Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Каб край быў вольным...
Беларуская Рэфармацыя і ідэя сувэрэнітэту

Сямён Падокшын

18 красавіка 1563 году Сымон Будны накіраваў з Клецка ў Цюрых ліст да швайцарскага тэоляга-кальвініста Генрыха Булінгера, у якім прыведзены ўнікальныя зьвесткі аб пачатку рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім. Будны піша, што пасьля таго як "сьвятло слова Божага зазьзяла ў Нямеччыне, Швайцарыі, Ангельшчыне ды Францыі", у хуткім часе яно дасягнула і да "нашых краёў" і "азарыла канцлера нашага Мікалая Радзівіла, князя на Алыцы й Нясьвіжы". Ён ня толькі "разам са сваім дваром прыняў вучэньне Хрыста, але і вырашыў, што ўсе людзі, якія знаходзяцца пад яго ўладай, павінны быць асьвечаны гэтым вучэньнем". Рэалізаваць гэтую задачу, піша Будны, Радзівіл узяўся без прамаруджаньня. Ён прыцягнуў да справы "набожных міністраў эвангельля", якія складаліся галоўным чынам з маладых, энэргічных і адукаваных людзей, выхаванцаў Кракаўскага ўнівэрсітэта, і даручыў ім кіраваць рэфармацкімі суполкамі. Многія касьцёлы й цэрквы, якія знаходзіліся ва ўладаньнях князя, былі "перапрафіляваныя" ў зборы, або пратэстанцкія храмы. Рэформай, падкрэсьлівае Будны, было ахоплена як каталіцкае, так і значная частка праваслаўнага насельніцтва.

Як вядома, Рэфармацыю ў ВКЛ падтрымалі ня толькі Мікалай Радзівіл Чорны, яго браты і некаторыя нашчадкі, але даволі значная частка беларускай і літоўскай арыстакратыі, панства, шляхты. Пратэстантамі, альбо эвангелікамі-рэфарматарамі, гарачымі прыхільнікамі Рэфармацыі былі такія выдатныя грамадзкія дзеячы, як Астафей Валовіч, Леў Сапега, Мікалай Монвід-Дарагастайскі і некаторыя іншыя, якія адыгралі вырашальную ролю ў дзяржаўным, палітычным, рэлігійным, культурным жыцьці ВКЛ, у прыватнасьці Беларусі XVI - пачатку XVII стст. Спачуваў Рэфармацыі кіеўскі ваявода, лідар праваслаўнай партыі Канстанцін Астроскі.

У чым прычына такой прыхільнасьці, такіх рашучых крокаў, чаму прадстаўнікі старажытных буларускіх праваслаўных і каталіцкіх знакамітых родаў, па сутнасьці беларуская фэўдальная і палітычная эліта, парывала з традыцыйнай рэлігіяй, адмаўлялася ад веры бацькоў, уступала ў канфлікт і са сваімі сем'ямі, і са сваім станам, і з каралеўскай уладай, і з канстанцінопальскім патрыярхатам або з рымскай курыяй?! Канечне, прычына не ў асабістых амбіцыях, шляхецкіх свавольствах, даніне модзе і да т.п., а сьвядомай сьветапогляднай і грамадзянскай пазыцыі, у жаданьні рэфармаваць наяўнае рэлігійнае, сацыяльна-палітычнае, эканамічнае, духоўна-культурнае жыцьцё грамадзтва.

Справа ў тым, што з пачатку XVI ст. у духоўным жыцьці ВКЛ, беларускім менталітэце ўсё большую сілу набываюць ідэі Адраджэньня й Рэфармацыі, якія істотна ўплываюць на грамадзкую сьвядомасьць, дзейнасьць асобных людзей і сацыяльных групаў. Фундаментальнай ідэяй гэтых рухаў была ідэя свабоды, менавіта на хвалі Адраджэньня й Рэфармацыі фармуецца ідэя свабоды, сувэрэнітэту ва ўсіх яе аспэктах - рэлігійным, нацыянальна-культурным, дзяржаўным. Рэфармацыя, сьцьвердзіўшы прынцып асабістых стасункаў з Богам, праклала шлях ня толькі да рэлігійнай, але і да нацыянальна-культурнай свабоды. Францыск Скарына, папярэднік беларускай Рэфармацыі, сваім перакладам Бібліі, патрыятызмам, абгрунтаваньнем такіх каштоўнасьцяў, як родная мова, Радзіма, веды, мараль і наагул духоўнасьць, паклаў пачатак ідэі беларускага нацыянальна-культурнага сувэрэнітэту. Вялікая заслуга мысьляра ў абуджэньні нацыянальнай сьвядомасці беларускага народа, што зьяўляецца асновай ідэі сувэрэнітэту. Ідэя нацыянальна-культурнага сувэрэнітэту, як вядома, была падтрымана і распрацавана рэфарматарамі Сымонам Будным і асабліва Васілём Цяпінскім у знакамітых прадмовах да "Катэхізіса" і "Эвангельля". Самое выданьне "Катэхізіса" на роднай беларускай мове, да чаго мелі дачыненьне разам з Сымонам Будным Мацей Кавячынскі і Лаўрэн Крышкоўскі, зьявілася эпахальнай падзеяй у гісторыі станаўленьня ідэі беларускага нацыянальна-культурнага сувэрэнітэту.

Нацыянальна арыентаванымі былі беларускія магнаты-пратэстанты Астафей Валовіч, Леў Сапега і некаторыя іншыя. Канечне, галоўны ўнёсак гэтых, можна сказаць, стаўпоў нацыі, у сьцьвярджэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту, але ж яны многа зрабілі на ніве беларускай культуры: кнігавыданьня, школьнай адукацыі, роднай мовы. Прывяду адзін малавядомы, але характэрны прыклад. Калі рыхтавалася другое выданьне Статуту Вялікага Княства Літоўскага (1566), некаторыя члены рэдакцыйнай камісіі (Аўгустын Ратундус, Пётр Раізі) настойвалі на замене беларускай мовы на лацінскую. Але гэтаму запярэчылі патрыятычна настроеныя беларускія юрысты, у прыватнасьці, пісар вялікакняжацкай канцылярыі, кальвініст Марцін Валадковіч і некаторыя іншыя. Іх падтрымаў кіраўнік статутавай камісіі канцлер Астафей Валовіч, у выніку чаго Статут быў апублікаваны на беларускай мове. Магчыма, дыскусія паміж "лацінікамі" і "беларусістамі" працягвалася далей, у перыяд падрыхтоўкі Статута 1588 г. Прычым, на карысьць "беларусістаў". Ва ўсякім разе, у адной са сваіх прадмоваў да Статута, Сапега з гордасьцю сьцьвярджаў, што мы "не обчым якім языком, але сваим власным права списаныя маем". Менавіта ў Статуце 1588 г. было зафіксавана, што "писар земский мает по руску, литерами и словы рускими, все листы, выписы и позвы писати, а не иншым езыком и словы".

Вельмі прывабнай для пэўных колаў грамадзтва ВКЛ, галоўным чынам буйных фэўдалаў, а таксама гараджанаў, была ідэя царкоўнай незалежнасьці, якую, як вядома, зьмяшчала ў сабе Рэфармацыя. Эвангеліцка-рэфармацкая царква ўяўлялася Мікалаем Радзівілам Чорным, Мікалаем Радзівілам Рудым і іншымі ў якасьці самастойнай нацыянальна-дзяржаўнай царквы, незалежнай з аднаго боку ад Рыма, з другога - ад Канстанцінопаля і Масквы. Была створана аўтаномная адміністрацыйна-тэрытарыяльная царкоўная сыстэма (шэсьць дыстрыктаў - Віленскі, Завілейскі, Наваградзкі, Рускі, Берасьцейскі, Жмудзкі - на чале з супэрінтэндантам, з сынодамі агульнацаркоўнымі і ў дыстрыктах), з даволі выразнымі элемэнтамі дэмакратыі і парлямэнтарызму, прычым ня толькі ў арганізацыйным жыцьці, але і ў дачыненьнях паміж братамі розных станаў. На жаль, спроба зрабіць пратэстанцкую царкву царквой нацыянальна-дзяржаўнай не была пасьпяховай. На гэта меліся свае прычыны, але ж гэта спроба пакінула пасьля сябе ідэю рэлігійна-царкоўнай незалежнасьці, якую беларускія дзяржаўныя і царкоўныя дзеячы намагаліся рэалізаваць на працягу гісторыі і якая не страціла сваёй актуальнасці і ў нашых днях.

Рэфармацыя ўкараніла ў грамадзкае жыцьцё ідэю верацярпімасьці, талерантнасьці, якая была зафіксавана ў шэрагу дзяржаўных дакумантаў (Прывілеі 1563, 1568, Варшаўская канфэдэрацыя 1573 г., Статут ВКЛ 1588 - Разд. 3, арт. 3). Гэта ідэя даказала сваю палітычную эфэктыўнасьць на працягу 60-80 гг. XVI ст., дапамагаючы будаваць дзяржаўны сувэрэнітэт краіны, падтрымліваць грамадзкую згоду, праводзіць рэформы, разьвіваць культуру. Вялікай памылкай дзяржавы, ураду, беларускай фэўдальнай эліты была пераарыентацыя зь ідэі рэлігійна-канфэсійнай талеранцыі на ідэю вуніі. Знаходзячыся ў дуаканфэсійным культурна-рэлігійным асяродзьдзі, паміж Усходам і Захадам, Сцылай Польшчы і Харыбдай Маскоўскай дзяржавы нельга было прымаць аднабаковы заходні ўхіл. Калі Леў Сапега гэта зразумеў - было ўжо позна. Вялікае Княства Літоўскае, Беларусь, Украіна калаціліся ад рэлігійных і сацыяльных канфліктаў, якія разбуралі грамадэтва й дзяржаву, набліжалі краіну да страты сувэрэнітэту. Аднак самай моцнай ідэяй, якая вынікала з менталітэту Рэфармацыі, была ідэя дзяржаўнага сувэрэнітэту. Менавіта жаданьне бачыць Вялікае Княства незалежнай краінай стымулявала беларускую магнатэрыю ахвяраваць сямейнымі традыцыямі, "верай бацькоў", міласьцю караля. Радзівілы, Валовічы, Сапегі, Кішкі, Хадкевічы, Гарнастаі, Пацы, Глябовічы, Дарагастайскія - далёка ня поўны пералік тых з беларускага і літоўскага панства, хто прыняў Рэфармацыю і хто займаў у ВКЛ ключавыя дзяржаўныя пасады. Вядома, што XVI стагодзьдзе для ВКЛ - гэта эпоха вялікіх рэформаў, якія стымуляваліся рэфармацыйным рухам і ўмацоўвалі дзяржаўны сувэрэнітэт краіны: аграрная рэформа (1557-1569), т.зв. "валочная памера", судова-адміністратыўная рэформа (1564-1566), якая цэнтралізавала і палітычна стабілізавала дзяржаву, стварыла (як падкрэслівае Я. Юхо) самую сучасную ў Эўропе судовую сыстэму і прававую тэорыю, заканадаўства. Прыкладамі зьяўляюцца тры Статуты - 1529, 1566, 1588 гадоў. Абараняючы незалежнасьць, беларускія і літоўскія магнаты-кальвіністы "далі бой" польскім фэўдалам, якія імкнуліся гранічна абмежаваць дзяржаўны сувэрэнітэт ВКЛ на Люблінскім сойме (1569). На жаль, Мікалая Радзівіла Чорнага ўжо не было зь імі. Аднак дзякуючы Валовічу, Радзівілу Рудаму ды іншым, ВКЛ захавала некаторыя істотныя атрыбуты сваёй незалежнасьці: урад, войска, скарб, заканадаўства, адміністрацыю, дзяржаўную - беларускую - мову. Праз некаторы час, дзякуючы тым жа магнатам, узнавіў сваю працу і сойм ВКЛ. Статутам 1588 былі нэўтралізаваныя некаторыя іншыя абмежаваньні дзяржаўнага сувэрэнітэту ВКЛ.

Выпрацаваная пад уплывам Адраджэньня й Рэфармацыі ідэя беларускага сувэрэнітэту прайшла доўгі й пакутлівы шлях, стала самай актуальнай ідэяй нашага часу.

Друкуецца паводле газэты "Літаратура і Мастацтва", 19 траўня 1995 г.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: