Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ у перакладзе Ул.Чарняўскага (2003)

ДРУГІ ЛІСТ АПОСТАЛА ПАЎЛЫ ДА ТЭСАЛОНЦАЎ

Раздзел 1

1 Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу, Айцу нашым, і Госпадзе Ісусе Хрысце: 2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста. 3 Дзякаваць павінны мы заўсёды Богу за вас, браты, як і належыцца, бо вера вашая вельмі ўзрастае ды ўзаемная любоў між вамі ўзмацняецца, 4 так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля вашай цярплівасці і веры ва ўсіх пераследаваннях вашых і прыгнётах, якія пераносіце, 5 на доказ справядлівага суда Божага, каб былі вы вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і церпіце. 6 Бо справядліва ёсць у Бога адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць, 7 і вам, якія прыгнёт пераносіце, даць супачынак з намі ў час аб'яўлення з неба Госпада нашага Ісуса з анёламі магутнасці Яго, 8 у полымі агню, несучы адплату тым, што не ведаюць Бога і не слухаюць Евангелля Госпада нашага Ісуса [Хрыста]. 9 Яны атрымаюць пакаранне вечнай пагібеллю ад аблічча Госпада і славы магутнасці Яго, 10 калі Ён прыйдзе праславіцца ў Сваіх святых ды ў той дзень задзівіць усіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сведчанню ў гэты дзень. 11 Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас годнымі Свайго паклікання і напоўніў вас моцай ва ўсякім жаданні добрага і ўчынках веры, 12 каб праславілася ў вас імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, і вы - у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Раздзел 2

1 Просім вось вас, браты, праз прыйсце Госпада нашага Ісуса Хрыста і нашае спатканне з Ім, 2 каб вы не хісталіся паспешна розумам і не палохаліся ці то ад духа, ці то праз слова, ці то праз ліст, нібы ад нас, што быццам надыходзіць дзень Госпадаў. 3 Няхай ніхто вас не зводзіць ніякім чынам, бо дзень гэты не прыйдзе, пакуль не прыйдзе перш адступленне ды пакуль не з'явіцца чалавек бязбожны, сын загубы, 4 які працівіцца і ўзвышаецца па-над усім, што называецца Богам або што ўшаноўваецца, так, што ён засядзе ў святыні Божай, выдаючы сябе за Бога. 5 Ці ж не памятаеце, што, калі я яшчэ прабываў у вас, вам аб гэтым казаў? 6 І ведаеце цяпер, што яго трымае ад з'яўлення ў свой час. 7 Таямніца нягоднасці ўжо дзейнічае; але толькі [абмежавана] да таго часу, пакуль будзе пасярод той, хто трымае цяпер. 8 Тады і аб'явіцца той бязбожнік, якога Госпад Ісус заб'е духам вуснаў Сваіх і знішчыць яго з'яўленнем прыходу Свайго, 9 таго, прыход якога намаганнем шатана [будзе] з усёю сілаю, і знакамі, і ўяўнымі цудамі, 10 і з усякімі нягоднымі ашуканствамі для тых, якім ісці на згубу, бо яны не прынялі любові праўды, каб збавіцца. 11 І дзеля таго спасылае ім Бог дзеянні подступу, каб верылі падману. 12 Так будуць асуджаны ўсе, што не ўверылі праўдзе, а ўзлюбілі беззаконне. 13 Нам жа належыцца заўжды дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, бо ад пачатку, праз асвячэнне Духа і веру праўды Бог вас выбраў на збаўленне, 14 да якога паклікаў вас праз Евангелле нашае на атрыманне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста. 15 Дык вось, браты, стойце і трымайцеся традыцый, якім навучыліся ці то праз словы, ці то праз лісты нашыя. 16 Хай жа Сам Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог, Айцец наш, Які ўзлюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы, 17 суцешыць сэрцы вашыя і ўмацуе ва ўсякай добрай дзейнасці і слове.

Раздзел 3

1 Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас, 2 і каб мы ўсцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо вера ёсць не ва ўсіх. 3 Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і ўсцеражэ ад ліхога. 4 Мы маем упэўненасць наконт вас у Госпадзе, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы загадваем вам. 5 Хай жа Госпад пакіруе сэрцы вашыя да любові Божай і цярплівасці Хрыстовай. 6 Загадваем жа вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб высцерагаліся вы ўсякага брата, які жыве нягодна і не паводле традыцыі, якую вы атрымалі ад нас. 7 Бо самі ведаеце, як належыць пераймаць нас, бо мы не жылі паміж вас нягодна, 8 ды дарма чужога хлеба не елі, але ў працы ўночы і днём, нікому з вас не былі цяжарам. 9 Не дзеля таго, што не мелі мы ўлады, але каб з сябе даць вам прыклад для наследавання нам. 10 Дык, калі мы былі ў вас, гэта вам загадвалі: хто не хоча працаваць, хай і не есць. 11 Бо чуем мы, што ёсць некаторыя паміж вамі, што нягодна жывуць, нічога не робяць, а толькі мітусяцца. 12 Такім вось, што так жывуць, загадваем і запрысягаем у Госпадзе Ісусе Хрысце, каб, спакойна працуючы, елі свой уласны хлеб. 13 Вы ж, браты, не спыняйцеся рабіць дабро. 14 Калі хто часам не паслухае слоў ліста нашага, такога прыкмецце ды не сябруйце з такім, каб быў асаромлены. 15 Але не ўважайце яго за ворага, а ўшчувайце, як брата. 16 Хай жа Сам Госпад супакою дасць вам супакой заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі. 17 Прывітанне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсць знак у кожным лісце; так я пішу. 18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. [Амін.]

Змест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: