гарадамі". 20. І трэці прыйшоў, кажучы: "Пане! Вось твая мі?на, якую я меў, завязаўшы ў хустку, 21. бо я баяўся цябе, што ты чалавек строгі, бярэш тое, што не лажыў, і жнеш тое, што ня сеяў". 22. Той жа кажа яму: "Паводле вуснаў тваіх буду судзі?ць цябе, злы слуга. Ты ведаў, што я - чалавек строгі, бяру тое, што не лажыў, і жну тое, што ня сеяў. 23. Чаму ж ты не аддаў срэбра майго на стол [мянялам], і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам?" 24. І сказаў тым, што побач стаялі: "Вазьміце ў яго мі?ну і дайце таму, які мае дзесяць мі?наў". 25. І сказалі яму: "Пане, ён мае дзесяць мі?наў!" 26. "Кажу вам, што ўсякаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе забрана і тое, што мае. 27. А ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і страцьце перада мною"". 28. І, сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Ерусалім. 29. І сталася, калі наблізіўся да Бэтфа?гі і Бэта?ніі, да гары, якую называюць Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх, 30. сказаўшы: "Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, у якім, увайшоўшы, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога ніхто з людзей ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце. 31. І калі хто спытаецца ў вас: "Навошта адвязваеце?", - скажыце яму так: "Госпад патрабуе яго"". 32. Пайшоўшы, пасланыя знайшлі, як Ён сказаў ім. 33. Калі ж яны адвязвалі асьляня, гаспадары ягоныя сказалі ім: "Навошта адвязваеце асьляня?" 34. Яны ж сказалі: "Госпад патрабуе яго". 35. І прывялі яго да Ісуса, і, накінуўшы адзеньні свае на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса. 36. І, калі Ён ехаў, пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё. 37. Калі ж Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў з радасьцю хвалілі Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія бачылі, 38. кажучы: "Дабраслаўлёны Валадар, Які ідзе ў імя Госпада! Супакой на небе і слава на вышы?нях!" 39. І некаторыя фарысэі з натоўпу сказалі Яму: "Настаўнік! Забарані вучням Тваім!" 40. І, адказваючы, Ён сказаў ім: "Кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык камяні закрычаць". 41. І калі наблізіўся, убачыўшы горад, заплакаў па ім, 42. кажучы: "Каб і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў, што дзеля супакою твайго! Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. 43. Бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі твае аточаць цябе ва?лам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль, 44. і зьнішчаць дашчэнту цябе, і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе камяня на камяні дзеля таго, што не зразумеў ты час адведзінаў тваіх". 45. І, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, якія продалі ў ёй і куплялі, 46. кажучы ім: "Напісана: "Дом Мой ёсьць дом малітвы", а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў". 47. І навучаў кожны дзень у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і першыя ў народзе шукалі, як загубіць Яго, 48. і не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ гарнуўся да Яго, слухаючы Яго.

Разьдзел 20

1. І сталася, калі ў адзін з тых дзён Ён навучаў народ у сьвятыні і дабравесьціў, прыйшлі першасьвятары і кніжнікі са старшынямі 2. і сказалі Яму, кажучы: "Скажы нам, якою ўладаю Ты гэтае робіш, ці хто даў Табе ўладу гэтую?" 3. Адказваючы, Ён сказаў ім: "Спытаюся і Я ў вас адно слова, і скажыце Мне: 4. Хрышчэньне Янава з неба было ці ад людзей?" 5. Яны ж разважалі між сабою, кажучы: "Калі скажам: "З неба", Ён скажа: "Чаму тады вы не паверылі яму?" 6. А калі скажам: "Ад людзей", увесь народ паб'е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян - гэта прарок". 7. І адказалі: "Ня ведаем адкуль". 8. І сказаў ім Ісус: "Тады Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае раблю". 9. Пачаў жа Ён гаварыць да народу гэткую прыповесьць: "Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і здаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час. 10. І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб яны далі яму пладоў з вінаградніку, але вінаградары, зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым. 11. Яшчэ паслаў іншага слугу; але яны і гэтага, зьбіўшы і зьняважыўшы, адаслалі ні з чым. 12. Яшчэ паслаў трэцяга; але яны і таго, зраніўшы, выгналі. 13. І сказаў гаспадар вінаградніку: "Што мне рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага. Можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца". 14. Убачыўшы ж яго, вінаградары разважалі між сабою, кажучы: "Гэта спадкаемца; пойдзем, заб'ем яго, каб нашаю сталася спадчына". 15. І, выгнаўшы яго вон з вінаградніку, забілі. Дык што зробіць з імі гаспадар вінаградніку? 16. Прыйдзе і выгубіць вінаградараў гэтых, і аддасьць вінаграднік другім". Тыя, што чулі гэтае, сказалі: "Няхай ня станецца!" 17. А Ён, глянуўшы на іх, сказаў: "Што тады значыць тое, што напісана: "Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла"? 18. Усякі, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, таго раздушыць". 19. І шукалі ў гэтую гадзіну першасьвятары і кніжнікі, каб налажыць на Яго рукі, але баяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прыповесьць. 20. І, сочачы за Ім, паслалі шпегаў, якія ўдавалі сябе за праведнікаў, каб яны падлавілі Яго на слове, каб выдаць Яго начальству і ўладзе ваяводы. 21. І тыя спыталіся ў Яго, кажучы: "Настаўнік! Мы ведаем, што Ты слушна гаворыш і навучаеш, і не глядзіш на аблічча, але паводле праўды шляху Божага навучаеш. 22. Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не?" 23. А Ён, бачачы подступ іхні, сказаў ім: "Чаму вы Мяне спакушаеце? 24. Пакажыце Мне дынар. Чый на ім вобраз і надпіс?" Яны, адказваючы, сказалі: "Цэзараў". 25. Ён жа сказаў ім: "Дык аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а што Божае, - Богу". 26. І не маглі падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся адказу Ягонаму, замоўклі. 27. Прыйшоўшы ж, некаторыя з садукеяў, якія пярэчаць, што ёсьць уваскрасеньне, спыталіся ў Яго, 28. кажучы: "Настаўнік! Майсей напісаў нам: "Калі памрэ нечый брат, які меў жонку, і памрэ бязьдзетным, дык брат ягоны мае ўзяць жонку ягоную і аднавіць насеньне брату свайму". 29. Было сем братоў; і першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетным. 30. І ўзяў другі тую жанчыну, і той памёр бязьдзетным. 31. І трэці ўзяў яе, і таксама ўсе сем, і не пакінулі дзяцей, і памерлі. 32. Пасьля ўсіх памерла і жанчына. 33. Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку". 34. І адказваючы, сказаў ім Ісус: "Сыны веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж; 35. а тыя, якія вартыя дасягнуць таго веку і ўваскрасеньня з мёртвых, ня жэняцца і замуж не выходзяць, 36. бо памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і сыны Божыя, калі сталіся сынамі ўваскрасеньня. 37. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў ля глогу, калі назваў Госпада Богам Абрагама, і Богам Ісаака, і Богам Якуба. 38. Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых: бо ў Яго ўсе жывыя". 39. Адказваючы, некаторыя з кніжнікаў сказалі: "Настаўнік! Ты добра сказаў". 40. І ўжо не адважваліся ні пра што пытацца ў Яго. Ён жа сказаў ім: 41. "Чаму кажуць, што Хрыстос ёсьць Сын Давіда? 42. А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў: "Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, 43. пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх". 44. Дык Давід называе Яго Госпадам, і як жа Ён - сын ягоны?" 45. І калі ўвесь народ слухаў, Ён сказаў вучням Сваім: 46. "Сьцеражыцеся кніжнікаў, якія хочуць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць вітаньні на рынках, і першыя месцы ў сынагогах і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах, 47. якія аб'ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд".

Разьдзел 21

1. Глянуўшы ж, убачыў Ён багацеяў, якія кідалі дары свае ў скарбніцу. 2. І ўбачыў адну бедную ўдаву, якая кінула туды дзьве лепты, 3. і сказаў: "Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава кінула больш за ўсіх, 4. бо ўсе тыя з лішку свайго кідалі ў дар Богу, а яна з нястачы сваёй кінула ўсё ўтрыманьне сваё, якое мела". 5. І, калі некаторыя гаварылі пра сьвятыню, што яна аздоблена каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў: 6. "Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які б ня быў зруйнаваны". 7. Спыталіся ж у Яго, кажучы: "Настаўнік! Калі ж гэта мае быць? І які знак, калі гэта мае стацца?" 8. Ён жа сказаў: "Глядзіце, каб вас не падманулі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і гэты час наблізіўся. Не хадзіце за імі. 9. Калі ж пачуеце пра войны і бязладзьдзе, не жахайцеся, бо гэта мусіць стацца спачатку, але не адразу канец". 10. Тады сказаў ім: "Паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства, 11. А месцамі будуць вялікія землятрусы, і голад, і пошасьць, таксама страхі і знакі з неба вялікія будуць. 12. А перад усім гэтым ускладуць на вас рукі і будуць перасьледаваць вас, выдаючы? ў сынагогі і вязьніцы, ведучы? да валадароў і ваяводаў дзеля імя Майго. 13. А станецца гэта дзеля сьведчаньня вам. 14. Дык палажыце ў сэрцах вашых не абдумваць раней, як адказваць, 15. бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць пярэчыць, ані супрацьстаяць усе супраціўнікі вашыя. 16. А будзеце выдадзеныя і бацька?мі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі; і некаторых з вас пазабіваюць, 17. і будуць ненавідзець вас усе дзеля імя Майго, 18. але і волас з галавы вашай не прападзе. 19. У цярплівасьці вашай здабывайце ду?шы вашыя. 20. Калі ж убачыце Ерусалім, акружаны войскам, тады разумейце, што наблізілася спусташэньне яго. 21. Тады тыя, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы; і хто пасярод гораду, няхай выходзяць; і хто ў ваколіцы, няхай не ўваходзяць у яго, 22. бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё напісанае. 23. Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні; бо будзе вялікае бедства на зямлі і гнеў на народзе гэтым. 24. І ўпадуць ад вострыва мяча, і павядуць іх у палон да ўсіх паганскіх народаў, і Ерусалім будуць таптаць пагане, пакуль ня скончацца часы паганаў. 25. І будуць знакі на сонцы, і месяцы, і зорках, і на зямлі ўціск народаў у зьбянтэжанасьці, як зараве? і забушуе мора. 26. І дрантвець будуць людзі ад страху і чаканьня таго, што прыйдзе на сусьвет, бо сілы нябесныя захістаюцца. 27. І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць у воблаку з моцаю і славаю вялікаю. 28. Калі ж пачне гэтае дзеяцца, выпрастуйцеся і падніміце галовы вашыя, таму што набліжаецца адкупленьне вашае". 29. І сказаў ім прыповесьць: "Глядзіце на фігавае дрэва і на ўсе дрэвы: 30. калі яны ўжо распускаюцца, убачыўшы, разумееце самі, што ўжо блізка лета. 31. Гэтак і вы, як убачыце, што гэтае стае?цца, разумейце, што блізка ёсьць Валадарства Божае. 32. Сапраўды кажу вам: не праміне? пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца. 33. Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. 34. Пільнуйце ж самі сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя абжорствам, і п'янствам, і клопатамі жыцьцёвымі, і каб дзень той не прыйшоў да вас неспадзявана. 35. Бо ён, як пастка, спадзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі. 36. Дык чувайце, молячыся ва ўсякі час, каб вам быць вартымі ўцячы ад усяго, што мае стацца, і стаць перад Сы?нам Чалавечым". 37. Удзень Ён навучаў у сьвятыні; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай. 38. І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў сьвятыню слухаць Яго.

Разьдзел 22

1. Набліжалася ж сьвята праснакоў, называнае Пасха. 2. І шукалі першасьвятары і кніжнікі, як забіць Яго, бо баяліся народу. 3. А шата?н увайшоў у Юду, называнага Іскарыётам, аднаго з ліку Дванаццаці, 4. і той, адыйшоўшы, гутарыў з першасьвятарамі і начальнікамі варты, як Яго выдаць ім. 5. І яны ўзрадаваліся, і дамовіліся даць яму грошы, 6. і ён абяцаў, і шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры натоўпе. 7. Прыйшоў жа дзень праснакоў, калі мусілі рэзаць пасхальнае [ягня]. 8. І паслаў [Ісус] Пятра і Яна, сказаўшы: "Ідзіце, падрыхтуйце нам есьці Пасху". 9. Яны ж сказалі Яму: "Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?" 10. Ён жа сказаў ім: "Вось, пры ўваходзе вашым у горад, сустрэнецца вам чалавек, які нясе збан вады; ідзіце за ім у дом, у які ён увойдзе, 11. і скажыце гаспадару дому: "Настаўнік гаворыць табе: 'Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху з вучнямі Маімі?' " 12. І ён пакажа вам залю вялікую, засланую; там падрыхтуйце". 13. Пайшоўшы ж, яны знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху. 14. І калі прыйшла гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім. 15. І Ён сказаў ім: "Жаданьнем жадаю Я есьці з вамі гэтую Пасху перш, чым маю цярпець [пакуты]. 16. Бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль ня споўніцца ў Валадарстве Божым". 17. І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, сказаў: "Вазьміце гэтае і падзяліце паміж сабою, 18. бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Валадарства Божае". 19. І, узяўшы хлеб, падзякаваўшы, паламаў і даў ім, кажучы: "Гэта ёсьць Цела Маё, Якое за вас даецца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне". 20. Гэтак сама і келіх [узяў] пасьля вячэры, кажучы: "Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, якая за вас праліваецца. 21. Але вось, рука таго, хто выдае Мяне, са Мною за сталом. 22. І, сапраўды, Сын Чалавечы ідзе паводле таго, як вызначана, але гора таму чалавеку, які Яго выдае". 23. І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто гэта з іх меўся зрабіць гэта. 24. Узьнялася ж і спрэчка між імі, хто з іх лічыцца большым. 25. Ён жа сказаў ім: "Валадары народаў пануюць над імі, і тыя, што маюць над імі ўладу, дабрадзеямі называюцца. 26. Вы ж ня гэтак, але большы сярод вас станься як меншы, і правадыр - як служыцель. 27. Бо хто большы: той, які ўзьлягае за сталом, ці той, які паслугуе? Ці ня той, які ўзьлягае? А Я сярод вас, як той, які паслугуе. 28. Вы ж тыя, хто застаецца са Мною ў спакусах Маіх, 29. і Я пераказваю вам Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой, 30. каб вы елі і пілі за сталом Маім у Валадарстве Маім; і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць каленаў Ізраіля". 31. І сказаў Госпад: "Сымоне, Сымоне! Вось, шата?н зажадаў прасейваць вас, як пшаніцу, 32. а Я маліўся за цябе, каб не паменшала вера твая; і ты, некалі павярнуўшыся, умацуй братоў тваіх". 33. Той жа адказаў Яму: "Госпадзе! З Табою я гатовы ісьці і ў вязьніцу, і на смерць!" 34. Ён жа сказаў: "Кажу табе, Пётар, не прапяе певень сёньня, як ты тройчы адрачэшся, што ведаеш Мяне". 35. І сказаў ім: "Калі Я пасылаў вас бяз ка?йстры, і бяз торбы, і без абутку, ці мелі вы нейкую нястачу?" Яны адказалі: "Аніякай". 36. Тады Ён сказаў ім: "Але цяпер, хто мае ка?йстру, няхай возьме таксама і торбу, і хто ня мае, няхай прадасьць адзеньне сваё і ку?піць меч. 37. Бо кажу вам, што мусіць зьдзейсьніцца на Мне ўсё гэта, што напісана: "І да беззаконьнікаў залічаны". Бо ўсяму, што адносна Мяне, надыходзіць канец". 38. Яны ж сказалі: "Госпадзе! Вось, тут два мячы!" А Ён сказаў ім: "Даволі!" 39. І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; а за Ім пайшлі і вучні Ягоныя. 40. Прыйшоўшы ж на месца, Ён сказаў ім: "Маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу". 41. І Ён адыйшоў ад іх як кінуць камень, і, укленчыўшы, маліўся, 42. кажучы: "Ойча, калі хочаш, пранясі келіх гэты міма Мяне. Аднак не Мая воля, але Твая няхай станецца". 43. Зьявіўся ж Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. 44. І, будучы ў барацьбе сьмяротнай, пільней маліўся, а быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю. 45. І, устаўшы ад малітвы, Ён прыйшоў да вучняў і знайшоў іх, што яны сьпяць ад смутку. 46. І сказаў ім: "Што вы сьпіцё? Устаньце, маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу". 47. Яшчэ Ён гаварыў, аж вось натоўп, а наперадзе іх ішоў адзін з Дванаццаці, называны Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго. 48. Ісус жа сказаў яму: "Юда! Пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?" 49. А тыя, якія былі з Ім, бачачы, што мае стацца, сказалі Яму: "Госпадзе! Ці ня ўдарыць мячом?" 50. І адзін з іх ударыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха. 51. Адказваючы ж, Ісус сказаў: "Пакіньце гэта". І, дакрануўшыся да вуха ягонага, аздаравіў яго. 52. А першасьвятарам, і начальнікам варты сьвятыні, і старшыням, якія прыйшлі супраць Яго, сказаў Ісус: "Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі. 53. Кожны дзень, калі быў Я з вамі ў сьвятыні, вы ня выцягнулі на Мяне руку, але гэта вашая гадзіна і ўлада цемры". 54. Схапіўшы ж Яго, яны павялі і прыйшлі ў дом першасьвятара. А Пётар ішоў за Ім здалёк. 55. Калі ж распалілі агонь сярод панадворку і паселі разам, сядзеў і Пётар сярод іх. 56. Убачыўшы ж яго, нейкая служка, якая сядзела ля сьвятла і прыглядалася да яго, сказала: "І гэты быў з Ім". 57. Ён жа адрокся ад Яго, кажучы: "Жанчына! Я ня ведаю Яго". 58. І неўзабаве іншы, убачыўшы яго, сказаў: "І ты з іх". А Пётар сказаў: "Чалавеча! Ня я гэта". 59. І, як прайшло каля адной гадзіны, нехта другі настойваў, кажучы: "Праўда, і гэты быў з Ім, бо ён - Галілеец". 60. А Пётар сказаў: "Чалавеча, ня ведаю, што ты гаворыш". І тады, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень. 61. І павярнуўшыся, Госпад паглядзеў на Пятра, і ўзгадаў Пётар слова Госпада, як Ён сказаў яму: "Перш, чым прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне". 62. І, выйшаўшы вон, Пётар горка заплакаў. 63. І мужчыны, якія трымалі Ісуса, зьдзекваліся з Яго, зьбіваючы. 64. І, засланіўшы Яго, білі Яго па абліччы, і пыталіся ў Яго: "Праракуй, хто ўдарыў Цябе?" 65. І шмат іншага, блю?зьнячы, гаварылі на Яго. 66. І калі настаў дзень, сабраліся старшыні народу, першасьвятары і кніжнікі, і прывялі Яго ў свой сынэдрыён, 67. кажучы: "Ці Ты - Хрыстос? Скажы нам". Ён жа сказаў ім: "Калі скажу вам, вы не паверыце. 68. Калі ж Я спытаюся, не адкажаце Мне і ня вызваліце. 69. Ад цяпер Сын Чалавечы сядзе праваруч моцы Божай". 70. А ўсе сказалі: "Дык Ты - Сын Божы?" Ён жа прамовіў ім: "Вы кажаце, што Я". 71. Яны ж сказалі: "Якое яшчэ патрэбна нам сьведчаньне? Бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных".

Разьдзел 23

1. І, падняўшыся, усё мноства іх павяло Яго да Пілата. 2. І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: "Гэтага знайшлі мы, што Ён псуе народ і забараняе плаціць падаткі цэзару, называючы Сябе Хрыстом Валадаром". 3. А Пілат спытаўся ў Яго, кажучы: "Ты - Валадар Юдэйскі?" Ён жа, адказваючы яму, прамовіў: "Ты кажаш". 4. А Пілат сказаў першасьвятарам і натоўпам: "Я не знаходжу аніякае віны ў гэтым Чалавеку". 5. А яны настойвалі, кажучы, што Ён падбухторвае народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль. 6. Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: "Ці ж гэты Чалавек - Галілеец?" 7. І, даведаўшыся, што Ён з-пад улады Ірада, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў у Ерусаліме. 8. А Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно хацеў убачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць нейкі знак, які Ён учыніць. 9. І пытаўся ў Яго многімі словамі, а Ён нічога не адказваў яму. 10. А першасьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы Яго. 11. Ірад жа з жаўнерамі сваімі, пагардзіўшы Ім і пазьдзекваўшыся з Яго, апрануў Яго ў сьветлае адзеньне і паслаў Яго да Пілата. 12. І сталіся ў той дзень Пілат і Ірад сябрамі, бо раней мелі варожасьць між сабою. 13. Пілат жа, склікаўшы першасьвятароў, і начальнікаў, і народ, 14. сказаў ім: "Вы прывялі да мяне Чалавека гэтага, як таго, хто адварочвае народ; і вось я, пры вас дапытваючы, не знайшоў у Чалавеку гэтым ніякай віны, у якой вы Яго абвінавачваеце. 15. І таксама Ірад, бо я пасылаў вас да яго, і вось, нічога ня знойдзена ў Ім, вартага сьмерці. 16. Таму, пакараўшы Яго, вызвалю". 17. А яму трэба было на сьвята вызваліць ім аднаго [вязьня]. 18. А ўсё мноства закрычала, кажучы: "Вазьмі Яго! А нам вызвалі Бараббу!" 19. А той быў кінуты ў вязьніцу за паўстаньне, якое ён учыніў у горадзе, і забойства. 20. Тады Пілат ізноў прамовіў, хочучы вызваліць Ісуса. 21. А яны крычалі, кажучы: "Укрыжуй, укрыжуй Яго!" 22. Ён жа трэці раз сказаў ім: "Якое зло Ён учыніў? Аніякай сьмяротнай віны я не знайшоў у Ім; дык пакараўшы Яго, вызвалю". 23. Яны ж дамагаліся моцным голасам, просячы, каб Яго ўкрыжавалі. І перамаглі галасы іхнія і першасьвятароў. 24. І Пілат прысудзіў, каб сталася паводле просьбы іхняй: 25. вызваліў ім таго, хто за паўстаньне і забойства быў кінуты ў вязьніцу, якога яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю. 26. І як вялі Яго, узяўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам. 27. А за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчынаў, якія плакалі і галасілі па Ім. 28. Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: "Дочкі Ерусалімскія! Ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых, 29. бо вось прыходзяць дні, калі скажуць: "Шчасьлівыя няплодныя, і чэравы, якія не нараджалі, і грудзі, якія не кармілі". 30. Тады пачнуць гаварыць горам: "Упадзіце на нас", і ўзгоркам: "Прыкрыйце нас!" 31. Бо калі з зялёным дрэвам гэтае робяць, дык з сухім што станецца?" 32. Вялі ж з Ім на сьмерць і двух іншых злачынцаў. 33. І калі прыйшлі на месца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, а другога - з левага боку. 34. Ісус жа сказаў: "Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць". А тыя, што дзялілі шаты Ягоныя, кінулі жэрабя. 35. І стаяў народ, гледзячы. Насьмяхаліся ж разам з імі і начальнікі, кажучы: "Другіх збаўляў, няхай жа Сябе Самога збавіць, калі Ён - Хрыстос, Выбранец Божы". 36. Зьдзекваліся з Яго і жаўнеры, падыходзячы, і прыносячы Яму воцат, 37. і кажучы: "Калі Ты - Валадар Юдэйскі, збаў Сябе Самога". 38. І быў над Ім надпіс, напісаны пісаньнямі грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі: "Гэта - Валадар Юдэйскі". 39. Адзін з павешаных злачынцаў блю?зьніў на Яго, кажучы: "Калі Ты - Хрыстос, збаў Сябе і нас". 40. Адказваючы, другі забараняў яму, кажучы: "Ці ж ты не баішся Бога, бо і сам маеш такі самы прысуд? 41. І мы сапраўды справядліва, бо атрымалі вартае таго, што мы зрабілі, а Ён нічога благога не зрабіў". 42. І сказаў Ісусу: "Узгадай пра мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!" 43. І сказаў яму Ісус: "Сапраўды кажу табе: сёньня будзеш са Мною ў раі". 44. А было каля шостае гадзіны, і сталася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае, 45. і зацьмілася сонца, і заслона ў бажніцы была разьдзертая пасярэдзіне. 46. І ўсклікнуўшы моцным голасам, Ісус сказаў: "Ойча, у рукі Твае аддаю Дух Мой". І, сказаўшы гэтае, аддаў духа. 47. Сотнік жа, убачыўшы ўсё, што сталася, праславіў Бога, кажучы: "Праўдзіва, Чалавек гэты быў праведнік". 48. І ўвесь натоўп, які зграмадзіўся на гэта відовішча, бачачы, што здарылася, варочаўся, б'ючы сябе ў грудзі. 49. А ўсе знаёмыя з Ім і жанчыны, якія ішлі за Ім з Галілеі, стаялі здалёк, гледзячы на гэта. 50. І вось чалавек на імя Язэп, які быў ратманам, чалавек добры і праведны, 51. які не згаджаўся з радай і ўчынкам іхнім, з Арыматэі, гораду Юдэйскага, які таксама чакаў Валадарства Божага, 52. прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса, 53. і, зьняўшы Яго, абкруціў палатнінаю і палажыў Яго ў магіле, якая была высечаная ў скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пахованы. 54. Дзень быў днём прыгатаваньня, і надыходзіла субота. 55. І жанчыны, што былі прыйшоўшы з Ім з Галілеі, пайшлі глядзець магілу і як было пакладзена цела Ягонае. 56. А вярнуўшыся, падрыхтавалі духмянасьці і міра. І ў суботу супачывалі паводле прыказаньня.

Разьдзел 24

1. А ў першы дзень пасьля суботы вельмі рана прыйшлі яны да магілы, несучы? падрыхтаваныя духмянасьці, і разам з імі некаторыя другія. 2. І знайшлі камень, адвалены ад магілы. 3. І ўвайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса. 4. І сталіся яны зьбянтэжаныя ад гэтага, і вось, сталі перад імі два мужы ў бліскучым адзеньні. 5. Калі ў страху схілілі яны абліччы да зямлі, тыя сказалі ім: "Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? 6. Яго няма тут, але Ён уваскрос. Узгадайце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, 7. кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць выдадзены ў рукі людзей грэшных, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць". 8. І ўзгадалі яны словы Ягоныя. 9. І, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі пра гэта ўсім Адзінаццаці і ўсім іншым. 10. А былі гэта Марыя Магдалена, і Яанна, і Марыя Якубава, і іншыя з імі, што сказалі пра гэта апосталам. 11. І падаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім. 12. А Пётар, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць прасьціну, што ляжала асобна, і адыйшоў, зьдзіўляючыся ў сабе з таго, што сталася. 13. І вось, у той жа дзень двое з іх ішлі ў мястэчка, што на адлегласьці ў шэсьцьдзесят стадыяў ад Ерусаліму, называнае Эмаус. 14. І яны гутарылі між сабою пра ўсе гэтыя здарэньні. 15. І сталася, калі яны гутарылі і разважалі між сабою, вось, Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі. 16. Вочы ж іхнія былі стрыманыя, дык не пазналі Яго. 17. Ён жа сказаў ім: "Што гэта за словы вы гаворыце між сабою, ідучы, і чаму вы панурыя?" 18. Адказваючы, адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму: "Ці ты адзін з вандроўнікаў у Ерусаліме і ня ведаеш, што сталася ў ім у гэтыя дні?" 19. І Ён сказаў ім: "Што?" Яны ж сказалі Яму: "Пра Ісуса з Назарэту, Які быў прарок, магутны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам; 20. як выдалі Яго першасьвятары і начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і ўкрыжавалі Яго? 21. А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, Які мае адкупі?ць Ізраіль. Але да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзень сёньня, як тое сталася. 22. Але некаторыя жанчыны з нашых зьдзівілі нас: быўшы раніцай ля магілы 23. і не знайшоўшы цела Ягонага, яны прыйшлі, кажучы, што ўгледзелі відзеж анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы. 24. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і знайшлі так, як і казалі жанчыны, а Яго ня бачылі". 25. І Ён сказаў ім: "О, бяздумныя і павольныя сэрцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі! 26. Ці ж ня гэтак трэба было цярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?" 27. І, пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім усё, што напісана пра Яго. 28. І наблізіліся яны да таго мястэчка, куды ішлі; і Ён паказаў, што ідзе далей. 29. І яны затрымлівалі Яго, кажучы: "Застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся да вечара". І Ён увайшоў, каб застацца з імі. 30. І сталася, калі Ён узьлягаў разам з імі, Ён, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў і даў ім. 31. І адчыніліся вочы іхнія, і яны пазналі Яго, а Ён стаўся нябачным для іх. 32. І казалі яны адзін аднаму: "Ці ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі адчыняў нам Пісаньне?" 33. І, устаўшы ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам Адзінаццаць і тых, што з імі, 34. якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону. 35. І яны распавялі, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хлеба. 36. Калі ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стаў сярод іх і кажа ім: "Супакой вам!" 37. Яны, жахнуўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа. 38. І Ён сказаў ім: "Што вы стрывожыліся? І чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя? 39. Паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае, бо гэта Я Сам. Дакраніцеся да Мяне і пабачце, бо дух цела і костак ня мае, што, як бачыце, Я маю". 40. І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі. 41. Калі ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і зьдзіўляліся, Ён сказаў ім: "Ці маеце тут якую ежу?" 42. Яны ж далі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду. 43. І, узяўшы, Ён еў перад імі. 44. І сказаў ім: "Вось тыя словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што мусіць споўніцца ўсё, што напісана пра Мяне ў Законе Майсея, і ў Прарокаў, і ў Псальмах". 45. Тады адчыніў ім розум дзеля зразуменьня Пісаньня. 46. І сказаў ім: "Так напісана і так належала цярпець Хрысту, і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень. 47. І будзе абвешчана ў імя Ягонае навяртаньне і адпушчэньне грахоў у-ва ўсіх народах, пачынаючы ад Ерусаліму. 48. А вы - сьведкі гэтага. 49. І вось, Я пасылаю абяцаньне Айца Майго на вас. Вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не апранецеся моцаю звыш". 50. І вывеў іх вонкі да Бэтаніі, і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх. 51. І сталася, калі дабраслаўляў іх, стаў аддаляцца ад іх і быў узьнесены ў неба. 52. І яны, пакланіўшыся Яму, вярнуліся ў Ерусалім з вялікай радасьцю, 53. і былі ўсьцяж у сьвятыні, хвалячы і дабраслаўляючы Бога. Амэн.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: