Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПСАЛЬМЫ ў перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча (1931)

ПЕРШАЕ САБОРНАЕ ПАСЛАНЬНЕ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПЁТРЫ

Разьдзел 1

1. Пётра, Апостал Ісуса Хрыста, выбраным захаджэнцам, расьцярушаным у Поньце, Галятыі, Каппадокіі, Азіі й Вітыніі,

2. згодна з прадведаньнем Бога Айца, праз асьвячэньне ад Духа, дзеля паслухмянасьці й акрапленьня крывёю Ісуса Хрыста: няхай памножыцца вам ласка і мір!

3. Багаслаўлены Бог і Ацец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які праз вялікую ласку Сваю адрадзіў нас ускрасеньнем Ісуса Хрыста з мёртвых дзеля жывое надзеі,

4. дзеля спадчыны нятленнае, бяз сказы, што не завяне й захавана на нябёсах для вас,

5. сілаю Божаю праз веру аховываных дзеля выбаўленьня, што гатова адкрыцца ў астатні час!

6. З гэтага цешцеся, крыху цяпер (калі трэба) ад розных спакусаў патужыўшы,

7. каб выпрабаваная вера вашая, шмат каштаўнейшая за гібнучае, хоць і агнём прабаванае золата, аказалася на хвалу і чэсьць і славу ў адкрыцьці Ісуса Хрыста,

8. Якога, ня бачыўшы, любіце і, хоць ня гледзячы на яго, але веручы ў Яго, радуецеся радасьцю нявымоўнаю і найслаўнейшаю,

9. дасягаючы нарэшце вераю вашаю збаўленьня душ.

10. Гэтага то збаўленьня шукалі й дапытываліся прарокі, якія прадвяшчалі вызначаную вам ласку,

11. даходзячы, на калі і ў які час паказваў у іх Дух Хрыстовы, прадвяшчаючы мукі Хрыстовыя і славу за Імі.

12. Ім было адкрыта, што ня ім, а нам служыла абвешчанае вам сягоньня тымі, якія нясьлі вам добрую весьць праз Духа Сьвятога, пасланага з нябёсаў, у што навет Ангелы жадаюць пранікнуць.

13. Дзеля гэтага, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага, чувайце й да канца спадзявайцеся на ласку, што прыносіцца вам у адкрыцьці Ісуса Хрыста.

14. Як послухмяныя дзеці, ня кіруйцеся ранейшымі вашымі пажаданьнямі ў няведаньні вашым;

15. але, па прыкладу паклікаўшага вас сьвятога, і самі будзьце сьвятымі ў-ва ўсіх учынках.

16. Бо напісана: будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты (Ляв. 19, 2).

17. І калі называеце Айцом Таго, Хто судзіць кожнага паводле дзела яго, ня узіраючыся на аблічча ягонае, дык са страхам праводзьце час бытаваньня вашага,

18. ведаючы, што не трухлеючым серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцьця, данага вам ад айцоў,

19. але многацэннаю крывёю Хрыста, як чыстага агняці бяз сказы,

20. празначанага яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўшагася ў апошнія часы дзеля вас,

21. паверыўшых праз Яго ў Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб была вера ваша й надзея на Бога.

22. Паслухмянасьцяй праўдзе праз Духа ачысьціўшы душы вашыя дзеля некрывадушнае любві братняе, заўсёды любеце адзін аднаго ад чыстага сэрца,

23. як адроджаныя ня з тлеючага насеньня, але з нятленнага, праз слова Бога Жывога і прабываючага давеку.

24. Бо ўсякае цела, як трава, і ўсякая слава чалавечая, як цьвет на траве: засохла трава, і цьвет яе апаў;

25. але слова Госпадавае трывае давеку (Ісая 40, 6-8). А гэтай ёсьць тое слова, якое вам абвешчана.

Разьдзел 2

1. Дык, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякі подступ ды крывадушнасьць і завісьць і ўсякую абмову,

2. як нованароджаныя дзеткі, палюбеце чыстае слоўнае малако, каб ад яго ўзрасьці вам на збаўленьне;

3. бо вы паспробавалі, што Госпад добры.

4. Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкіненага людзьмі, але выбранага Богам, дарагога,

5. і самі як жывыя каменьні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвяшчэнства сьвятое, каб прынасіць духоўныя ахвяры, любыя Богу праз Ісуса Хрыста.

6. Бо сказана ў пісаньні: вось Я кладу ў Сыоне камень вуглавы выбраны, дарагі, і хто верыць у Яго, не асароміцца (Ісая 28, 16).

7. Дык вось, Ён для вас, веруючых, цэннасьць, а для няверуючых - камень, які адкінулі будаўнічыя, ды які стаўся галавой вугла (Пс. 117,22), камень спаткненьня і камень спакусы,

8. аб які яны спатыкаюцца, не пакараючыся слову, на што й пакінены.

9. Але вы – выбраны род, царскае сьвяшчэнства, народ сьвяты, людзі адабраныя, каб абвяшчаць цноты Паклікаўшага вас з цемры ў цудоўнае сьвятло Яго;

10. некалі не-народ, а цяпер народ Божы; некалі немілаваныя, а цяпер памілаваныя.

11. Умілаваныя! прашу вас, як прышлых і падарожнікаў, ухіляйцеся ад цялесных пажаданьняў, што супраць душы ваююць,

12. і вядзеце добрае жыцьцё між паганамі, каб яны за тое, за што словамі зьняважаюць вас, як злачынцаў, угледзіўшы добрыя ўчынкі вашыя, славілі Бога ў дзень адведзінаў.

13. Дык будзьце пакорныя ўсякай уладзе людзкой дзеля Госпада: ці то цару, як зьверхняй уладзе,

14. ці то начальнікам, як ад яго пасыланым дзеля караньня злачынцаў і дзеля заахвочаньня робячых дабро, -

15. бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, затыкалі вусны нявуцтву неразумных людзей, -

16. як вольныя, ды не як маючыя волю дзеля прыкрыцьця зла, але як Божыя слугі.

17. Усіх паважанце, брацтва любеце, Бога бойцеся, цара шануйце.

18. Слугі, з усенькім страхам пакарайцеся валадаром, ня толькі добрым і лагодным, але і срогім.

19. Бо люба Богу тое, калі хто, думаючы аб Богу, пераносе гора, церпячы несправядліва.

20. Бо што за пахвала, калі вы церпіце ды б'юць вас за грахі? Але, калі робячы дабро і ў Муках церпіце, дык гэта Богу люба,

21. бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпеў за вас, пакінуўшы вам прыклад, каб вы йшлі па сьлядох ягоных:

22. Ён не зрабіў ніякага грэху, і ня было подступу ў вуснах Яго (Ісая 53, 9);

23. Ён, зьневажаны, не зьневажаў узаемна; церпячы мукі, не пагражаў, а перадаў Таму, Хто судзіць справядліва.

24. Ён грахі нашыя сам узьнёс у целе Сваім на дрэва, каб мы, вызваліўшыся ад грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Яго аздароўлены.

25. Бо вы былі, як авечкі блукаючыяся, але вярнуліся сягоньня да пастыра й валадара душ вашых (Ісая 53, 4-6).

Разьдзел 3

1. Таксама й вы, жоны, пакарайцеся сваім мужом, каб тыя з іх, што не пакараюцца слову, жыцьцём жон сваіх бяз слова былі здабываны,

2. бачучы вашае чыстае, багабойнае жыцьцё.

3. Няхай будзе аздобаю вашаю ня вонкавае заплятаньне валасоў, не залатыя ўборы, ці вопраткі стройнасьць,

4. але ўкрыты чалавек сэрца ў нятленнасьці лагоднага й ціхога духа, што дужа цэнна прад Богам.

5. Гэтак жа аздаблялі сябе і сьвятыя жанчыны, што спадзяваліся на Бога, пакараючыся сваім мужом.

6. Гэтак і Сара пакаралася Аўрааму, называючы яго гаспадаром. Вы - дзеці яе, калі робіце дабро і не баіцёся ніякага страху.

7. Таксама й вы, мужы, разумна жывеце з імі, аддаючы ім, як найслабейшай судзіне жаночай, чэсьць, бо і вы сунасьледнікі ласкі жыцьця, каб ня было вам перашкоды ў малітвах вашых.

8. Нарэшце, будзьце ўсе аднадумнымі, спачуваючымі, браталюбнымі, міласэрнымі, ветлівымі.

9. Не аддавайце злом за зло, ці зьнявагай за зьнявагу, а наадварот: багаслаўляйце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб унасьледаваць багаслаўленьне.

10. Бо хто хоча жыцьцё любіць і бачыць добрыя дні, няхай устрымлівае язык свой ад зла і вусны свае, каб крывадушна не гаварылі.

11. Ухіляйся ад зла і рабі дабро; шукай міру й імкніся да яго.

12. Бо вочы Госпада на праведных, і вушы Яго на малітвы іх, але аблічча Госпада супраць робячых зло.

13. І хто зробіць вам зло, калі вы будзеце пераймальнікамі добрага?

14. Але, калі-б вы й пацярпелі за праўду, дык вы шчасьлівыя. А страху іх ня бойцеся і ня трывожцеся.

15. Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто трэбуе ў вас слова аб вашай надзеі, лагодна й са страхам.

16. Мейце добрае сумленьне, каб у тым, за што абмаўляюць вас, як злачынцаў, былі асаромлены тыя, хто ганіць вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.

17. Бо калі хоча воля Божая, лепей пацярпець за добрыя ўчынкі, чымся за благія.

18. Бо і Хрыстос, каб прывясьці нас да Бога, раз пацярпеў за грахі нашыя, Праведнік за няправедных, забіты целам, але ажыўшы духам,

19. у Якім Ён і тым духам, што ў вязьніцы, зышоўшы, абвяшчаў,

20. ім, якія некалі не пакарыліся чакаўшаму іх Божаму доўгацярпеньню за дзён Ноя, у час будаваньня карабля, у якім нямногія, гэта знача восем душ, выратаваліся ад вады.

21. Гэтак і нас сягоньня спасае на ўзор гэтага Хрышчэньне (не абмыцьцё цела ад бруду, але абяцаньне Богу добрага сумленьня) праз ускрасеньне Ісуса Хрыста,

22. Які, узыйшоўшы на неба, знаходзіцца праваруч Бога, і Якому пакарыліся Ангелы і ўлады і сілы.

Разьдзел 4

1. Дык вось, калі Хрыстос мучыўся за нас целам, то і вы ўзбройцеся тэй-жа думкай, бо той, хто мучыцца целам, перастае грашыць,

2. каб рэшту часу ў целе жыць ужо не паводле чалавечага пажаданьня, але паводле Божае волі.

3. Бо даволі ўжо, што вы ў мінулы час жыцьця паступалі паводле волі паганаў, ходзячы ў нячыстасьці, пажаданьнях, п'янстве, банкетаваньні, піцьці й лёгкамысным служэньні ідалам;

4. затым то яны й дзівяцца, што не бяжыцё разам з імі на той жа разьліў распусты, і абмаўляюць вас.

5. Яны здадуць справу Таму, Хто мае хутка судзіць жывых і памёршых.

6. Бо на тое-ж і для мёртвых была абвешчана добрая весьць, каб яны, засуджаныя па-чалавечаму целам, жылі па-Божаму духам.

7. Дый усяму блізкі канец. Дык будзьце мудрымі і чувайце ў малітвах.

8. Найбольш за ўсё мейце шчырую любоў адзін да аднаго; бо любоў пакрывае множства грахоў.

9. Будзьце гасьціннымі адны да адных без нараканьняў.

10. Служыце адзін аднаму кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя будаўнічыя рознароднае ласкі Божае.

11. Ці гаворыць хто з вас, - гавары, як словы Божыя; ці служыць хто, - служы па сіле, якую дае Бог, каб у-ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і сіла на векі вякоў. Амін.

12. Умілаваныя! Ня цурайцеся агнявое спакусы, дзеля выпрабаваньня вам пасыланае, хоць-бы дзіўнае здарылася вам.

13. Але, калі прымаеце ўчасьце ў муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў зьяўленьні славы Яго ўзрадавацца і павесяліцца.

14. Калі абмаўляюць вас за імя Хрыстовае, то вы шчасьлівыя; бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас. Гэнымі Ён зьняважаецца, а вамі выслаўляецца.

15. Абы толькі не цярпеў хто з вас мукі, як забойца, або злодзей, або злачынец, ці пасягаючы на чужое;

16. а калі як Хрысьціянін, то не саромся, але слаў Бога за гэткі ўдзел.

17. Бо час пачацца суду ад дому Божага; калі-ж перш ад нас пачнецца, дык што за канец непакараючыхся Эвангельлю Божаму?

18. I калі праведнік ледзьве збавіцца, то бязбожнік і грэшнік дзе пакажацца?

19. Дык і пакутуючыя па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Стварыцелю, душы свае, робячы дабро.

Разьдзел 5

1. Старшых сярод вас заклікаю я, сустаршыня і сьведка мукаў Хрыстовых ды ўдзельнік у славе, што мае выявіцца:

2. пасеце Божае стада, якое ў вас, наглядаючы за ім не пад прынукаю, але з добрае волі, ды не дзеля агіднай карысьці, але дзеля ахвоты,

3. і не пануючы над спадчынай, але даючы прыклад стаду;

4. і калі зьявіцца Найвышэйшы Пастыр, дастанеце вянок славы, што ня вяне.

5. Таксама й вы, малодшыя, будзьце паслухмянымі старшым; усе-ж, падчыняючыся адзін аднаму, апранецеся пакорнай мудрасьцяй, бо Бог супраць гордых, а пакорным ласку дае!

6. Дык скарыцеся пад моцную руку Божую; каб узвысіла вас у свой час.

7. Усе клапоты свае ўскладайце на Яго; бо Ён аб вас рупіцца.

8. Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо вораг ваш, д'ябал, як леў рыкаючы ходзіць, шукаючы, каго праглынуць.

9. Станьце насупраць яму цьвёрдыя вераю, ведаючы, што гэткія-ж мучэньні здараюцца і з братамі вашымі ў сьвеце.

10. Бог жа ўсякае ласкі, Каторы паклікаў вас да вечнае славы сваей у Хрысьце Ісусе, няхай сам, пасьля нядоўгае мукі вашае, удасканаліць вас, няхай угрунтуе, няхай умацуе, няхай зробіць непарушнымі.

11. Яму слава і сіла на векі вякоў. Амін.

12. Гэтае коратка напісаў я праз Сілуана, вернага, як думаю, брата вашага, каб запэўніць вас, заклікаючы і сьведчачы, што запраўдная ласка Божая тая, у якой вы стаіцё.

13. Вітае вас выбраная з вамі (царква) ў Вавілёне і Марк, мой сын.

14. Прывітайце адзін аднаго пацалункам любві. Мір вам усім, каторыя ў Хрысьце Ісусе. Амін.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: